Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарытарызм і дыялёг несумяшчальныя. Яшчэ адзін адказ Прэйгерману


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

У аўтарытарнай дзяржаве праблема пераадоленьня грамадзкага расколу невырашальная ў прынцыпе.

У публікацыях мэдыя ўжо стала агульным месцам, што сьвет уступае ў пэрыяд вострага крызісу і турбулентнасьці. Зразумела, гэтыя праблемы не абмінуць Беларусь. Што яшчэ горш, з шэрагу прычын краіна больш уразьлівая перад вонкавымі катаклізмамі. Усё больш зьяўляецца ацэнак, што для Беларусі наступствы могуць быць вельмі драматычнымі. Гучаць перасьцярогі, што крызіс пагражае беларускай дзяржаўнасьці.

Ужо даводзілася пісаць, што ў Беларусі любы крызіс, нават стыхійнае бедзтва, вядзе толькі да паглыбленьня антаганізму, грамадзкага расколу.

У гэтым сэнсе даволі цікавы і актуальны артыкул Яўгена Прэйгермана «Беларуская дзяржаўнасьць стаіць перад сур’ёзным выпрабаваньнем», надрукаваны ў «Нашай ніве». Галоўная яго думка ў тым, што грамадзка-палітычны раскол ва ўмовах вострага крызісу — гэта пагроза беларускай дзяржаўнасьці. Аднак на пытаньне «Што рабіць?» Прэйгерман толькі заклікае да цярпімасьці і стрыманасьці абодва бакі палітычнага супрацьстаяньня. Маўляў, сябры, «давайце жыць дружна».

Стрыманасьць — гэта заўсёды добра. Але наўрад ці яна вырашае праблему, абазначаную аўтарам. Мусіць, ён сам разумее, што пераадоленьне расколу сёньня немагчымае. Зь відавочных прычынаў.

Па-першае, можна пагадзіцца з Арцёмам Шрайбманам, выказаным у «Фэйсбуку», што адзін бок канфлікту (улада) не прызнае існаваньня другога боку як палітычнага суб’екта. Сапраўды, афіцыйная ідэалягічная канцэпцыя адхіляла ў прынцыпе магчымасьць існаваньня нават «канструктыўнай апазыцыі». Паколькі ўвесь беларускі народ падтрымлівае прэзыдэнта і ягоную палітыку, то ніякіх палітычных апанэнтаў у краіне няма і быць ня можа. А тыя што ёсьць, гэта калябаранты, «пятая калёна», «адмарозкі», «ворагі народу». А якое можа быць стаўленьне да ворагаў?

Другая прычына, якая ў пэўным сэнсе выцякае зь першай. Канфлікты самі па сабе не нясуць вялікай небясьпекі, калі існуюць легітымныя мэханізмы ці інстытуты для іх вырашэньня. У іншых краінах для такой задачы існуюць выбары, парлямэнт, канстытуцыйны суд і інш. Да прыкладу, паглядзіце, як гэта адбываецца ў ЗША.

У Беларусі такіх мэханізмаў няма, калі ацэньваць сытуацыю з рэальнага, а не фармальнага гледзішча. Не існуе нават проста агульных пляцовак для дыскусій («Фэйсбук» ня лічыцца).

У аўтарытарнай дзяржаве такіх мэханізмаў у прынцыпе ня можа быць. Усе праблемы, супярэчнасьці, канфлікты яна вырашае толькі з дапамогай дубінкі, то бок сілы. Вось, напрыклад, Лукашэнка даручыў КДБ разабрацца з тымі, хто крытыкуе ўладу за яе палітыку пры пандэміі.

Кажучы іншымі словамі, для пераадоленьня расколу патрэбна дэмакратыя. Толькі тады магчымы дыялёг і стварэньне легітымных умоваў для палітычных канфліктаў.

Таму ў межах існага рэжыму праблема, паднятая Яўгенам Прэйгерманам, невырашальная ў прынцыпе. І ягоны заклік — гэта «марны лямант у пустыні».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG