Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Дэпутаты БНФ абараняюць генэралаў КДБ і МУС


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кнігу можна атрымаць на прэзэнтацыі, якая пройдзе ў сераду 17 кастрычніка ў 18.30 у сядзібе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39).

Уладзімер Шаўцоў (Мазырская сельская выбарчая акруга № 221): «Зварот. Для ўсіх нас вельмі важна ў гэты цяжкі час захаваць законнасьць у грамадзтве, забясьпечыць пераймальнае разьвіцьцё і рэфармаваньне ўсіх асноўных дзяржаўных структур. Шмат што ў вырашэньні гэтай задачы залежыць ад гатоўнасьці праваахоўных органаў і іншых сілавых структур служыць перш за ўсё закону і дзяржаве. Але тыя працэсы, якія ўсе мы назіраем вакол гэтых структур, выклікаюць сурʼёзную заклапочанасьць і насьцярожваюць грамадзтва. Перш за ўсё мы маем на ўвазе стварэньне не прадугледжанага Канстытуцыяй, не зацьверджанага Вярхоўным Саветам і не падкантрольнага яму Дзяржсакратарыяту па барацьбе са злачыннасьцю і нацыянальнай бясьпецы, які спрабуе па сутнасьці кіраваць Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам абароны і нават умешваецца ў справы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Самую сурʼёзную заклапочанасьць выклікае таксама незаконнае стварэньне спэцслужбаў, дзеяньне якіх не прадугледжана існуючымі законамі і знаходзіцца па-за кантролем Вярхоўнага Савету. Да чаго гэта можа прывесьці, паказалі падзеі ў лістападзе, калі ў грамадзтве абсалютна на роўным месцы была створана крызісна небясьпечная сытуацыя…» Зварот падпісалі Партыя народнай згоды, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Абʼяднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць, Таварыства беларускай мовы, Беларускае згуртаванае вайскоўцаў, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі і Беларуская сялянская партыя.

Выступ у "Розным"

Некалькі разоў у фае Дому ўраду старшыня КДБ Шыркоўскі браў мяне за локаць і імпэтна гаварыў тое самае: «Якія сволачы, а? Я там працаваў, у Віцебску, а яны — “Чужак, яго зь Менску прыслалі!” Ну, ня сволачы?» — «Сволачы, Эдуард Іванавіч, сволачы!» — адказваў я. — «То-та!».

Гэты наш традыцыйны дыялёг тычыўся падзеяў вясны 1990-га, калі Шыркоўскі, тады яшчэ першы намесьнік старшыні КДБ БССР, балятаваўся ў Вярхоўны Савет па адной зь віцебскіх акругаў, суседняй з маёй. Я быў перамог у першым туры выбараў і дапамагаў паэту, рэдактару часопіса «Полымя» Сяргею Законьнікаву, які ішоў у адной акрузе з Шыркоўскім.

Хоць змаганьне было напружаным, але мушу засьведчыць, што апанэнты ў адносінах адзін да аднаго паводзілі сябе карэктна. Ніякіх прэтэнзіяў не магу выказаць і да падначаленых Шыркоўскаму мясцовых чэкістаў, якія, канешне, былі ў ягонай камандзе, але ніякіх сумнеўных мэтадаў супраць канкурэнта свайго шэфа не прымянялі.

А вось хто прымяняў такія прыёмы (якія безь перабольшаньня можна назваць подлымі) — дык гэта мясцовае партыйнае начальства, найперш супрацоўнікі райкаму партыі, у якіх была «свая» кандыдатура. Законьнікава яны абвінавачвалі ў тым, што ён як «бээнэфавец» хоча паўтарыць Баку і Сумгаіт (там былі крывавыя міжнацыянальныя канфлікты), а Шыркоўскаму інкрымінавалі тое, што ён «прысланы зь Менску» (тое самае — што не мясцовы і ня будзе апекавацца віцебскімі выбаршчыкамі — казалі і пра Законьнікава). Пры гэтым Шыркоўскі яшчэ некалькі месяцаў перад тым працаваў у Віцебску начальнікам абласнога ўпраўленьня КДБ.

У выніку, у той раз па гэтай акрузе не перамог ніхто, Законьнікаву не хапіла літаральна некалькіх дзясяткаў галасоў (мая цётка, якая працавала членам камісіі аднаго з участкаў, потым злосна сказала: «Эх, каб ведала — укінула б!»).

Эдуард Шыркоўскі выступае перад пісьменьнікамі
Эдуард Шыркоўскі выступае перад пісьменьнікамі

Тая выбарчая гісторыя і нашыя дыялёгі ў кулюарах Вярхоўнага Савету выразна адлюстроўваюць атмасфэру таго часу, часу пераменаў.

У 1930-х сакратар райкаму, які б наважыўся выступіць ці патаемна нешта рабіць супраць намесьніка наркама НКВД, быў бы сьцёрты ў лягерны пыл.

У 1970-х мясцовае начальства за вялікую ўдачу палічыла б атрымаць такога «вясельнага генэрала», прычым ня якога-небудзь генэрала артылерыі (зь якога хіба што фэервэрк выпрасіш), а генэрала КДБ. Ужо чые запыты, а звароты такога дэпутата ў Міністэрства аўтамабільных дарог, каб заасфальтавалі вуліцу, ці ў Дзяржснаб, каб выдаткавалі цэглу на будаўніцтва паліклінікі, — выконваліся б імгненна.

Але ў канцы 1980-х ад страху пазбавіліся і рабілі генэралу дробныя гадасьці, а ў пачатку 1990-х Шыркоўскі, ужо старшыня КДБ, толькі і мог сабе дазволіць, што скардзіцца на віцебскае начальства дэпутату апазыцыі.

У 2000-х вернецца тое, што было дзесяцігодзьдзямі — страх перад чэкістамі.

У мяне былі своеасаблівыя адносіны з Шыркоўскім, заснаваныя на знаёмстве яшчэ па Віцебску. Якраз у 1993 годзе я паспрабаваў дамагчыся рассакрэчаньня справы забойцы прэзыдэнта ЗША Кенэдзі Лі Гарві Освальда, якая была вернутая ў архіў КДБ Беларусі з Масквы. Перамовы з кіраўніцтвам камітэту ішлі доўга, адзіны рэальны вынік — я стаў першым чалавекам не ў чэкісцкіх пагонах, які патрымаў тую справу ў руках, а таксама пагутарыў з «куратарам» Освальда — усё гэта, зрэшты, падрабязна апісана ў кнізе Аляксандра Лукашука «Освальд у Менску» (больш поўнае выданьне — «Галіяфы», 2017).

Вось тады і давялося пабываць у кабінэце старшыні КДБ, дзе партрэт «жалезнага Фелікса» быў заменены на нейкі пэйзаж з возерам і бярозкамі. Шыркоўскі любіў паразважаць пра цяжкую сытуацыю і «дэстабілізуючыя фактары» (праўда, фактары без фактуры — «Ты сам усё ведаеш, навошта мне табе называць»), а аднойчы паўжартам-паўсур’ёзна прапанаваў мне ісьці ў КДБ прэс-сакратаром — «Уяўляеш, які будзе знак перабудовы органаў!»

Канешне, да прапановы я паставіўся з жартам, але КДБ сапраўды перабудоўваўся. Ва ўсялякім разе, тады так падавалася: адкрываліся архівы, чэкісты самі друкавалі артыкулы пра рэпрэсаваных. Памятаю, як на Дзяды, магчыма, у гэтым самым 1993 годзе, калі мы праходзілі па праспэкце, супрацоўнікі КДБ выйшлі на прыступкі свайго будынку і моўчкі стаялі — без капелюшоў.

У мяне таксама засталіся добрыя ўражаньні ад тых некалькіх маладых афіцэраў дзяржбясьпекі, якія былі ў ахове Станіслава Шушкевіча.

Ня думаю, што Шыркоўскага можна назваць чалавекам дэмакратычных поглядаў, але ён ня быў сатрапам.

Зрэшты, магчыма, гэта была гульня пад «новыя часы».

Шушкевіч — шэф КДБ

Ня маю намеру ствараць палітычны партрэт старшыні КДБ — у кантэксьце падзеяў першых гадоў беларускай незалежнасьці важна тое, што, паводле закону, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету.

Але мэханізм гэтага падпарадкаваньня вызначаны ня быў. На практыцы гэта выглядала так, што толькі старшыня Вярхоўнага Савету атрымліваў рэгулярную, практычна штодзённую інфармацыю з КДБ і толькі яму старшыня КДБ дакладаў тое, што лічыў патрэбным дакласьці.

Нават «профільная» камісія Вярхоўнага Савету па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы са злачыннасьцю (заўважым — на першым месцы «нацыянальная бясьпека»), якую ўзначальваў Мечыслаў Грыб, — нават яна такой інфармацыі ня мела, і старшыня КДБ на даклады да кіраўніцтва парлямэнцкай камісіі не хадзіў. Ведаю таксама, што ніколі парлямэнцкая Камісія па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правах чалавека, членам якой я зьяўляўся, ня мела дакладаў з КДБ (натуральна, я не бяру ў разьлік нашу перапіску ў справе рэабілітацыі рэпрэсаваных).

Тыя парлямэнцкія камісіі, якія зьвярталіся ў камітэт па нейкую інфармацыю, звычайна яе атрымлівалі (напрыклад, гэтым карыстаўся Пётра Садоўскі ў бытнасьць старшынём камісіі па міжнародных сувязях і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці), але гэта былі адзінкавыя выпадкі.

Такім чынам, Станіслаў Шушкевіч фактычна адзіны атрымліваў рэгулярную інфармацыю ад Шыркоўскага.

Які аб’ём быў гэтай інфармацыі, што расказваў старшыня КДБ сьпікеру парлямэнту, у якой ступені і наколькі глыбока закраналася сытуацыя, якую прынята называць «унутрыпалітычнай», ці паведамляў Шыркоўскі Шушкевічу пра ўзаемаадносіны ўнутры партый (кіраўнікі КДБ заяўлялі, што не вядуць палітычны вышук), пра ўзаемаадносіны кіраўніцтва ўраду — магу толькі здагадвацца. Але ў студзені 94-га, калі Вярхоўны Савет адправіў яго ў адстаўку, Шыркоўскі сказаў Пазьняку: «Я рабіў для Шушкевіча ўсё!» Нам таксама было вядома, што Шыркоўскі інфармаваў Шушкевіча пра найбольш яскравыя факты карупцыі ў дзяржаўным апараце (ні адзін, ні другі гэтага не хавалі).

Словам, ад канца 1991-га і да студзеня 1994-га, да сваёй адстаўкі, цягам больш як двух гадоў Станіслаў Шушкевіч быў самым інфармаваным чалавекам у краіне.

Акрамя самога Шыркоўскага, зразумела.

І адзіным чалавекам, якому падпарадкоўваўся КДБ.

Пэўна, варта ўдакладніць — адзіным у Беларусі, бо ці выйшаў КДБ цалкам з-пад кантролю Лубянкі — спрэчнае пытаньне (пасьля сваёй адстаўкі Шыркоўскі пераехаў у Маскву).

Такая сытуацыя давала Шушкевічу вялікія магчымасьці для дзеяньняў.

І што асабліва важна — Шушкевіч мог разьлічваць на падтрымку Шыркоўскага.

І тут трэба нагадаць, што Савет міністраў і дзяржсакратар Данілаў неаднаразова рабілі спробы перавесьці КДБ ва ўласнае падпарадкаваньне, але гэта ім не ўдавалася: мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, заўсёды выступалі супраць, да нас далучаліся іншыя, і нават ня ўсе падкантрольныя Кебічу дэпутаты былі згодныя даць прэм’еру канчаткова поўны кантроль над краінай.

Не атрымаўшы посьпеху легітымным шляхам, атачэньне Кебіча пачало дзейнічаць ціха, праз створаныя і непадкантрольныя (у адрозьненьне ад міністэрстваў) так званыя «галоўныя ўпраўленьні» Савету міністраў. Галоўная роля тут адводзілася Генадзю Данілаву, чыё ведамства выступала ініцыятарам далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі.

У пэўны момант спробы кантролю зрабіліся нагэтулькі нязноснымі, што супраць выступіў і міністар унутраных спраў Уладзімер Ягораў, які быў членам ураду і падпарадкоўваўся Кебічу паводле Канстытуцыі. Кебічу, але не Данілаву.

Генэралы КДБ і МУС абараняюць Канстытуцыю

У адзін з апошніх дзён восені 1993-га мне пазванілі адразу некалькі журналістаў і запыталі, ці сапраўды Шыркоўскі і Ягораў выступілі супраць Кебіча? Спачатку я падумаў, што гэта нейкая ня надта прадуманая дэзінфармацыя, бо нічога падобнага ў Беларусі яшчэ не здаралася. Аднак неўзабаве я трымаў у руках некалькі аркушаў — ліст, які неўзабаве быў распаўсюджаны і сярод дэпутатаў.

Ліст меў назоў «Пра некаторыя пытаньні дзяржаўнага ўладкаваньня Рэспублікі Беларусь», падпісаны быў Шыркоўскім і Ягоравым 20 лістапада 1993 года.

Журналісты ня мелі рацыі — ліст ня быў супраць Кебіча, больш таго, ён меў два адрасы, Шушкевічу і Кебічу, і аўтары зьвярталіся да абодвух — «Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Паважаны Вячаслаў Францавіч!»

Зварот Ягорава і Шыркоўскага, лістапад 1993. З архіву С. Навумчыка.
Зварот Ягорава і Шыркоўскага, лістапад 1993. З архіву С. Навумчыка.

Аўтары зьвярталі ўвагу на «нэгатыўныя працэсы ва Ўзброеных Сілах», на прызначэньне на кіруючыя пасады паводле прынцыпу «асабістай адданасьці». Адмоўна ацэньвалі стварэньне самастойных Памежных войскаў («гэта прывяло да неабгрунтаваных калясальных фінансавых і матэрыяльных затратаў»).

Уладзімер Ягораў
Уладзімер Ягораў

Раней памежнікі ўваходзілі ў структуру КДБ, а з моманту вылучэньня Памежных войскаў у асобную структуру імі камандаваў былы камандзір Віцебскай дэсантнай дывізіі, дэпутат Вярхоўнага Савету Яўген Бачароў, якога называлі генэралам, цалкам падкантрольным Данілаву. Фактычна, Данілаў атрымаў даволі моцную ўзброеную групоўку. Шыркоўскі і Ягораў сьцьвярджалі, што Памежныя войскі ўзялі на сябе функцыю спэцслужбы: «уводзячы КДБ і іншыя органы ўлады ў зман адносна сапраўдных мэтаў, карыстаючыся падтрымкай Дзяржсакратара па барацьбе са злачыннасьцю і нацыянальнай бясьпецы, камандуючы Памежнымі войскамі стварыў АСАМ («асобную службу актыўных мерапрыемстваў»). Апошняя, падмяняючы органы дзяржаўнай бясьпекі і ўнутраных спраў, праводзіць па ўсёй тэрыторыі рэспублікі апэратыўна-вышуковыя дзеяньні ў поўным аб’ёме».

Далей аўтары сканцэнтраваліся на Дзяржаўным сакратарыяце па барацьбе са злачыннасьцю і нацыянальнай бясьпецы, які ўзначальваў Генадзь Данілаў.

Дзяржсакратарыят «якога-небудзь заўважальнага ўплыву на ўмацаваньне правапарадку ў рэспубліцы… ня робіць, але патрабаваньняў узгадняць чыста службовыя пытаньні ад яго ідзе аж занадта… Мэта самасьцьвярджэньня і стварэньня бачнасьці сваёй дзейнасьці, значнасьці сярод праваахоўных органаў выяўляецца ў настойлівым імкненьні Дзяржсакратарыяту і асабіста Г. Данілава падпарадкаваць сабе кадравую палітыку МУС… Аналіз дзеяньняў Г. Данілава дазваляе з усёй пэўнасьцю зрабіць выснову пра ягоныя спробы ўсталяваць сярод кіраўніцтва МУС атмасфэру падазронасьці і рознагалосьсяў».

Прыводзіліся і канкрэтныя факты — так, «зь відавочным перавышэньнем сваіх паўнамоцтваў і ў парушэньне існуючых правілаў Дзяржсакратарыят прыняў рашэньне пра ўвоз у рэспубліку вялікай партыі зброі з Расеі, ізноў жа праігнараваўшы пазыцыю МУС».

Шыркоўскі і Ягораў прапаноўвалі перападпарадкаваць войскі Грамадзянскай абароны і Чыгуначныя войскі Міністэрству абароны, а Памежныя войскі — КДБ.

Але галоўным было іншае: «Дзяржсакратарыят як структура, не прадугледжаная Асноўным Законам (Канстытуцыяй — С. Н.) дзяржавы і якая, сыходзячы з гэтага, не валодае ніякімі ўладнымі паўнамоцтвамі, зьяўляецца залішняй. Лічым, што далейшае ўмяшаньне дзяржсакратара Г. І. Данілава ў працу органаў зьнешняй контравыведкі, МУС і Ўнутраных войскаў цярпець нельга».

Тут упершыню на такім высокім узроўні была прызнаная неканстытуцыйнасьць створаных Кебічам структураў — раней пра гэта казалі толькі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ.

У апошнім абзацы Шыркоўскі і Ягораў паведамлялі, што ліст 23 лістапада будзе распаўсюджаны сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савету, «якія, як мы спадзяемся, прымуць адпаведнае рашэньне па ўзьнятых пытаньнях».

БНФ абараняе генэралаў

Саюзьнікі ў палітыцы могуць быць розныя — сталыя і часовыя, ідэйныя аднадумцы і апанэнты. Здараецца, што менавіта з часовымі саюзьнікамі зь лягеру ідэйных апанэнтаў дасягаюцца найбольшыя перамогі (прыклад — альянс Чэрчыля, Рузвэльта і Сталіна).

Думаю, што аўтарам ліста падавалася парадаксальным, што іх, былых камуністаў (Шыркоўскі свайго часу працаваў сакратаром райкаму камсамолу, а Ягораў — сакратаром ЦК камсамолу Беларусі), пракамуністычная большасьць падтрымаць адмовілася, а падтрымалі тыя, з кім яны калісьці змагаліся (Ягораў пэўны час служыў у КДБ, у структуры, якая займалася дысыдэнтамі — якраз тады, калі супраць Пазьняка ўжываліся рэпрэсіі за ўдзел у нацыянальным руху).

Аднак для нас было важна, што гэтыя два генэралы знайшлі ў сабе сьмеласьць выступіць супраць спаўзаньня краіны ў беззаконьне. Як потым нам стала вядома, яны разумелі, што нашая падтрымка будзе мець хіба што маральнае і палітычнае значэньне, але спадзяваліся яны на рашучыя дзеяньні Шушкевіча.

Наяўнасьць прозьвішча Кебіча сярод двух адрасатаў нікога не падманула: Шыркоўскі і Ягораў тым самым давалі прэм’еру шанец выправіць сытуацыю, хоць бясспрэчна, што мізэрнасьць такога шанцу была для іх відавочная. Выступаючы супраць найбліжэйшага палітычнага паплечніка і асабістага сябра Данілава (і адначасна — асабістага ворага Шушкевіча), сілавыя міністры фактычна выступалі супраць Кебіча і ў падтрымку Шушкевіча.

Ва ўсякім разе, Шушкевіч мог разьлічваць на іх падтрымку, і гэта карэнным чынам мяняла расклад сілаў — ён цяпер мінімальна залежаў ад Вярхоўнага Савету.

У той сытуацыі гэта азначала шмат, калі ня ўсё. Нават калі ня браць у разьлік Барыса Ельцына, якога Шушкевіч падтрымаў у драматычныя дні кастрычніка і які мог бы адгукнуцца на просьбу Шушкевіча аб падтрымцы ў адказ. Але ў дні адстаўкі Шушкевіча Ельцын такой падтрымкі ня выкажа — праўда, і просьбы не было.

Магчымасьці Шушкевіча пашыраюцца

Ліст Ягорава і Шыркоўскага адкрываў перад Шушкевічам магчымасьці, пра якія яшчэ нядаўна можна было толькі марыць.

Канешне, мы ў тыя дні абмяркоўвалі, што мог і што мусіў зрабіць старшыня Вярхоўнага Савету, прычым цяпер ужо нават ня ставячы наперад пазыцыю большасьці дэпутатаў (гэта была ўлюблёная адгаворка Шушкевіча, у пэўных выпадках справядлівая — парлямэнцкая большасьць здольная была заблякаваць якую заўгодна прапанову).

Шушкевіч мог заявіць пра неабходнасьць адстаўкі ўраду Кебіча, фармаваньня кааліцыйнага пераходнага ўраду, прыняцьця новага закону аб выбарах і іх прызначэньня на вясну 1993 году (апошняе, дарэчы, было абавязкам Вярхоўнага Савету паводле ўласнага рашэньня ў кастрычніку 1992 году).

Такі альгарытм дзеяньняў мы прапаноўвалі, і ён бы ўратаваў краіну ад таго, што адбылося неўзабаве (адстаўка Шушкевіча, прыняцьце пад ціскам атачэньня Кебіча прэзыдэнцтва і пасьля выбараў — спаўзаньне Беларусі ў аўтарытарызм). А галоўнае, гэта было цалкам рэальна.

Безумоўна, надзвычайнай сэсіі мусіла папярэднічаць падрыхтоўка.

У Шушкевіча была інфармацыя ад Шыркоўскага пра сумнеўныя камэрцыйныя гешэфты некалькіх дзясяткаў дэпутатаў, і індывідуальныя гутаркі з гэтымі дэпутатамі цягам некалькіх дзён прымусілі б іх узважыць сваю пазыцыю. Магчыма, гэта і не зусім прыгожы мэтад — але прыдатны, каб засьцерагчыся ад вялікай бяды ў будучыні. Як кажуць, людзі — не анёлы, такі мэтад прымяняецца ў парлямэнцкай практыцы пераходных краінаў.

Шушкевіч мог выступіць у жывым этэры тэлебачаньня і радыё з фактамі пра карупцыю ў структурах ураду (і гэта былі б рэальныя факты, іх яму ў вялікай колькасьці даваў Шыркоўскі).

І гэта было б тое, што завецца «інфармацыйнай бомбай».

Якая, акрамя іншага, перацягнула б на сябе антыкарупцыйныя чаканьні грамадзтва, і даклад Лукашэнкі ўжо ня меў бы таго эфэкту, які атрымаў (а найхутчэй, таго дакладу зусім бы не было — бо сэсія мусіла прыняць толькі рашэньні пра адстаўку Кебіча, пераходны кааліцыйны ўрад і новыя выбары).

Зусім няшмат трэба было Шушкевічу, каб стварыць адпаведную атмасфэру ў грамадзтве. Уласна, такая атмасфэра ўжо існавала, у немалой ступені ў выніку дзейнасьці БНФ — атмасфэра недаверу Кебічу і чаканьня пераменаў.

А якраз незадоўга да ліста міністраў Шушкевіч меў магчымасьць пераканацца, што менавіта актыўныя энэргічныя і сьмелыя дзеяньні маюць эфэкт у няпростых сытуацыях.

Пасьля забойства старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Дзьмітрыя Арцымені Шушкевіч паехаў на сэсію Горадзенскага абласнога савету — пад узмоцненай аховай.

Горадзенскія дэпутаты, большасьць зь якіх складала намэнклятура, даведаліся пра магчымы прыезд Шушкевіча і ўжо прадчувалі асалоду, як «уваляць яму, як каню» — і за «развал Саюзу», і за «разгул дэмакратыі».

Аднак выгляд ахоўнікаў з аўтаматамі, якія ўвайшлі ў залю, прыклеіў языкі, і «народныя абраньнікі» імгненна зьмянілі сваю пазыцыю ды прагаласавалі не за сваю крэатуру, а за прапанаванага сьпікерам Сямёна Домаша.

Розныя варыянты дзеяньняў былі ў Станіслава Шушкевіча пры падтрымцы старшыні КДБ і міністра ўнутраных спраў.

Ніводзін зь іх скарыстаны ня быў — Шушкевіч спадзяваўся, што яму ўдалося дасягнуць згоды, і Беларусь у новы 1994 год увойдзе «шляхам канстытуцыйных пераўтварэньняў».

Але да канца 1993-га адбылася яшчэ адна падзея — перадапошняя ў шэрагу драматычных падзеяў гэтага году, якой, аднак, давялося быць вызначальнай.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG