Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як унікум. Адказ Прэйгерману


Мітынг БНФ 24 сакавіка 1996 г, Менск. Фота Г. Ліхтаровіча.
Мітынг БНФ 24 сакавіка 1996 г, Менск. Фота Г. Ліхтаровіча.

«Наша ніва» надрукавала артыкул Яўгена Прэйгермана «Беларуская дзяржаўнасьць стаіць перад сур’ёзным выпрабаваньнем», які закранае тэму ўзаемаадносінаў улады і апазыцыі і, шырэй, існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.

«Спалучэньне каранавіруснага і эканамічнага крызісаў можа стаць трагічным для Беларусі, калі ўлады ці апазыцыя наробяць памылак» — піша аўтар. Ён заўважае, што «як улады, гэтак і апазыцыя адзначаюцца дзіўнымі заявамі і паводзінамі. Як дзяржаўныя, так і апазыцыйныя СМІ часам выдаюць проста шалёныя і нават паскудныя матэрыялы» і заклікае да «цярпімасьці і стрыманасьці ў паводзінах і выказваньнях».

Я даўно сышоў з актыўнай палітыкі і ацэньваю такія публікацыі як аўтар, які піша ў тым ліку і на тэмы найноўшай гісторыі, таму і цяпер дазволю сабе пэўныя гістарычныя рэтраспэкцыі. Пад некаторымі палажэньнямі Прэйгермана я б падпісаўся, іншыя — нават узмацніў бы. Але некаторыя выклікаюць нязгоду.

Праблема канфрантацыі (альбо супрацоўніцтва) апазыцыі і ўлады паўстала адразу ж, калі ў 1988 годзе быў утвораны БНФ, і набыла практычнае значэньне, калі ў 1990 годзе яго прадстаўнікі былі абраныя ў Вярхоўны Савет і сфармавалі дэпутацкую апазыцыю.

Роздум над пэрыядам канца 80-х – пачатку 90-х гадоў прывёў мяне да некаторых высноваў.

Калі ты, знаходзячыся ў меншасьці, ня можаш хутка і энэргічна пераламаць сытуацыю на сваю карысьць (як зрабіла гэта Апазыцыя БНФ у жніўні 1991-га), канфрантацыі лепей запабегчы. Часьцей за ўсё, яна будзе контрапрадуктыўнай, асабліва ў пэрыяд станаўленьня дзяржаўнасьці. Але для гэтага патрэбны ня толькі жаданьне апазыцыі, здольнасьць пераступіць праз свае амбіцыі, але і добрая воля тых, хто ва ўладзе. Бяз гэтага ні пра якое супрацоўніцтва ня можа быць і гаворкі.


Так, адказнасьць за нацыю, за народ, нясе эліта. Найперш — палітычная яе частка. І ўлада, і апазыцыя. Але ня ў роўнай ступені. Большая адказнасьць на ўладзе, бо ў яе і магчымасьцяў болей.

Да пэўнага моманту нам, сьціснуўшы зубы, удавалася дасягаць пэўных кампрамісаў з пракебічаўскай парлямэнцкай большасьцю і зь ім самім (але не зь ягоным атачэньнем, палова якога ўжо тады была даляравымі мільянэрамі і спыняцца не зьбіралася), бо інтарэсы дзяржаўнасьці ўспрымаліся намі вышэй за партыйныя. Тады і былі прынятыя рашэньні аб утварэньні беларускага войска, памежнай і мытнай службаў, былі закладзеныя падмуркі ўласнай грашовай сыстэмы. Але знаходзіць паразуменьне было ўсё цяжэй.

І тут мушу прызнаць, што не цяперашні кіраўнік Беларусі пачаў выцісканьне апанэнтаў з палітычнага жыцьця.
У 1991-1994 годзе Беларусь была адзінай краінай з былых рэспублік СССР, дзе палітычная сіла (у нашым выпадку — БНФ), якая мела сваю фракцыю ў парлямэнце, і больш таго — якая фактычна прывяла краіну да Незалежнасьці, не была прадстаўленая ні ў міністэрствах, ні ў аблвыканкамах, ні ў гарвыканкамах, ні ў райвыканкамах, я ўжо не кажу пра пасады віцэ-прэм’ераў, міністраў ды іх намесьнікаў.

Іншымі словамі — не была дапушчаная да рэальнага кіраваньня дзяржавай, утварэньне якой яна, па сутнасьці, ініцыявала.

Чарговы раз мушу абвергнуць міф, што Кебіч нібыта прапаноўваў Пазьняку і дэпутатам, актывістам БНФ, пасады міністраў ці іх намесьнікаў, а мы не згаджаліся. Не прапаноўваў. Ніколі. А падкантрольная яму большасьць у парлямэнце тарпэдавала тыя законапраекты, якія мы прадстаўлялі (і якія былі прызнаныя міжнароднымі экспэртамі).

І яшчэ адзін міф — што БНФ цікавіўся толькі мовай. Я зь вялікімі цяжкасьцямі знаходжу ў стэнаграмах ВС за 1990-95 гады выступы дэпутатаў БНФ за мову і культуру — у асноўным гэта дзяржаўнае будаўніцтва, міжнародныя дачыненьні, сацыяльная сфэра, Чарнобыль і — эканоміка, эканоміка, эканоміка. І калі б сёньня я мог вярнуцца ў пачатак 90-х, дык менавіта б мове і адукацыі, нацыянальнай культуры ўдзяляў бы самую большую ўвагу. Бо на гэтым базуецца нацыянальная самасьвядомасьць.

І самае горшае, што, за рэдкім выключэньнем (віцэ-прэм’ер Дзямчук, міністры Краўчанка, Бутэвіч, намесьнік старшыні Дзяржпляну Вячорка) — кіраўніцтва выканаўчай улады сабатавала ўмацаваньне Незалежнасьці, стварэньне дзяржаўных інстытуцыяў, па-халуйску клалася пад Крэмль.

У такой сытуацыі апазыцыі звычайна нічога не застаецца, як абраць шлях жорсткай канфрантацыі. Няма, не існуе ў гісторыі палітычнай сілы, якая б у такіх варунках рабіла інакш. Інакш — гэта значыць самаліквідавацца.

Але з Кебічам хаця б можна было размаўляць. З тым жа, хто перамог на выбарах 1994 году, размаўляць было немагчыма — бо з самога пачатку ён выбраў стратэгію «выпаленай зямлі», поўнага выдаленьня апанэнтаў з палітычнага поля. Толькі 100% кантроль і поўнае падпарадкаваньне — у выканаўчых структурах, у парлямэнце, у судовай сыстэме.

І калі пры Кебічу апазыцыя павольна выціскалася, дык пры Лукашэнку адбыўся яе разгром.

«Усе гэтыя гады шмат якія відавочна важныя для краіны рашэньні не прымаліся толькі таму, што ці то ўлады, ці то апазыцыя лічылі, што яны супадалі з інтарэсамі апанэнтаў» — піша Прэйгерман.

Тут аўтару варта б удакладніць, якія канкрэтна гады ён мае на ўвазе.

Да пэрыяду 1990-1995 такія словы можна было б тэарэтычна прымяніць — тады дзейнічала парлямэнцкая апазыцыя, і нам, хоць далёка не заўсёды, удавалася заблякаваць некаторыя магчымыя рашэньні, у тым ліку і важныя, якія мы лічылі неспрыяльнымі для дзяржаўнасьці і разьвіцьця дэмакратыі

Напрыклад, у траўні-чэрвені 1991 году — увядзеньне пасады прэзыдэнта, на якую рыхтавалі артадаксальнага 1-га сакратара ЦК Малафеева. Тады нам у гэтым дапамог лідэр дэпутацкай групы «Камуністы за дэмакратыю» (я яе называў «Ваўкі за вэгетарыянтва») Аляксандар Лукашэнка, надрукаваўшы ў «Народнай газэце» артыкул з асуджэньнем спробаў замацаваць у Беларусі дыктатарскія мэтады.

Але цяпер — якія такія рашэньні, істотныя для дзяржавы, для Незалежнасьці, не былі прынятыя з той прычыны, што апазыцыя лічыла іх не супадаючымі з інтарэсамі апанэнтаў (г.зн. улады)? Ці разумее спадар Яўген, што ён напісаў?

Калі ўлада ў апошнія два дзесяцігодзьдзі лічылася з апазыцыяй пры прыняцьці якіх заўгодна сурʼёзных рашэньняў?

Напэўна, на мяне пакрыўдзяцца лідэры цяперашняй апазыцыі, але я перакананы, што калі яны ўсе разам выйдуць на плошчу і публічна зробяць харакіры, ну ці то спыняць палітычную дзейнасьць і будуць вырошчваць агуркі, бульбу, ці рабіць нешта яшчэ, вельмі далёкае ад крытыкі ўлады — гэта ну ніяк не паўплывае на рашэньні, якія прымаюцца ў дзяржаўных кабінэтах (хіба што давядзецца скараціць пэўныя структуры ў спэцслужбах).

І наадварот: калі лідэры апазыцыі зьбяруць усіх сваіх актыўных прыхільнікаў на Плошчы (пры індыфэрэнтнасьці, як вызначае Прэйгерман, «палітычна неактыўнага грамадзтва», якога ў Беларусі 99%) — віртуозы зь дзяржаўнага тэлебачаньня пададуць гэта як тусоўку хіпстэраў і фрыкаў. Пры 150-200 тысячах на Плошчы сытуацыя, канешне, будзе іншай.

Гэтымі словамі я не хачу кінуць папрок актывістам апазыцыі. Пачынаючы з 1994 года, партыі і грамадзкія рухі, якія апаніравалі Лукашэнку, актыўна і пасьлядоўна зьнішчаліся ўсёй магутнасьцю дзяржаўнага апарату, пры энэргічнай дапамозе прапаганды і спэцслужбаў.

Пацярпелі ад разгорому ня толькі апазыцыйныя палітыкі — найперш пацярпела грамадзтва. І, як ні парадаксальна, Лукашэнка таксама.


Вынікі мы бачым сёньня ў дні змаганьня з каранавірусам: калі глядзіш па тэлебачаньні нарады ў Лукашэнкі, такое адчуваньне, што ў чыноўнікаў языкі прысыхаюць да нёбу ад страху. Вакол Лукашэнкі няма людзей, якія не пабаяліся б сказаць яму ў вочы пра тое, у чым ён, мякка кажучы, ня мае рацыі, і што выстаўляе сёньня ў замежных СМІ яго, а значыць, і Беларусь у трагікамічным сьвятле (трактары, гарэлка, саўна, хакей, козачкі як сродак ад COVID-19 і, як эпагей — «Няма ніякага каранавірусу, пакажыце мне, дзе ён! Псыхоз!»).

Перакананы, што ў аналягічнай сытуацыі годзе ў 1991-м дэпутаты Голубеў ці Навумчык не пасьпелі б дабегчы да мікрафонаў, як на трыбуне ўжо стаяў бы дэпутат Лукашэнка і ў моцных выразах граміў бы таго ж Кебіча. І слушна: парлямэнт, дэпутаты, існуюць і для таго, каб кантраляваць выканаўчую ўладу. Але ў Беларусі гэтага няма з 1996 года.

Слушна ўзгадваючы раскол грамадзтва як сур’ёзную ўнутраную небясьпеку, Яўген Прэйгерман, на жаль, не прыгадвае, хто яго пачаў. І хто ў 1995 ініцыяваў рэфэрэндум, які, як мы і папярэджвалі, раскалоў грамадзтва (насамрэч адбылося горш, рэфэрэндум ня толькі зьняважыў нацыю, ён пераламаў ёй хрыбет. Гэта, безумоўна, стратэгічная перамога прарасейскіх, праімпэрскіх сілаў, параўнальная толькі зь ліквідацыяй БНР, а калі яшчэ больш заглыбляцца ў гісторыю — дык са задушэньнем паўстаньня Каліноўскага. На выпраўленьне спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі і некалькі пакаленьняў, тут я пэсыміст).

І хіба гэта Сярэдзіч ці Радзіна, Старыкевіч ці Дынько апошнія дзесяцігодзьдзі насаджвалі нянавісьць да Незалежнасьці, нянавісьць да беларускай мовы, нянавісьць да нацыянальнай культуры, нянавісьць да яе носьбітаў?

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе дзяржаўныя СМІ абсьмейваюць абвяшчэньне Незалежнасьці і тых, хто яе дамогся, і дзе журналісты дзяржаўнага ТV на мільённую аўдыторыю ўжываюць дзяржаўную мову ў зьдзеклівым кантэксьце.

Толькі ў Беларусі наяўнасьць у чалавека нацыянальнай сьвядомасьці трансфармуецца ў зьняважлівую ацэнку — «свядомыя». У іншых краінах выхаваньне гэтай сьвядомасьці з’яўляецца мэтай дзяржаўных інстытуцыяў.

А хто дэманструе неспалучальнае, заяўляючы адначасна пра Незалежнасьць як найвялікшую каштоўнасьць — і клянецца ў вернасьці краіне, кіраўніцтва якой не хавае намераў зьнішчыць гэтую самую Незалежнасьць?

І гэта што, Пазьняк, Баршчэўскі, Вячорка, Беленькі, Лябедзька, Статкевіч, Севярынец ці Костусеў, праваабаронцы, «нячэсныя журналісты» — давялі за 26 гадоў да таго, што ўлада баіцца мэмарыяльную шыльду павесіць на доме, дзе была абвешчана 100 год таму Незалежнасьць, бо гэта можа раздражняць, як дыпляматычна выказаўся б Яўген Прэйгерман, групы «інтарэсаў унутры і па-за межамі, якія працуюць супраць беларускай дзяржаўнасьці»?

Сапраўды, у Беларусі існуюць і актыўна дзейнічаюць такія групы, аўтар безумоўна мае рацыю, у гэтым можна пераканацца, пачытаўшы незалежную прэсу.

А між іншым. Можа быць, для барацьбы з тымі, хто «працуе супраць беларускай дзяржаўнасьці», варта стварыць адмысловую структуру? Такую структуру мае кожная дзяржава. Чаму б ня мець міністэрства ці камітэт, які б абараняў інтарэсы бясьпекі гэтай дзяржаўнасьці? І назваць яго, ну, скажам, камітэтам дзяржаўнай бясьпекі?

У мае часы такі камітэт існаваў, мы, памятаецца, у 1993 годзе нават закон пра яго прымалі, там функцыі абароны сувэрэнітэту былі прапісаныя, калі не памыляюся, у прэамбуле.

У сваіх рэтраспэкцыях у найноўшую гісторыю ня буду падрабязна спыняцца на тэме рэакцыі ўладаў на пандэмію, якая ў мяне, як члена адмысловай Камісіі ВС-12 па Чарнобылю выклікае déjà vu — вышэйшае кіраўніцтва ледзь ня крок у крок паўтарае тое, што рабіў у 1986-м тав. Сьлюнькоў. Дзейнасьць (а дакладней, бязьдзейнасьць) можа, сапраўды, зрабіць рэальным самы горшы сцэнар.

Яўген Прэйгерман слушна адзначае, што эканамічны крызіс у спалучэньні з пандэміяй можа ўяўляць пагрозу для дзяржаўнасьці Беларусі. Простымі словамі — Беларусь можа перастаць існаваць як дзяржава.

Я ўсё ж-такі дагавару тое, чаго не дагаворвае аўтар. Кіраўнік адной краіны, якая знаходзіцца ў пэрманэнтным працэсе «паўстаньня з каленяў», можа скарыстацца эканамічным каляпсам, масавай незадаволенасьцю насельніцтва дзеяньнямі ўладаў, сацыяльным выбухам і, атрымаўшы заклік ад пэўных групаў насельніцтва, якія папросяць яго ўратаваць іх ад каранавірусу і стварэньня двух-трох беларускамоўных клясаў на 9,5-мільённую Беларусь — увядзе танкавыя карпусы ў Воршу, Віцебск, Магілёў і Гомлю. Ну а з гэтагапляцдарму можна зрабіць і рывок на Менск, Горадню і Берасьце.

Магчыма, праўда, што і не давядзецца ўводзіць танкі і накіроўваць зьнішчальнікі — у беларускім войску і спэцслужбах хапае генэралаў і старэйшых афіцэраў, якія самі аддадуць патрэбныя каманды з той жа энэргіяй, зь якой яны пʼюць чарку пад тасты за тую краіну.

Беларусь сёньня — адзіная краіна на плянэце, для якой каранавірус і эканамічны крызіс пагражае стратай дзяржаўнасьці. І гэта — на 29-м годзе дзяржаўнасьці (калі рабіць адлік ад 25 жніўня 1991 г.).

Гэта, безумоўна, унікум.

Скажыце, хто ў гэтым вінаваты?

29 гадоў — гэтага мала, каб зрабіць дзяржаўнасьць незваротнай? Колькі яшчэ трэба?

Ну, калі кіраўнік гэтай дзяржавы будзе лічыць аўтараў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце сваімі ворагамі, абражаць іх, а распад СССР называць злачынствам, дык ня хопіць і 290 гадоў (што радуе толькі аднымі — столькі не жывуць).

Нельга не пагадзіцца з аўтарам, што дзяржаўнасьць — тое, дзе паразуменьне паміж уладай і апазыцыяй значна лепей, чым супрацьстаяньне.

Тым болей, што такія прыклады можна знайсьці і ў самым апошнім пэрыядзе найноўшай гісторыі. Праўда, тычыцца ён, у большай ступені, замежжа.

Я маю на ўвазе сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Тады прадстаўнікі беларускіх дыпляматычных місіяў прысутнічалі на ўрачыстых асамблеях дыяспары (у Лёндане — у будынку парлямэнта, у Празе — у старажытнай ратушы на Старамесцкай плошчы, дзе бралі ўдзел кіраўнікі мэрыі і некаторыя амбасадары эўрапейскіх краінаў). І ў Вялікабрытаніі, і ў Чэхіі гэта было ўспрынятае мясцовымі палітыкамі не як сэнсацыя, а як заканамернасьць, як павага да нацыянальнай гісторыі, якой і павінен вызначацца эўрапейскі народ.

Летась, будучы ў Менску, я схадзіў паглядзець, ці не абрынуўся раптам будынак МЗСу — не, стаіць на месцы.

І калі ідэяй аўтара тэксту быў пачатак нейкага дыялёгу (магчыма, я памыляюся), дык, мне падаецца, у Яўгена Прэйгермана дастаткова паліталягічнай і гістарычнай абазнанасьці, каб разумець: пачынаць павінна ўлада. З розных прычынаў — і палітычных, і псыхалягічных.

Але, ведаючы па 90-х таго, ад каго адзінага гэта залежыць, я меў бы сьмеласьць выказаць бязьмежна глыбокі скептыцызм адносна такой пэрспэктывы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG