Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіхоўскі: Пуціну ад Беларусі апошнім часам трэба было толькі адно — каб яна самаліквідавалася і ўлілася ў склад Расеі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020

Расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі тлумачыць, чаму стаўленьне Лукашэнкі да эпідэміі каранавірусу радыкальна адрозьніваецца ад стаўленьня на Захадзе і ў Расеі, адказвае на пытаньне, ці пройдзе ў Менску парад 9 траўня, і прагназуе, якімі будуць адносіны Масквы і Менску пасьля каранавірусу.

Сьцісла:

  • Палітык залазіць у пастку, дзе адмовіцца ад сваіх словаў — гэта значыць адступіць, страціць частку сваёй харызмы.
  • Лукашэнка працягвае жыць так, нібыта ніякай эпідэміі няма.
  • Што агульнага ў беларускай і расейскай апазыцыі? Тое, што ні той, ні той не існуе.
  • Калі ты праводзіш парад, то ты выклікаеш нянавісьць у вайскоўцаў, якіх ты прымушаеш хадзіць, заражаць адзін аднаго і свае сем’і.
  • Асаблівых беларуска-расейскіх адносін больш няма, скончыліся.

— Падчас эпідэміі каранавірусу беларускі прэзыдэнт вярнуўся да сваёй традыцыйнай ролі, у якой увесь сьвет ідзе не ў нагу і толькі ён у нагу. Як вам з Масквы бачыцца такая палітыка Лукашэнкі? Чым вы яе можаце патлумачыць — нейкімі яго палітычнымі і ўладнымі інтарэсамі ці проста асаблівасьцямі характару?

— І тое, і другое. Калі весьці размову пра рацыянальныя меркаваньні, то яны дастаткова відавочныя. Пра гэта многія ў сьвеце кажуць, што вайна з каранавірусам больш небясьпечная за сам вірус і выклікае больш моцную пандэмію эканомікі. Мне такія развагі падаюцца даволі недарэчнымі, бо зыходзяць зь нежаданьня зразумець, што барацьба зь вірусам у форме карантынаў, так, вельмі цяжкая для эканомікі, але вірус — гэта ня жарт, і толькі дзякуючы барацьбе зь ім шляхам карантыну эпідэмія ня будзе распаўсюджвацца бескантрольна. А калі не змагацца, будзе той жа каляпс эканомікі плюс трупы на вуліцах, плюс ліквідацыя мэдыцыны як інстытуту.

Леанід Радзіхоўскі
Леанід Радзіхоўскі

Многія людзі гэтага не разумеюць. Палітыкі таксама людзі, часам інтэлектуальна даволі абмежаваныя (у іх павінны быць разьвітыя іншыя функцыі), і многія зь іх шчыра лічаць, што гэта разьдзьмута СМІ, фэйк-ньюс і гэтак далей. Вось вам рацыянальнае меркаваньне — «нельга развальваць беларускую эканоміку», тым больш яна слабая, імунітэт у яе невялікі, карантын для яе можа абярнуцца катастрофай.

Піяраўскія меркаваньні заключаюцца ў тым, што многія людзі менавіта так і думаюць. І Лукашэнка ў гэтым сэнсе працуе на значную частку шырокай публікі, асабліва неадукаванай.

Ну, і, нарэшце, ягоныя асабістыя перакананьні. Сярэднеадукаванага, хітрага, досыць цёмнага чалавека, які добра ведае, што такое дэмагогія, але кепска разумее, што такое пандэмія.

Камбінацыя гэтых трох момантаў і прывяла да таго, што ён абраў такую лінію паводзінаў. А далей палітык залазіць у пастку, дзе адмовіцца ад сваіх словаў — гэта значыць адступіць, страціць частку сваёй харызмы. Бо толькі з такіх меркаваньняў палітыкі часам працягваюць заведама бессэнсоўную палітыку — прыклады ва ўсім перад вачыма, узяць хаця б Пуціна ў Сырыі. Я думаю, Лукашэнка тым болей схільны да такіх паводзінаў.

— Калі раней Лукашэнка не ішоў у нагу з Захадам, то ў стаўленьні да каранавірусу — і з Крамлём. Відавочна, беларускі кіраўнік не чакаў, што Расея перакрые межы зь Беларусьсю, успрыняў гэта як нож у сьпіну. Нарастае абмен уколамі паміж Крамлём і Менскам, у якім прыняў удзел нядаўна міністар замежных спраў Беларусі. Наколькі парадаксальная сытуацыя, калі Беларусь так актыўна не супадае ня толькі з Захадам, але і з Масквой?

— Гэтая сытуацыя даволі простая. Сёньня кожны за сябе. Наколькі я разумею, Маскве глыбока напляваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Пуцін, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, разумее, наколькі небясьпечная эпідэмія, разумее, што гэта не піяр. У Расеі справа дайшла да таго, што ня толькі ад Беларусі — вобласьці адгароджваюцца адна ад адной. Сёньня я прачытаў, што ўлады Татарстану патрабуюць, каб тыя, хто прыехаў з Масквы, пайшлі ў карантын.

Каму зараз у Маскве справа да Беларусі? Хай Лукашэнка хоць на галаве стаіць. Расея закрываецца ад усіх, як і іншыя краіны. У Эўразьвязе, які, у адрозьненьне ад саюзу Беларусі і Расеі, зьяўляецца рэальным інтэграцыйным утварэньнем, краіны закрылі ўсе межы ўнутры.

І справа не ў піяры. Базіс тут просты — людзям ня хочацца паміраць і хварэць. Таму Расея вядзе сваю палітыку, банальную, такую ж, як усе краіны, акрамя Швэцыі. Расея змагаецца не зь Беларусьсю і не з Лукашэнкам, а з каранавірусам. А Лукашэнка працягвае жыць так, нібыта ніякай эпідэміі няма.

— Цяпер утварылася даволі парадаксальная сытуацыя, калі дэмакратычная беларуская апазыцыя патрабуе ўвесьці карантын, а дэмакратычная расейская апазыцыя ў значнай ступені абураецца тымі мэтадамі, якімі ажыцьцяўляецца карантын у Расеі. Як, па-вашаму, у такіх сытуацыях павінна паводзіць сябе апазыцыя? Выступаць супраць любых дзеяньняў улады ці ў такі момант думаць не пра палітыку, а пра вірус?

— Што агульнага ў беларускай і расейскай апазыцыі? Тое, што ні той, ні той не існуе.

Асабіста як чалавек я лічу, што ў такі момант ніякай апазыцыі, ніякіх праўладных сілаў быць ня можа. Гэтаксама як хворы не павінен спрачацца з доктарам. Трэба сачыць толькі за адным — наколькі адэкватна паводзяць сябе ўлады. У астатнім я магу ўладу падтрымліваць ці асуджаць, гэта ня мае ніякага значэньня.

На дадзеным этапе першачаргова толькі адно — барацьба з гэтай рэальнай пагрозай. Я палітычны праціўнік Пуціна, лічу, што ён даўно павінен сысьці. Але цяпер недарэчна абмяркоўваць палітыку Пуціна. Важна адно — якія санітарныя захады робяцца. Павінен сказаць, што Пуцін у гэтай сытуацыі паводзіць сябе вельмі слаба. Можа, гэта і някепска — не перашкаджае. І рэальную ўладу ў барацьбе зь вірусамі вымушаныя ўзяць на сябе губэрнатары.

Як чалавек я гэтыя карантынныя крокі вітаю, у Маскве яны вельмі адэкватныя.

Што тычыцца людзей палітычна ангажаваных, для якіх нават ва ўмовах пандэміі першасная палітыка. Калі для вас найважнейшая палітыка, то, натуральна, вы павінны быць супраць улады. І калі ўлада кажа: «Трэба ўводзіць карантын» — то вы павінны гаварыць: «Нельга ўводзіць». Але гэтага расейская апазыцыя сказаць ня можа, бо яна празаходняя, а на Захадзе карантын увялі. Таму расейская апазыцыя кажа — «Няправільна ўвялі». Дарэчы, галоўнае абурэньне і прэтэнзія расейскай апазыцыі зьвязанае з тым, што дзяржава не дапамагае прыватнаму бізнэсу — і гэта прэтэнзія разумная і абгрунтаваная.

Што тычыцца беларускай апазыцыі, то калі яна патрабуе ўвядзеньня карантыну — гэта, як я лічу, цалкам відавочная і элемэнтарная рэч. Сёньня гэты карантын уладам падаецца глупствам, але калі паглядзець на крок наперад — то стане зразумела, што вы атрымаеце паўнавартасную нацыянальную катастрофу.

— Беларуская ўлада ня толькі ня ўводзіць карантын, але і зьбіраецца праводзіць у Менску парад 9 траўня. Прытым у разгар эпідэміі, які, нават паводле афіцыйных ацэнак, наступіць у Беларусі ў канцы красавіка — пачатку траўня. Беларускія аналітыкі выказваюць думку, што Лукашэнку гэта патрэбна, каб заваяваць сымпатыі расейскіх «патрыётаў».

— Па-мойму, гэта будзе залежаць ад лічбаў. Я веру ў рэальнасьць гэтай эпідэміі і ў тое, што калі не рабіць захадаў, гэта можа абярнуцца катастрофай. Але, натуральна, я магу памыляцца.

Калі рэальныя лічбы на пачатку траўня набудуць катастрафічны характар — то ніякага параду ня будзе. Што б Лукашэнка ні казаў, але да буйнага вар’ята ён не падобны. Калі ты праводзіш парад, хоць вакол людзі валяцца, то ты выклікаеш нянавісьць у вайскоўцаў, якіх ты прымушаеш хадзіць, заражаць адзін аднаго і свае сем’і.

Калі ж лічбы будуць не жахлівыя, то парад можа і прайсьці. Што тычыцца расейскіх патрыётаў, дык калі да 9 траўня пік эпідэміі пройдзе, то таварышы Праханаў і Прылепін будуць захапляцца нязломным «Бацькам». Калі ж эпідэмія ня пройдзе, то ўсім будзе напляваць на любыя вар’яцтвы Лукашэнкі.

Дарэчы, для Пуціна парад меў сакральнае значэньне. Але ён разумее, што нельга зьдзекавацца з вайскоўцаў, гэта вам ня хіпстэры і не пэнсіянэры.

— Зараз многія спрабуюць рабіць прагнозы на тэму «жыцьцё пасьля каранавірусу». Але мы ня будзем браць так шырока, давайце сканцэнтруемся на тэме «беларуска-расейскія адносіны пасьля эпідэміі». Тут і падзеньне цэнаў на нафту, і закрыцьцё мяжы — як гэта ўсё адаб’ецца на адносінах Менску і Масквы?

— Беларуска-расейскія адносіны проста скончыліся. Асаблівых адносінаў больш няма. Пуцін раз і назаўжды атрымаў аплявуху ад Лукашэнкі. Пуціну ад Беларусі апошнім часам трэба было толькі адно — каб яна самаліквідавалася і ўлілася ў склад Расеі. Тады ён атрымліваў магчымасьць ня шляхам дробнага махлярства, а ўрачыста і горда абвясьціць, што цяпер у нас новая дзяржава, учыніць чарговы геапалітычны трыюмф і застацца зьбіральнікам рускіх земляў. Калі ён нахіліўся да Лукашэнкі з гэтай прапановай, Лукашэнка галавой ударыў яго ў нос, разьбіў ягоны нос і крыштальную мару адным ударам. Больш Беларусь Пуціну не патрэбная.

Цяпер нафта танная, газ танны. Ніякіх прэфэрэнцый Расея даваць больш ня будзе, ды яны Лукашэнку ўжо і не патрэбныя. Увесь гэты рытуал брацкай нянавісьці нікому больш не патрэбны. Закрыта і тэма Беларусі, якая абараняе нашы заходнія рубяжы ад дывізій НАТО.

Каранавірус дакладна паказаў, што Беларусь і Расея — дзьве зусім розныя дзяржавы. Але для масавага выбарніка гэтая казачка па-ранейшаму мае нейкую каштоўнасьць, ён можа працягваць гэтую піяр-гульню. Фармальна ніхто ня будзе абвяшчаць пра канец «адзінай дзяржавы», нейкія сустрэчы і цяганіна будуць працягвацца, але рэальнага значэньня гэта ня будзе мець.

Тэкст прадстаўляе асноўныя тэзісы і моманты інтэрвію. Цалкам размову вы можаце паслухаць тут.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG