Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьціплы чар правінцыі. 13 беларускіх кніг з Польшчы, пра якія варта ведаць


Пісьменьнікі Беларускага літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”, Беласток, 16 кастрычніка 1960
Пісьменьнікі Беларускага літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”, Беласток, 16 кастрычніка 1960

Калісьці Сакрат Яновіч, найбольш вядомы беларускі пісьменьнік у пасьляваеннай Польшчы, агучыў тэзіс, што ёсьць насамрэч дзьве «беларускія літаратуры» — тая, што ў Беларусі, і тая, што на Беласточчыне (Падляшшы).

Гэтае сьцьвярджэньне, хутчэй за ўсё, засталося ўсяго прыватнай думкай пісьменьніка і ня стала надзённым пытаньнем для беларускага літаратуразнаўства. Але сам я, як верны чытач літаратуры «ад нас» і «ад вас», знаходжу для гэтага тэзісу некалькі апраўданьняў.

Па-першае, беларуская літаратура ў Польшчы разьвівалася і разьвіваецца ў іншых палітычных і грамадзкіх абставінах, чым тая ў БССР і цяперашняй Беларусі. Тое, што на Беласточчыне не было калгасаў, напрыклад, паклала зусім іншы адбітак на сьветабачаньне беларускіх пісьменьнікаў, усіх да аднаго — выхадцаў зь вёскі. (Родным Крынкам Сакрата Яновіча вярнулі статус гораду ў 2009 годзе, але на выгляд яны — далей як вёска).

Па-другое — і гэта, мабыць, самае важнае — беларускія літаратары ў Польшчы ня бралі і, па вялікім рахунку, не бяруць удзелу ў літаратурным жыцьці Беларусі (мяжа як разьдзяляла, так і разьдзяляе два літаратурныя сьветы — беластоцкі і менскі). У інтэлектуальным сэнсе значна большы ўплыў на беларускую творчасьць у Польшчы аказвала і аказвае польская літаратура і культура ды ўсё тое, што прыходзіць праз польскую мову, чым тое, што прыходзіць з усходняга кірунку, ці то празь беларускую мову, ці то праз расейскую.

Па-трэцяе, паняцьце «беларуская літаратура ў Польшчы» — парадаксальна, больш шырокае, чым паняцьце беларускай літаратуры ў Беларусі. Гэткую большую «шырыню» вызначае сытуацыя моўна-культурнага памежжа і пэрыфэрыйнасьці беларускага этнічнага арэалу ў Польшчы. На Падляшшы да беларускай літаратуры залічваюць ня толькі тое, што Сакрат Яновіч, Міхась Андрасюк, Ганна Кандрацюк ці Міра Лукша напісалі па-беларуску, але і тое, што яны напісалі і выдалі па-польску. Што больш, да беларускай літаратуры на Падляшшы залічваецца і тое, што Віктар Стахвюк ці Зоя Сачко напісалі «па-свойму», то бок па-падляску.

Ну і яшчэ некалькі іншых чыньнікаў адрозьніваюць агульную псыхалягічна-сьветапоглядную і гістарычную сытуацыю польскіх беларусаў ад той у Беларусі. Напрыклад, на Падляшшы ўвесь час застаецца істотнай для беларускага жыцьця лінія канфэсійнага падзелу, якая мацнейшая за моўную: беларусы-праваслаўныя, палякі-католікі.

Я думаю, згаданага вышэй больш чым дастаткова, каб зразумець, што беларуская літаратура ў Польшчы — нешта выразна асобнае на тле агульнай беларускай літаратуры, калі ўжо пагодзімся, што ў гэтую агульнасьць уключаем ня толькі тое, што беларусы напісалі па-беларуску, але і тое, што яны напісалі на некалькіх іншых мовах, зь якімі сутыкнуліся ў сваёй гістарычнай долі.

Я ніжэй зьвярну вашу ўвагу на тузін істотных кніг, якія выйшлі на Падляшшы і залічваюцца да гэтак разуметай «шырокай» беларускай літаратуры. Лішне казаць, што я пішу тут пра кнігі істотныя ў маім асабістым рэйтынгу, а ня ў нейкім грамадзкім апытаньні.

І заўважце, што я сьціпла адзначаю ў загалоўку: пра гэтыя кнігі «варта ведаць». Я ўжо застары, каб ва ўсіх сваіх рэкамэндацыях пісаць «варта прачытаць». На такое чытаньне большасьці з нас ня хопіць ні часу, ні ахвоты. Імавернасьць таго, што нехта кіне вокам на гэты мой тэкст, значна большая, чым таго, што людзі ў Менску стануць чытаць кнігі з майго сьпісу.

Алесь Барскі — Жнівень слоў (1967)

Алесь Барскі
Алесь Барскі


Паўтару тут усяго тое, што я ўжо калісьці напісаў у сувязі ў гэтым паэтычным зборнікам: «„Жнівень слоў“ з 1967 году — па сутнасьці, першы паэтычны зборнік з Падляшша, які ня сорамна паказаць нашым суродзічам у РБ і сёньня. У гэтай паэтычнай паводцы — у зборніку больш за паўтары сотні вершаў — ёсьць жменя такіх, якія файна чытаюцца і праз паўстагодзьдзя пасьля іх напісаньня, падкупляючы сьвежасьцю, фармальнай раскаванасьцю і, так сказаць, спантанным антыінтэлектуалізмам». І працытую верш, які таксама калісьці цытаваў:

Народнасьць з мадэрнам
сварыцца ня мусяць —
ў паэзіі месца хапае.
Тут стылі, як ветры
ў лугах Беларусі,
ад краю
да краю шугаюць.
Выбірай сабе стыль,
выбірай сабе крылы:
адно крыло —
вершы у рыфмах закованы,
другое — мадэрнам распушчаны,
як птушкі вольныя ў пушчы.
Растуць ва мне словы,
як зерне ў калосьсі,
ссыпаюцца ціха ў чырвоную восень.

Сёлета Алесю Барскаму (Аляксандру Баршчэўскаму) спаўняецца 90 гадоў.

Сакрат Яновіч — Загоны (1969)

Сакрат Яновіч, канец 1950-х
Сакрат Яновіч, канец 1950-х


Магчыма, гэта і не найлепшая кніга Сакрата Яновіча (1936–2013), але яна — ягоная першая, і ў ёй ёсьць празаічныя мініятуры, якія ён уключаў у розныя выданьні свайго выбранага на працягу ўсяго жыцьця. Тут у наяўнасьці зерне самага істотнага ў творчасьці Яновіча: спалучэньне лірычнасьці рэалістычнага малюнку зь нечым больш ці менш «сымбалічным», «незямным», «мэтафізычным». Як у мініятуры «Валошка»:

Кропля блакіту ў сьпелым жытнёвым узьмежку. Заглядаюцца зайздросна каласы, натапырыўшы вусы.

Сыплеш сьмехам, сінявокая, і пошум таемнай надзеі коціцца па гонях. Трывожыць і падае сілу ў сьпякотным лёсе.

Сьвет малюткі сівее ў склератычным адранцьвеньні. Серп сьмерці пакідае цябе драпежным асеньнім вятрам. Збыткуюць, глумяцца над пялёсткамі ўдавінай прыгажосьці. Росную сьвежасьць палошчуць сьцюдзёныя ліўні. Ад зьнямогі горбісься ў паірдзелай дзярніне.

Ціха паміраеш.

Віктар Швэд — Дзяцінства прыстань (1975)

Віктар Швэд
Віктар Швэд


Ажно ня верыцца: Віктару Швэду сёлета споўнілася 95 гадоў!

Да Швэда (народжанага ў вёсцы Мора на Падляшшы) прысталі дзьве этыкеткі: паэт «для дзяцей» і паэт «грамадзкага абавязку» (то бок такі, які напіша верш на любую грамадзка запатрабаваную тэму). Вось тыповы прыклад зь ягонага зборніка з 1975 году, з часу «разьвітага сацыялізму» ў Польшчы, калі беларускія літаратурныя кнігі ў краіне выходзілі з частотнасьцю раз на пяць гадоў (уводзіны да зборніка напісаў палкоўнік польскага МУСу, пад пільным вокам якога знаходзілася ўсё, што адбывалася ў асяродзьдзі нацменшасьцяў у краіне, у тым ліку і літаратура):

Майго дзяцінства прыстань — Мора,
Адкуль выводзіш свой назоў?
Відаць, было тут мора гора,
Мора балот і хмызьнякоў.

Тут асушылі ўжо балота,
З балотам счэзлі хмызьнякі,
Зьнікае гора і турботы,
Жывуць больш шчасна землякі.

Тады назоў мо недарэчны,
Можа інакш назваць сяло?
Не існаваць жа таму вечна,
Што век свой доўгі аджыло.

Ды не! Талковы і прыгожы
І новы мае сэнс назоў.
Шуміць навокал мора збожжа,
Мора красуецца садоў.

Каб меў назоў сэнс і апору,
Каб нам служыць мог, ды вякам,
Жадаю я багацьця мора
І мора шчасьця землякам!

Сакрат Яновіч — Białoruś, Białoruś (1985)

Гэтая кніга-эсэ на польскай мове — бадай што найбольшы літаратурны і прапагандысцкі посьпех аўтара. Напісаная для палякаў, каб крыху адукаваць іх у беларускай гісторыі і культуры, кніжка стала настольнай і для беларусаў у Польшчы, якія нічога так лёгка, элегантна і даходліва пададзенага пра Беларусь да таго часу не трымалі ў руках.

Васіль Петручук — Пожня (1987)


Суворы аўтабіяграфічны аповед пра жыцьцё хлапчука, народжанага перад вайною ў беднай падляскай сям’і, якому апроч матэрыяльнай нястачы давялося цярпець зьдзекі ад ненавіснай мачахі. Васіль Петручук (1926–2019) быў адным зь нешматлікіх беларусаў на Падляшшы, які публічна прызнаваўся, што Чырвоная армія ў верасьні 1939 году прынесла яму сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне. Кніга «Пожня» перавыдавалася ў Менску ў 1991 годзе.

Надзея Артымовіч — Сэзон у белых пэйзажах (1990)

Надзея Артымовіч
Надзея Артымовіч


Калі гаварыць пра ўплыў польскай літаратуры на творчасьць беларускіх аўтараў у Польшчы, дык «Сэзон...» Надзеі Артымовіч (нар. 1946) — найлепшы таму доказ. У гэтых вершах «зь неспакойных дарог» адчуваецца ўплыў польскіх «праклятых паэтаў», такіх як Галіна Пасьвятоўска ці Рафал Ваячэк. Але, нягледзячы на літаратурную інсьпірацыю, вершы Артымовіч — моцна арыгінальная зьява ў паэзіі, ня толькі беларускай. Немагчыма прайсьці абыякава каля трывожлівых мэтафараў паэткі:

зь небясьпечнай лёгкасьцю летняй пары
стукаю ў набалелы корань восені
глыбока
як у цяжкім сьне

вярнуцца туды
пакуль вены яшчэ не парваліся
пакуль у кроплі жыцьця
не ўсьміхнулася сьмерць.

Або каля такога:

поўдзень
а твой цягнік блукае ў вечаровым тумане
вязеш стомлены час у кішэні
у зубах
шчыміць родны дом.

Міра Лукша — Ёсьць (1994)

Міра Лукша
Міра Лукша


Нечаканая кніжка ад Міры Лукшы (нар. 1958), якая больш за 30 гадоў адпрацавала журналісткай у беластоцкай «Ніве», пішучы «бабскія гісторыі» і апісваючы народнае жыцьцё-быцьё ў паміраючых вёсках. А тут наце вам, захацелася «мэтафізыкі» і вершыкаў пра «рэчы-ў-сабе». Ну, напрыклад нечага такога:

Чуйныя рэчы з абвостраным слыхам
Моўчкі сукаюць ніць выпадковасьці.
Крэсла здранцьвелую ножку прастуе.
Стол ад абразы сьцяўся сукамі.
Пячорным дыхам склеп адрыгнуўся.
Мяса з зубоў калупае відэлец.
Парог абціраецца з пылу абутку.

Ідзі ад рэчаў, бо выйдуць самі.
Выйдуць з імёнаў, як з краявіду.

Што скрываць, рукі ажно сьвярбяць, каб пахваліцца: рэдактарам гэтых двух выдатных зборнікаў паэзіі («Сэзон у белых пэйзажах» Н. Артымовіч і «Ёсьць» М. Лукшы) быў ваш аўтар ;)

Ян Чыквін — Крэйдавае кола (2002)

Ян Чыквін
Ян Чыквін


Гэта сёмы і, калі не памыляюся, апошні зборніка паэзіі Яна Чыквіна (нар. 1940), аднаго з пачынальнікаў, як Яновіч і Барскі, беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы. Па-мойму, у ім паэт праявіў усё найлепшае, што характарызавала ягоную паэзія на працягу 30 папярэдніх гадоў: ашчаднасьць паэтычнага слова, вытрыманы балянс паміж думкай і эмоцыяй, «клясычнасьць» інтанацыі. Вось верш «Vita mea», які адкрывае зборнік «Крэйдавае кола»:

Серабрыцца лісьце бярозы
Пад шаўковым ветрыкам жніўня.
Замыкаецца кола лёсу,
Замяняецца кроў у вадзіцу.

Захлынаецца тайнаю сэрца.
А што сэрца! Й душа халоне.
Нідзе не ўцячы, хоць ірвесься
З палону ў абдымкі іншай пагоні.

Ніхто не заве. І ня будзе клікаць —
Як срэбны вецер кліча бярозы!
Жыцьцём здарылася быць невялікім
Як бы ў прамежку чужога лёсу.

Віктар Стахвюк — Багровы цень (2002)

Ян Максімюк і Віктар Стахвюк
Ян Максімюк і Віктар Стахвюк


Гэта дзьвюхмоўны паэтычны зборнік. Віктар Стахвюк (нар. 1948) напісаў свае вершы па-падляску, а неназваныя «сябры» «пераўвасобілі» іх на беларускую мову. Адна з тых нешматлікіх кніжак на Падляшшы, якія падбілі мяне на нахабнасьць заявіць уголас, што ў падляскай мове тоіцца нявыкарыстаны творчы патэнцыял, які конча трэба ўключыць у кровазварот беларускай літаратуры і культуры ў Польшчы.

Віктар Стахвюк апошнім часам апублікаваў у Фэйсбуку першы том свайго аўтабіяграфічнага раману на падляскай мове, «Podych temry», чым паказаў, што згаданы патэнцыял намнога большы, чым мне спачатку думалася.

Вось адзін зь вершаў у зборніку «Багровы цень»:

koli deń taki jak diś
što sypletsie vsio z ruk
što viêtior v očy
a mamona v plečy
i zimny pôt povze rosoju
za rozchrystany kovniêr
v zasochłum horli nic nema
kob plunuti na čornoho kota
a sercie dybitsie na sam vspomin
byłoho zła
zatrymajsie
prysiaď
vzhlani na sviêt
što byv uže do tebe
i ne znikne koli znikneš ty
pluń na strach
na vsio machni
v ditinstvo choč na mih verniś
raduhoju tam nakryj
svôj čornobiêły son
na reštu dion

Міхась Андрасюк — Белы конь (2006)

Міхась Андрасюк
Міхась Андрасюк


Я называю гэтую кнігу Міхася Андрасюка (нар. 1959) першай часткай «падляскай трылёгіі», у якую ўваходзяць яшчэ кнігі прозы «Wagon drugiej klasy» (2010, на польскай мове) і «Поўня» (2018). «Белы конь» — дзевяць ўзаемна пераплеценых гісторый пра падляскую сям’ю Іванюкоў, якая пакінула вёску на самай мяжы зь Беларусьсю і пасялілася ў Мястэчку, якое моцна нагадвае падляскую Гайнаўку. Харошая, цэльная кніга — па-мойму, наймацнейшая ў згаданай трылёгіі — у якой уся чароўная безнадзейнасьць нашай правінцыі размаляваная пісьменьнікам з настальгіяй, гумарам і іроніяй, у якіх няма ні кроплі дыдактызму ці маралізатарства.

Ганна Кандрацюк — Па Прыпяці па Нобель (2017)

Ганна Кандрацюк
Ганна Кандрацюк


Пасьля кнігаў «Białoruś. Miłość i marazm» (2013) і «Па Прыпяці па Нобель» можна сказаць, што Ганна Кандрацюк (нар. 1965) — наймацнейшая падляская аўтарка ў жанры нон-фікшн. Першая з гэтых кніг — плён яе шматразовых журналісцкіх паездак у Беларусь. Другая — пра тое, што яна ўбачыла і пачула ў сваіх падарожжах па валынскім Палесьсі, ад вытокаў Прыпяці да мястэчка Нобель. Пра гэтую кнігу Ганна сказала Свабодзе:

«Раней я думала, што там будзе па аналёгіі зь беларускім Палесьсем — памерлыя вёскі, „дзед, баба і курачка раба“… А насамрэч я там убачыла цалкам жывы край — падобны да таго, які мне запомніўся са свайго дзяцінства на Падляшшы амаль паўстагодзьдзя таму. Я спачатку ня думала пісаць кнігу. Меркавала напісаць усяго некалькі тэкстаў у „Ніву“, але тамтэйшы край захапіў і натхніў мяне да такой ступені, што я туды раз-пораз вярталася на працягу трох гадоў і працягвала пісаць рэпартажы пра штораз іншых людзей і штораз іншыя мясьціны».

Кніга Ганны Кандрацюк вельмі добрая, і выпадае толькі шкадаваць, што ў нас на Падляшшы з году ў год штораз менш людзей чытае па-беларуску.

Зоя Сачко — Poká (2018)

Зоя Сачко
Зоя Сачко


Гэта чацьверты зборнік вершаў Зоі Сачко па-падляску. Першыя два выйшлі ў мінулым стагодзьдзі: «Над днём похіляна» (1991), «Шчэ адна вэсна» (1995). У 2000 выйшла яе кніга «Паэмы», на якую склаліся два паэтычныя творы даўжэйшага памеру: «Budni» і «Jak že mniê bihuščuj». «Poká" з 2018 году — ня толькі найлепшы яе зборнік, але, на маю думку, адна з найлепшых паэтычных кніжак беларускіх аўтараў у Польшчы наагул. Пра добрую і вельмі добрую паэзію ня варта пісаць прозай. Лепш прачытаць верш:

v biêłych obruskach
— šare zmerkanie

v kožuchovi — ne tryščyt moroz

povjali trochi vinki v makatkach

pasiaki — ne tak uže pasiasty

płachty v perebory
perebirajutsie pomału
na toj sviêt

stupajem
a pudłoha tryščyt
by krykliva vorona

za stołom
obiêdajut tiêni minułoho

tôlko pavuk
v kutkovi z ikonoju

plete-zapletaje
našy dumki.

Марта Піньска — Беларуска (2004)

Гэтая кніжка выйшла па-польску і па-беларуску ў 2004 годзе як літаратурная містыфікацыя пад шыльдам заснаванага Сакратам Яновічам фонду Villa Sokrates у Крынках. Маўляў, кніжку пра беларускі эрас і порнас напісала нейкая Марта Піньска па-польску, а пераклаў на беларускую нейкі Дзядзька Васіль. І ўсе тут адразу падумалі пра Васіля Сёмуху (ну, ня ўсе, а толькі ўсе тыя, хто Сёмухі не чытаў). Тое, што было наадварот (арыгінал быў па-беларуску, а па-польску — пераклад), я жалезна даказаў у сваім тэксьце «Першы адраджэнскі» (ён праз гадоў шэсьць пасьля напісаньня зьявіўся ў маёй кніжцы «Словы ў голым полі» (Логвінаў, 2011), так што ня буду тут паўтарацца).

Скажу вось што:

«Беларуска» — першы беларускі фэмінісцкі і эратычны раман, які чытаецца як нешта сапраўды цікавае і непадробнае. Раман, у якім беларускі жаночы эрас пастаўлены, так бы мовіць, у дамінантную пазыцыю, зь якой гераіня змагаецца з «патрыярхальнай» мадэльлю постсавецкай беларускай сэксуальнасьці. «Нянавісьць да бязвольля і безруху гэтага сьвету, прыдуманага мужчынамі, якія самі даўно павыміралі ад сыфілісу, сьпіліся або загінулі на вайне, нарастала ўва мне і вырывалася з-пад кантролю», — прызнаецца гераіня «Беларускі». Нагадаю — гэта 2004 год. А Бахарэвічава «Белая муха» дадумалася ўзяць аўтамат у рукі толькі ў 2015…

Гадоў 15 таму, седзячы з аўтаркай «Беларускі» ў нашай праскай кватэры, крэпка выпіваючы і выхваляючы яе, я запытаўся, як ёй захацелася напісаць такую прарыўную кнігу пра «выпіваньне і траханьне»… Пісьменьніца адказала пад самы канец сустрэчы, калі мы з жонкай разьвітваліся зь ёю на дварэ, чакаючы таксі: «Таму што гэта — дзьве рэчы, якія падабаюцца мне ў жыцьці найбольш, калі не лічыць пісаньня». Ну, вы зразумелі, чаму такая кніга мусіла выйсьці на Падляшшы, і чаму я не хачу раскрываць вам сапраўднае імя Марты Піньскай ;)

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG