Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзяржаўная газэта надрукавала артыкул «Курапаты — нахабная хлусьня „сьвядомых“»?


Курапаты, архіўнае фота

Беларуская вайсковая газэта «Во славу Родины» (гэта цэнтральны друкаваны орган Міністэрства абароны) надрукавала артыкул «Курапаты — нахабная хлусьня „сьвядомых“».

У ім расказваецца пра кнігу падпалкоўніка запасу Аляксандра Плавінскага «Курапаты — ля вытокаў гістарычнай сэнсацыі». У ёй аўтар сьцьвярджае, што ў Курапатах праводзілі расстрэлы не супрацоўнікі НКВД падчас сталінскіх рэпрэсій, а фашысцкія акупанты ў 1941–1942 гадах.

Паводле артыкула, у кнізе аўтар «пасьлядоўна разьбірае прыёмы і дэталі фальсыфікацый». Маўляў, «беларускія «сьвядомыя», якія наставілі ў Курапатах каталіцкіх крыжоў, «перакладаюць зьверствы фашыстаў на супрацоўнікаў НКВД».

«Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі беларускія нацыяналісты дзеля дасягненьня сваіх палітычных мэтаў паставяць на шалі ўсё з мэтай кампрамэтацыі нашай былой савецкай гісторыі», — сьцьвярджае аўтар артыкула.

Ці азначае гэта, што Міністэрства абароны ставіць пад сумнеў высновы чатырох пракурорскіх сьледзтваў? Прычым чацьвёртае сьледзтва правяла ў 1999 годзе вайсковая пракуратура, якая не знайшла ў Курапатах «нямецкага сьледу».

«Гэта рэцэнзія на кнігу, якая выйшла накладам у тысячу асобнікаў, вучонага, кандыдата гістарычных навук. Калі ў вас ёсьць на ўзроўні навукі абвергнуць нейкія факты, калі ласка, пішыце. У нас свабодная краіна, свабодная прэса. І думка вядомага вучонага мае права быць», — так адказаў на пытаньні прэсавы сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў.

Кніга Аляксандра Плавінскага ў менскай кнігарні
Кніга Аляксандра Плавінскага ў менскай кнігарні

Аляксандар Плавінскі, які называе сябе пісьменьнікам і грамадзкім дзеячам, на сваёй старонцы ў сацсеткцы «Одноклассники» заклікаў «чытаць праўду пра Курапаты» ў вайсковай газэце.

Раней ён выступаў у цэнтры грамадзкіх аб’яднаньняў Ленінскага раёну Менску на канфэрэнцыі, зладжанай з дапамогай старшыні Ленінскай раённай арганізацыі «Белай Русі» Аляксея Сегаловіча, а таксама перад старшаклясьнікамі. Разам зь ім пра курапацкі «фэйк» старшаклясьнікам расказваў і Ігаэл Іегудзі, сябра imhoclub.by, які прадстаўляецца рабінам, хоць, паводле кіраўніка Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Рыгора Хайтовіча, ня мае афіцыйнага званьня рабіна.

Аляксей Сегаловіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ёсьць «цэлая група людзей, якія зацікаўленыя знайсьці праўду і кажуць, што ў Курапатах расстраляныя ахвяры вайны, а не палітзьняволеныя савецкага часу». Яны якраз прыходзілі ў грамадзкую прыёмную «Белай Русі».

«Яны нас не пераканалі, але выклалі свой пункт гледжаньня. Гэта не вучоныя, але аматары. Я так разумею, што там будзе падтрымка Міністэрства абароны, калі такія факты насамрэч ёсьць. Але як „Белая Русь“ мы акуратна карыстаемся любымі матэрыяламі. Спачатку трэба ўзважыць, ці гэта так. Але калі прыводзяцца факты і ёсьць цэлая каманда людзей, то, магчыма, і трэба давяраць», — сказаў Аляксей Сегаловіч.

Аляксандар Плавінскі расказаў у сацсетках таксама пра свой удзел у краязнаўчым форуме Беларусі, які праходзіў у гістарычным музэі. Апанэнты назвалі яго на гэтым форуме «сталіністам» і «энкавэдыстам». У канцы свайго выступу Плавінскі заклікаў «увесьці норму адказнасьці за тое, калі людзі ахвяраў нацыстаў называюць ахвярамі НКВД».

Такую прапанову кандыдат гістарычных навук, археоляг Вадзім Кошман называе праявай таталітарнага падыходу. Хто такі Плавінскі, ён ня ведае, і яму гэты чалавек не цікавы. Чаму цяпер актывізавалася «каманда людзей» разам з Плавінскім?

Вадзім Кошман, архіўнае фота
Вадзім Кошман, архіўнае фота

«Цяжка сказаць, гэта заўсёды было. Іншая справа, што цяпер у большай ступені людзі карыстаюцца інтэрнэтам, часьцей чытаюць, і таму ствараецца ўяўленьне, што нешта пераглядаецца ці можна пераасэнсаваць гэтыя падзеі.

У прынцыпе, тут няма ніякай праблемы: што высновы дзяржаўнай камісіі, што высновы археолягаў цяжка абвергнуць. Таму што сам матэрыял гаворыць сам за сябе, вось і ўсё.

А тое, што людзі сабе прыдумляюць, дык гэта, прабачце, ёсьць цэлы кірунак, які даказвае, што амэрыканцы не былі на Месяцы, а эгіпэцкія піраміды будавалі іншаплянэтнікі.

А што, гэты чалавек, гэтая група людзей ці хтосьці яшчэ мае нейкія іншыя крыніцы, чым крыніцы, якія былі здабытыя падчас эксгумацыі на археалягічных работах? Наўрад ці. У іх проста ня можа быць іншых крыніц. Што ён, мае іншыя дакумэнты альбо наогул дакумэнты, якія тычацца гэтага месца? Не. Гэта ня што іншае, як кансьпіралёгія найчысьцейшай вады».

Паводле Вадзіма Кошмана, Плавінскі трактуе не матэрыялы, «а свае ў большай ступені меркаваньні».

«Курапаты — гэта не адзіны помнік, дзе фіксуюцца даваенныя расстрэлы. Ёсьць сотні помнікаў, дзе фіксуюцца ваенныя расстрэлы, яны маюць абсалютна іншыя прынцыпы ўтварэньня гэтых аб’ектаў, хто там ляжыць, якая зброя выкарыстоўвалася пры забойстве, якія рэчы ў іх пры сабе былі, чым яны адрозьніваюцца.

У прынцыпе, праца з гэтым матэрыялам паказвае, у чым розьніца, і паказвае ў прынцыпе гэты падзел — даваенны і ваенны. І ў гэтым для чалавека, які хоча гэта бачыць, гэта відавочна. Для чалавека, які ня хоча гэтага бачыць — значыць, ня хоча, што ж тут зробіш.

У агульным асэнсаваньні аб’екта, зыходзячы з наяўнага матэрыялу, зыходзячы з аналёгій, якія вядомыя на тэрыторыі Расеі і Ўкраіны, даць іншую інтэрпрэтацыю, чым яна дадзена яшчэ ў канцы 80-х гадоў падчас першага сьледзтва, мы ня можам, таму што тое заключэньне ўрадавай камісіі цяжка абвергнуць».

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG