Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў пра чатырох памерлых з каранавірусам


Клінічны шпіталь у Віцебску, ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка расказаў, што яму паведамляюць пра кожную сьмерць ад пнэўманіі, піша газэта «Звязда». Раней у Беларусі было вядома пра тры выпадкі сьмерці хворых з каранавірусам.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Іх чацьвёра ўсяго, памерлых ад пнэўманіі, дзе ўскладненьні даў каранавірус, — праінфармаваў ён. — Любы вірус ускладніць хранічныя захворваньні, і навошта гвалтам крычаць? Што атрымалася, быццам мы тваім нешта хаваем. Сьмерць чалавека ніколі не схаваеш, таму што кожны родны атрымоўвае даведку ў ЗАГСе».

Паводле Лукашэнкі, «па чацьвёртаму зараз яшчэ ўдакладняюць, ці быў у яго каранавірус». Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі на раніцу 2 красавіка было 11 чалавек на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Міністэрства аховы здароўя перастала публілкаваць агульную колькасьць інфікаваных новым каранавірусам у Беларусі. У справаздачах Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) і Эўрапейскага цэнтру прафіляктыкі і кантролю захворваньняў (ECDC) паведамляецца, што на 1 красавіка ў Беларусі прызналі 152 выпадкі інфікаваньня COVID-19 і ніводнага памерлага.

У дакумэнце Міністэрства надзвычайных сытуацыяў ад 2 красавіка, які апублікаваў Nexta і сапраўднасьць якога пацьвердзілі крыніцы Tut.by, прызнаны 1 памерлы, Мінздароўя 1 красавіка прызнавала 2 сьмерці інфікаваных COVID-19, а вечарам 1 красавіка стала вядома пра трэцюю сьмерць інфікаванага, якую Мінздароўя пакуль не камэнтавала.​

«У піжамах бралі гэтыя тэсты»

Аляксандар Лукашэнка таксама згадаў выпадак у Віцебску, дзе ня менш як 10 лекараў заразіліся COVID-19.

«Як груба кажу, у піжамах бралі гэтыя тэсты, — заявіў ён. — Кажуць: каранавірус. Ня важна, што. Ты ж урач, хаця б маску надзень у такі момант, ну рэсьпіратар надзень. Ёсьць жа гэтыя касьцюмы, бахілы, пальчаткі, акуляры — надзень гэта».

Лекары неаднаразова ананімна расказвалі СМІ пра тое, што ім бракуе сродкаў абароны. Пры тым грошы на падтрымку мэдыкаў зьбірае шэраг блогераў, але маскі зьніклі з продажу ў віцебскіх аптэках.

Чаму «не як усе»

Лукашэнка ў інтэрвію тэлерадыёкампаніі «Мир» пракамэнтаваў заявы «некаторых сусьветных лідэраў» аб тым, што Беларусь рэагуе на пандэмію каранавірусу «не як усе»:

«Слухайце, калі б ва ўсіх было так, як у Беларусі, у барацьбе з гэтымі віруснымі захворваннямі і як у нас не забываліся, што ёсьць і сардэчнікі, і анкалёгія, ёсьць траўматалёгія, ёсьць проста пнэўманія, гэта сэзонная хвароба вельмі моцная, тады б не было такіх праблемаў, — разважаў Лукашэнка. — Мы ня можам не трымаць яго [каранавірус] ў памяці. Таму што скрыню ўключыў — каранавірус, прас уключыў — каранавірус, чайнік уключыў — каранавірус».

Лукашэнка заявіў, што за студзень і люты ў Беларусі было менш сьмерцяў у параўнаньні зь мінулым годам, і зрабіў з гэтага выснову, што «пры такой пандэміі ў нас памяншэньне сьмяротнасьці». Ён паўтарыў, што сам не здаваў тэсты на COVID-19 і што працягвае хакейныя трэніроўкі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG