Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Куды яны зьбягуць — ледзь ногі валакуць». Як жылі на поўначы Расеі ў спэцпасяленьнях


Спэцпасяленцы на нарыхтоўцы лесу
Спэцпасяленцы на нарыхтоўцы лесу

Тысячы чалавек бязь вестак зьніклі ў спэцыяльных паселішчах на поўначы Расеі, куды адпраўлялі жыць раскулачаных сялян у пачатку 1930-х гадоў.

Сёньня гэтыя пасёлкі амаль усе зьніклі. А ў тых, што засталіся, нашчадкі рэпрэсаваных і канваіраў разам змагаюцца за электрычнасьць і дарогі. Адно з такіх паселішчаў наведаў карэспандэнт Север. Реалии.

— Я жыла ў пасёлку Салтозера, што ў Плясецкім раёне. Гэта 40 км ад Пуксавозера. А яшчэ далей у тайзе быў пасёлак Ледзь-возера, — расказвае Альбіна Даурава, былая жыхарка Архангельскай вобласьці. — Калі вучылася ў школе, клясны кіраўнік Навамір Генадзевіч Іваноў распавядаў, што паміж Салтозером і Ледь-возерам знаходзіўся пункт — глухая тайга — куды прывозілі раскулачаных сялян. Імі было заснавана паселішча. Сяляне ў тайзе выжылі і жылі. У мой час — гэта 80-я гады — ад гэтага паселішча ўжо нічога не засталося. Зрэшты, цяпер ад Ледзь-возера і Салтозера таксама амаль нічога няма.

Вывозіць сялян у глухія паўночныя мясьціны савецкая ўлада масава пачала ў 1930-м годзе. Высылцы падлягалі сем’і рэпрэсаваных па «першай катэгорыі» — расстраляных або адпраўленых у лягеры прадстаўнікоў «контррэвалюцыйнага кулацкага актыву», а таксама ўся «другая катэгорыя» — пакінутыя ў жывых багатыя кулакі і паўпамешчыкі зь сем’ямі.

Пазьней да кулакоў далучыліся высланыя паводле нацыянальнай прыкметы — палякі, немцы, малдаване, украінцы, фіны, крымскія татары. Пасьля вайны ў спэцпаселішчы адправіліся абвінавачаныя ў калябарацыянізьме.

— Высылка была ўзаконена Крымінальным кодэксам 1922 году. Масавыя высылкі пачаліся пасьля 30 студзеня 1930 году, калі Палітбюро прыняло пастанову «Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі». У Архангельскую вобласьць, Карэлію і паўночныя раёны Валагодзкай вобласьці было адпраўлена амаль 800 тысяч рэпрэсаваных з усіх рэгіёнаў, плюс 58 тысяч палякаў і ад 11 да 12 тысяч немцаў. Спэцпасяленьні ствараліся звычайна на месцы ці побач з існымі вёскамі, каб выкарыстоўваць пасяленцаў як працоўную сілу. Толькі ў Архангельскай вобласьці ссыльных палякаў расьсялілі ў 130-ці пасёлках, а па краіне іх былі тысячы, — расказвае Міхаіл Супрун, прафэсар гісторыі Паўночнага Арктычнага Фэдэральнага ўнівэрсытэту імя М. В. Ламаносава.

«Усяго за 1930 і 1931 год адпраўлена на спэцпасяленьне 1 803 392 чалавекі», — гаворыцца ў даведцы Аддзела па спэцперасяленцах ГУЛАГа ОГПУ.

Ляжнёўка — дарога, па якой пасяленцы вазілі лес
Ляжнёўка — дарога, па якой пасяленцы вазілі лес

«Да пачатку 1932 года ў Паўночным краі працай спэцпасяленцаў было пабудавана 319 спэцпаселішчаў, — піша ў сваёй дысэртацыі кандыдат гістарычных навук Мурманскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Людміла Лобчанка. — У тым ліку, на тэрыторыі сфэры дзейнаьсці трэстаў наркамата лясной прамысловасьці СССР збудавана 217 буйных спэцпаселішчаў, і 102 спецпаселішчы былі пабудаваныя ў 17 раёнах краю для састарэлых і адзінокіх спэцпасяленцаў».

Немец Кінслер стаў Паповым

Многія спэцпасяленцы хавалі сваю біяграфію, зьмянялі прозьвішчы. У Аляксандра Андрэевіча Папова сапраўднае прозьвішча — Кінсьлер. Ён нарадзіўся ў 1941-м годзе, у сям’і рэпрэсаваных немцаў. Яго маці Элу Андрэеўну Шлегель і бацьку Андрэя Андрэевіча Кінсьлера з Саратаўскую вобласьць прыгналі ў 30-х гадах у пасёлак Літвіна Ленскага раёну Архангельскай вобласьці. Іх сын Аляксандр Кінсьлер хаваў свой радавод, і калі ажаніўся ў 1962 годзе, узяў прозьвішча жонкі.

— Мы былі абавязаныя кожны тыдзень адзначацца ў камэнданта Паўла Лужкова, — успамінае Аляксандар Папоў. — Нашы баракі былі з двух бакоў акружаныя шырокімі ручаямі. Каб перайсьці цераз ручай у сельпо за прадуктамі, трэба было прасіць дазволу ў камэнданта. Я быў дзіцем, і таксама хадзіў прасіць для сябе дазвол схадзіць па хлеб. Камэндант дазвол мог ня даць, калі ў яго быў дрэнны настрой, які часта псаваўся праз жонку. Камэндант Лужкоў быў невялікага росту, хадзіў у галіфэ і зь пісталетам на баку. А жонка ягоная — высокая жанчына. Камэндант, каб задаволіць яе прыхамаці, пасылаў мужчын з ліку рэпрэсаваных немцаў, каб яны прынесьлі яе на руках з лазьні да хаты. І несьлі — распараную, задаволеную. Не паслухацца не маглі.

Спэцпасяленцы ў Літвіне разьмяшчаліся ў бараках са сьценамі з жэрдак. Шчыліны затыкалі анучамі, мохам, дошчачкамі. Сям’я Кінслераў зь дзевяці чалавек жыла на чатырох квадратных мэтрах. З двух жалезных бочак зрабілі печкі, дзе сушылі вопратку пасьля працы на лесапавале.

Вёска Літвіна
Вёска Літвіна

Наркамзему РСФСР, адказнамуза спэцкалянізацыю, прадпісвалася выкарыстоўваць працу спэцпасяленцаў у першую чаргу на лесанарыхтоўках і промыслах, і толькі зусім непрыдатных да цяжкай працы адпраўляць у сельскую гаспадарку. Кожны з пасяленцаў у Літвіне павінен быў выканаць норму — сьпілаваць, ачысьціць ад галінак сем кубамэтраў лесу ў дзень (у КАМАЗ ўваходзіць прыкладна чатыры кубамэтры). Такая нагрузка была не па сілах, і пасяленцы плян не выконвалі — заработная плата ў іх не перавышала 200 рублёў. Хлеб каштаваў на рынку прыкладна 100 рублёў.

З заробку кожнага чалавека вылічвалася 10 працэнтаў на ўтрыманьне камэнданта.

— Камэндант быў цар і бог. Бацька майго блізкага сябра з Халамагорскага раёну быў камэндантам, — распавядае гісторык Міхаіл Супрун. — Афіцыйная частка працы камэнданта — выганяць на працы, сачыць за выкананьнем нормаў выпрацоўкі і парадкам. Неафіцыйна — усё залежала ад асобы камэнданта. Камэндант мог застрэліць чалавека, і яму ніякага пакараньня за гэта не было. Калі камэндант быў халасты, то ён дазваляў сабе ўсякія брыдоты адносна жанчын.

З 1931 года ўпраўленьне спэцпасяленьняў было перададзена ад райвыканкамаў у ОГПУ. Камэндант пасёлка падпарадкоўваўся раённай спэцкамэндатуры. У пасёлку камэндант сачыў за паводзінамі пасяленцаў, выяўляў крымінальна-злачынныя элемэнты, лавіў уцекачоў, якія спрабавалі зьбегчы з пасёлка. У непраходнай тайзе ўдавалася гэта нешматлікім. Шмат хто быў зь дзецьмі, зь якімі далёка ня пойдзеш. Уцекачоў знаходзілі з аўчаркамі і вярталі назад, пасьля каралі, саджалі ў карцэр. Пры паўторнай спробе ўцёкаў — адпраўлялі ў лягеры.

Вырвацца з спэцпаселішча было немагчыма, нягледзячы нават на міждзяржаўныя пагадненьні.

— 12 жніўня 1941 году па дамове паміж савецкім і польскім кіраўніцтвам палякам прапанавалі ваяваць на баку саюзьнікаў у арміі польскага камандуючага Ўладзіслава Андэрса. Аднак многія камэнданты, каб утрымаць працоўную сілу, адмаўляліся выдаваць пашпарты на любых падставах, — распавядае Супрун.

Зямлянка спэцпасяленцаў
Зямлянка спэцпасяленцаў

Рэжым спэцпасяленьняў стаў менш жорсткім ў 1954 годзе. Пасьля XX зьезду КПСС, дзе Мікіта Хрушчоў разьвянчаў культ асобы Сталіна, у 1956 годзе з пасёлкаў зьнялі спэцыяльны статус. Яны сталі звычайнымі вёскамі ў складзе раёнаў, акрамя месцаў, дзе жылі крымскія татары, немцы, палякі. У дачыненьні да іх рэжым спэцпасяленьняў дзейнічаў па-ранейшаму. У 90-х гадах крымскія татары самавольна сталі вяртацца ў Крым. Выселеныя з Паволжа немцы назад не вярнуліся.

Сёньня ў вёсцы Літвіна, заснаванай рэпрэсаванымі немцамі, аб загінуўшых пасяленцах не ўспамінаюць. Жыхары шануюць памяць байцоў Чырвонай арміі, праводзяць шэсьце Несьмяротнага палка. Немец Аляксандр Папоў у ім удзел не бярэ. Яго бацьку Андрэя Кінсьлера падчас вайны забралі ў працоўны батальён, дадому ён не вярнуўся.

Несьмяротны полк у Літвіне
Несьмяротны полк у Літвіне

Дарога як месца нараджэньня

Сёньня за захаваньне былых спэцпаселішчаў змагаюцца нашчадкі рэпрэсаваных і іх былых начальнікаў. Унукі спэцпасяленцаў зь вёскі Арлова, тры браты — Анатоль, Мікалай і Аляксей Нечапурэнкі жывуць цяпер у Архангельску. Пераехаў у горад і Сяргей Фёдараў — сын начальніка лесанарыхтоўчага пункту, які камандаваў пасяленцамі.

Былыя баракі ў Арлове, пабудаваныя бабуляй і дзядулем братоў Нечапурэнкаў, цяпер ператварыліся ў іх дачы. Кожны раз, праходзячы па разьбітай дарозе ў Арлове, браты варожаць, на якім участку шляху нарадзіўся Мікалай, сярэдні зь іх.

— Бацька не пасьпеў давезьці маці да бальніцы — Мікалай нарадзіўся ў возе. Месца яго нараджэньня на дарозе нам бацькі не паказалі. Бацька ўсяго баяўся, — кажа старэйшы брат Анатоль Нечапурэнка.

Паводле закону, бацькі сем’яў пасяленцаў на працягу трох дзён павінны паведамляць аб усіх зьменах, якія адбыліся ў сям’і, — зьнікненьне, сьмерць, нараджэньне. У выпадку парушэньня можна было атрымаць пяць сутак арышту і штраф.

— Маці і бацька былі членамі сем’яў раскулачаных. Маіх бабулю Антаніну Андрэеўну і дзеда Міхаіла Васільевіча Канавалавых новая савецкая ўлада палічыла заможнымі людзьмі. У Астрахані ў дзеда быў параход, служанка. За гэта іх саслалі разам з 11-гадовай дачкой Надзеяй, маёй будучай мамай, — распавёў Анатоль Нечапурэнка. — Гэта быў вельмі цяжкі шлях, іх гналі па чыгунцы і па моры з 1932 па 1934 год. Баржу з рэпрэсаванымі — каля тысячы чалавек — доўга вазілі па ўсім Белым моры. Баржа прыставала то да аднаго берага, то да іншага, ахоўнікі хацелі яе затапіць ў моры, як гэта рабілі з іншымі баржамі, бо ня ведалі, што рабіць з раскулачанымі людзьмі. Мая маці заўсёды казала, што гэта бог іх выратаваў.

Потым баржу вырашылі адправіць у горад Котлас па рацэ Паўночная Дзьвіна. Але не пасьпелі да маразоў — рака стала замярзаць. Баржа засела. Канвойныя загадалі выгружацца. Па лёдзе пайшлі на бераг. Вакол нічога не было. Глухая тайга.

— Людзям пакінулі дзесяць намётаў, але разьмясьціць там тысячу чалавек было немагчыма, — успамінае Нечапурэнка. — Калі пачалі капаць зямлянкі — вада праступала ў ямах. Аказалася, што побач балота. Сталі рыць абводныя канавы, асушвалі зямлю. Але гэта мала дапамагала. Улетку ў зямлянках са сьцен капала вада. Дзеці часта хварэлі і паміралі. Добра, што не было выпадкаў людаедзтва, як у суседнім пасяленьні Ярэньга ў Ленскім раёне.

Загадалі будаваць баракі. Для начальства цёплыя хаты будавалі з кругляку. Хадзіць па вуліцах вечарам было нельга. Пашпарты ў пасяленцаў адабраў камэндант. Ён выконваў загады ня толькі начальнікаў НКВД, але і ўказаньні дырэктара прадпрыемства, да якога прымацоўваліся пасяленцы. Звычайна гэта былі начальнікі лесанарыхтоўчых пунктаў.

— Лесапункт — гэта прыкладна тое ж самае, што і леспрамгас, толькі маштабамі менш. Нарыхтоўвае лес ўручную, па пояс у сьнезе зімой, тэхнікі тады асаблівай не было, — распавядае Сяргей Фёдараў, сын начальніка лесапункту ў Арлове Яўгена Фёдарава.

Лягер спэцпасяленцаў Макарыха, 1930-я гады
Лягер спэцпасяленцаў Макарыха, 1930-я гады

— Мама расказвала, што ў іх было два камэнданты. З добрым камэндантам людзі ўздыхнулі вольна, маглі хадзіць у ягады, грыбамі ў лес і вярталіся назад. А дрэнны камэндант людзей лупцаваў бізуном, прымушаў працаваць. Хоць і бяз гэтай нагайкі ўсе працавалі з усіх сіл, — кажа Анатоль Нечапурэнка. — На маю маці ён аднойчы наставіў пісталет. Крычаў. А яна была ў такім шоку, што нават праз гады ня памятала, за што на яе крычаў камэндант. Трэба было выконваць норму, інакш пайка хлеба памяншалася, ці яе не выдавалі зусім. У 1939 годзе ў маці нарадзіўся я. Даведку аб нараджэньні выдаў камэндант, дзе наша прозьвішча было напісана няправільна. У нас ва ўсіх памылкі ў прозьвішчы. Камэнданту не было справы, што мы ўсе дзеці свайго бацькі. Яшчэ трое дзяцей памерлі ад голаду.

Дзеці спэцпасяленцаў з 1935 году былі адноўлены ў правах, і атрымаўшы пашпарт, маглі пакінуць месца высылкі бацькоў. Але многія засталіся вольнанаёмнымі, працавалі на лесанарыхтоўчым пункце. Сяргей Фёдараў кажа, што з часам супярэчнасьці паміж ссыльнымі і наглядчыкам сьцерліся, нягледзячы на цяжкія ўмовы працы.

— Ніхто зла не трымае на савецкую ўладу, нават наадварот. Мы звычайна бачымся летам, калі жывем у вёсках, — распавядае ён. — Першыя тры гады я жыў у пасёлку Арлова, які заснавалі раскулачаныя з Украіны і Астраханскай вобласьці. Пасьля Вялікай Айчыннай вайны, думаю, яны крыху забыліся на свае крыўды. Ваявалі разам.

Зараз у Арлове ніхто пастаянна не жыве, пасёлак стаў дачным. Але Анатоль Нечапурэнка кажа, што стаўленьне да жыхароў пасёлку ва ўладаў не зьмянілася. Электрычнасьці ў пасёлку не было да 1982 году, калі Нечапурэнка змог дамагчыся ў Халмагорскім райвыканкаме пабудовы падстанцыі. А вось нармальнай дарогі да гэтага часу няма. Па самаробнай грунтоўцы ад трасы М8 да вёскі ў непагадзь на машыне не праехаць, і цягаць цяжкі багаж дачнікам даводзіцца на сабе, як гэта рабілі іх продкі-спэцпасяленцы.

— Ужо да Пуціна на прамую лінію два разы зьвяртаўся, але ніхто нічога ня робіць, — кажа Нечапурэнка. — Ад нашай пракуратуры, мясцовай адміністрацыі прыходзяць адпіскі, што мы — «дачнікі» і ніякіх правоў ня маем. Атрымліваецца, мы не людзі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG