Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску хворых з каранавірусам пачалі лячыць студэнты мэдунівэрсытэту


Віцебская аьласная клінічная бальніца, ілюстрацыйнае фота
Віцебская аьласная клінічная бальніца, ілюстрацыйнае фота

Каля 100 студэнтаў старэйшых курсаў Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту пачалі працаваць у паліклініках і бальніцах Віцебску, у тым ліку — у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі з хворымі на каранавірус, паведамляе БелТА.

«У абласную клінічную бальніцу пайшлі 36 чалавек, яны працуюць мэдбратамі і мэдсёстрамі. Некаторыя зь іх працуюць у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі непасрэдна з хворымі на каранавірус. Больш за 50 чалавек аформілі на працу ў паліклінікі, у іх зьмена — 12 гадзін. Хлопцаў і дзяўчат забясьпечылі сродкамі індывідуальнай засьцярогі», — сказала БелТА прарэктарка ўнівэрсытэту па выхаваўчай і ідэалягічнай працы Вольга Сырадоева.

Усім студэнтам будуць плаціць. Для тых, хто працуе з каранавіруснымі хворымі, як і для іншых мэдыкаў, прадугледжаныя даплаты.

Паводле Вольгі Сырадоевай, шмат студэнтаў-мэдыкаў працавалі ва ўстановах аховы здароўя Віцебску і да пандэміі, цяпер яны працягваюць працаваць у гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі і на станцыі хуткай дапамогі.

Студэнты ўнівэрсытэту цяпер займаюцца самастойна, з дыстанцыйнымі кансультацыямі. Выкладчыкі ўнівэрсытэту празь відэасувязь кансультуюць мэдыкаў у раёнах Віцебскай вобласьці, некаторыя выяжджаюць на месцы.

Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік на брыфінгу 22 красавіка заявіў, што сытуацыя ў Віцебску стабілізавалася і, паводле яго, бліжэйшым часам варта чакаць зьніжэньня захворваньняў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG