Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь чакае сыстэмны крызіс, беларуская цэнтралізаваная ўлада ня здольная даць яму рады, — палітоляг


Выбары ў Палату прадстаўнікоў. Участак, дзе галасуе Лукашэнка, Дразды

Палітоляг, аналітык цэнтру Эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў заяўляе, што Беларусь чакае ня толькі эканамічны, але і сыстэмны крызіс, тлумачыць, чаму беларуская цэнтралізаваная ўлада ня здольная даць яму рады, і заяўляе, што перамены могуць адбыцца толькі тады, калі людзі пабачаць адказ на пытаньне: «Хто, калі ня ён?».

Сьцісла:

  • Сацыяльны кантракт, які існаваў апошнія гады — «улада забясьпечвае мінімальныя патрэбы, а людзі не бунтуюць».
  • Крызіс цэнтральнай улады не прыводзіць да аўтаматычных зьменаў у краіне, ён толькі ставіць пытаньне: «Хто, калі ня ён?».
  • Калі ёсьць людзі, якія ў пэрспэктыве думалі пра пераход у палітыку — то цяпер той самы час, калі варта гэта зрабіць.
  • Праблема лідэраў беларускай апазыцыі ў тым, што пераважна яны сацыяльныя маргіналы.

— Нядаўна вы апублікавалі артыкул, у якім сьцьвярджаеце, што Беларусь стаіць на парозе ня толькі эканамічнага, але і сыстэмнага палітычнага крызісу. Якія вашы асноўныя аргумэнты на карысьць гэтай вэрсіі?

— Беларусь у сувязі з каранавірусам уступае ў крызіс ладу жыцьця насельніцтва. Людзі вымушаныя разумець, што жыць так, як раней, ужо немагчыма, і давядзецца абіраць нейкія іншыя формы паводзінаў. І гэта падштурхоўваецца надыходам эканамічнага крызісу, які ў нас атрымаўся ня толькі, як ва ўсім сьвеце, з прычыны каранавірусу, але і з уласна беларускіх прычын.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

У выніку людзі ня могуць вырашыць свае надзённыя пытаньні і пачынаюць нэрвавацца, расьце сацыяльнае напружаньне. Усе гэтыя працэсы паскараюцца, падганяюць адзін аднаго і нясуць вялікую небясьпеку ў найбліжэйшыя год-два для ўсіх аспэктаў жыцьця Беларусі.

І гэта ўсё патрабуе хуткіх і рашучых захадаў рэагаваньня з боку беларускай улады. Але мы сустракаемся з сытуацыяй, што беларуская дзяржава, сыстэма беларускай улады звышцэнтралізаваная. Гэтая звышцэнтралізацыя зь нізкай ініцыятывай і інавацыямі вельмі кепска дае рады крызісам. Таму і ўзьнікае сыстэмны крызіс, бо сыстэма ня можа прымаць хуткія і адэкватныя рашэньні.

— Калі вы ды іншыя палітолягі разважаеце пра тыя адказы, якія можа даць дзяржава — то варта ўлічваць, што ва ўладных структураў могуць быць свае інтарэсы. І яны могуць быць накіраваныя найперш на захаваньне ўлады падчас крызісу, а не на перамогу над крызісам. Уладзе, магчыма, важней любой цаной захаваць палітычную стабільнасьць і статус-кво. Можа, гэта для кіраўніцтва больш важная задача, чым барацьба з эканамічным крызісам, якога ўсё роўна не спыніць?

-- Тут няма вялікага выбару. Каб захаваць сябе — улада вымушаная зьвяртаць увагу на патрэбы насельніцтва. І калі мы прагназуем разьвіцьцё крызісу ў тых памерах, як пра гэта пішуць незалежныя эканамісты (да 10 працэнтаў ВУП), дык такое падзеньне значна большае, чым было ў 2011 годзе. І, як памятаеце, тады той крызіс выліўся ў спарадычныя бунты людзей, бо яны трапілі ў сытуацыю, калі не маглі вырашыць надзённыя праблемы. І калі цяпер людзей выштурхоўваюць у «сацыяльныя адпачынкі» ці нават у адпачынкі без захаваньня заробку — то як ім жыць? І яны пачынаюць патрабаваць вырашэньня гэтай сытуацыі.

І ім няма да каго яшчэ ісьці, акрамя як да беларускай дзяржавы. Не да нейкіх мясцовых уладаў ці бізнэсоўцаў, а менавіта да цэнтральнай беларускай улады. Бо ў гэтым і палягаў сацыяльны кантракт, які існаваў апошнія гады — «улада забясьпечвае мінімальныя патрэбы, а людзі не бунтуюць». Калі ўлада перастае забясьпечваць — людзі пачнуць бунтаваць.

У 2011 годзе гэта ўжо пачало адбывацца, і ўратавала ўладу толькі адносная непрацягласьць эканамічнага крызісу. Параліч цэнтральнай улады пачынаўся, але не дайшоў да сваёй глыбіні. Бо крызіс цягнуўся з паўгода і не паставіў моцных палітычных пытаньняў да ўлады.

— І дзе доказы, што зараз будзе па-іншаму?

— А зараз і ня будзе па-іншаму. Крызіс цэнтральнай улады не прыводзіць да аўтаматычных зьменаў у краіне, ён толькі ставіць пытаньне: «Хто, калі ня ён?». Людзі бачаць, што дзяржаўная машына не дае рады крызісу, але гэта не прыводзіць да аўтаматычнага разьвіцьця крызісу, бо людзі ня бачаць відавочнай палітычнай альтэрнатывы.

Крызіс улады патрабуе актыўных дзеяньняў групаў насельніцтва, пэрспэктыўных лідэраў, якія бачаць сябе як альтэрнатыву гэтай уладзе. У грамадзтва павінны быць хаця б намёткі адказу на пытаньне: «Хто, калі не Лукашэнка?» І калі такіх людзей няма, то палітычны крызіс і ня будзе разьвівацца.

— Вы прапануеце, каб у крызісны час апазыцыя (у шырокім сэнсе слова) арганізоўвалася, каб падарваць пазыцыі ўлады і прадставіць ёй альтэрнатыву. Але дзяржаўная прапаганда скажа наадварот, што ў такія складаныя часы трэба аб’яднацца вакол улады, каб выцягнуць краіну зь бездані, а не змагацца за ўладу. Аб’ядноўвацца — калі не вакол улады, то вакол ідэі ратаваньня краіны.

— Тэарэтычна гэта, можа, і правільны тэзіс, але, на жаль, цяперашняя сыстэма ўлады не прымае ніякай альтэрнатывы, не прымае нават дапамогі ад грамадзянскай супольнасьці. У сытуацыі з каранавірусам улада кажа, што «ўсё нармальна, мы з усім спраўляемся». Але значная частка грамадзтва, як відаць і з сацыялягічных апытаньняў, ня верыць у гэта і пачынае дзейнічаць самастойна. То бок няма каапэрацыі нават ва ўмовах крызісу, не атрымліваецца ніякага яднаньня.

— Разам з тым вы традыцыйна даволі жорстка крытыкуеце апазыцыю, якая бярэ ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, спрабуе вылучыць адзінага кандыдата. Калі вы фактычна не прымаеце цяперашнюю апазыцыю — як тады, па-вашаму, павінны аб’ядноўвацца неабыякавыя людзі? Ствараць новыя структуры?

— Мы назіраем аб’яднаньне людзей у супрацьдзеяньні крызісу, бачым пэўную самаарганізацыю ў некаторых ініцыятывах. Але мы не назіраем, каб гэта пераходзіла ў палітычную плашчыню. Мне падаецца, што калі ёсьць людзі, якія ў пэрспэктыве думалі пра пераход у палітыку — то зараз той самы час, калі варта гэта зрабіць. А людзям бізнэсу варта было б задумацца пра інвэставаньне ў такіх пэрспэктыўных палітычных лідэраў.

Тыя новыя людзі, якія маюць зьявіцца, павінны быць дастаткова, скажам так, сацыяльна рэспэктабэльныя. Яны павінны ня быць сацыяльнымі маргіналамі. Праблема лідэраў беларускай апазыцыі ў тым, што пераважна яны сацыяльныя маргіналы. Варта, каб да іх далучаліся людзі, якія маюць імя, рэпутацыю хаця б у сваіх прафэсійных супольнасьцях.

— Давайце вернемся да вашага асноўнага тэзісу пра крызіс улады ў шырокім сэнсе. Але калі дапусьціць, што ўлада ацэніць сытуацыю максымальна правільна і вырашыць зрабіць усе належныя крокі — то як, на вашую думку, гэтыя крокі павінны выглядаць? І якая імавернасьць таго, што ўлада на іх пойдзе?

— У шырокім сэнсе гэта пашырэньне свабоды дзеяньняў у самых розных сфэрах жыцьця грамадзтва. У нас занадта мала свабоды і магчымасьці ажыцьцяўленьня незалежных ініцыятываў. Трэба даць магчымасьць людзям самастойна рэалізоўваць свае ініцыятывы, не заціскаць іх.

Другое, павінна быць пэўная ступень датычнасьці незалежных экспэртаў да працэсу прыняцьця рашэньняў. Дарэчы, пэўныя такія знакі ўжо ёсьць, напрыклад, у групу па выпрацоўцы стратэгіі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця былі ўключаныя Данейка, Алейнікаў, людзі зь незалежных структураў.

— Але ў Эўропе на фоне каранавірусу мы бачым, хутчэй, адваротны працэс — рост значэньня дзяржавы, большая роля дзяржаўных структураў у эканоміцы, заліваньне крызісу грашыма.

— Я не заклікаю, каб было «менш дзяржавы». Проста трэба зьняць абмежаваньні на ініцыятыву, даць магчымасьць дзяржаўным суб’ектам супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі, зьняць барыкады паміж незалежным грамадзтвам і дзяржаўнымі органамі. Тады і магчыма нейкая ступень яднаньня беларускага грамадзтва адносна крокаў па пераадоленьні крызісу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG