Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму спыняюцца эпідэміі?


Менск, 19 сакавіка 2020
Менск, 19 сакавіка 2020

Сьцісла:

  • Нечалавечая лёгіка калектыўнага імунітэту кажа, што захварэць павінныя многія, магчыма, большасьць. І ў гэтым будзе ўратаваньне

  • Рашэньня, якое лепш за іншыя па ўсіх парамэтрах, проста не існуе
  • А калі і сяляне пойдуць у карантын — як грамадзтва ў карантыне і локдаўне выжыве бязь ежы? Бяз трактара ежа, можа, і ня зьявіцца
  • Насамрэч Лукашэнка проста выбраў (пакуль выбраў) выжываньне эканомікі
  • Наўрад ці беларуская ўлада здолее пазьбегнуць карантыну, ціск грамадзтва занадта моцны, занадта моцны ціск досьведу іншых краінаў, большай часткі сьвету
  • Цяпер патрэбны і нейкі духоўны аналяг калектыўнага імунітэту, духоўны калектыўны імунітэт

У мінулым чалавецтва ведала жахлівыя эпідэміі і пандэміі, якія забіралі жыцьці траціны, а то і паловы насельніцтва пэўных краінаў і рэгіёнаў. Лекаў, вакцынаў не было. Былі, як і цяпер, карантыны, але яны ў найлепшым выпадку запавольвалі пашырэньне хваробы. А што ж спыняла эпідэміі, чаму ж людзі не выміралі пагалоўна, чаму хвароба ўсё ж спынялася? Прынамсі, адно з тлумачэньняў даецца ў эпідэміялёгіі праз паняцьце калектыўнага імунітэту.

Як працуе імунітэт статку?

Па-ангельску гэта гучыць нават больш жорстка і зьняважліва да нас, вянцоў тварэньня — Herd immunity, імунітэт статку. Сутнасьць гэтага паняцьця, гэтай тэорыі — павінная перахварэць і выжыць настолькі значная доля насельніцтва, што распаўсюд вірусу спыніцца, запаволіцца, упрэцца ў гэтую масу імунізаваных.

Гэтая тэорыя — не такая ж бясспрэчная ісьціна, як закон прыцягненьня. Напрыклад, некаторыя кітайскія адмыслоўцы выказваюць сумневы, што яна пасуе да цяперашняга каранавірусу, невядома, ці фармуецца ў выніку выздараўленьня масавы імунітэт.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У пэўным сэнсе з каранавірусам сытуацыя горшая, чым з выбухам на ЧАЭС у 1986 годзе. Тады навука даволі дакладна ведала наступствы радыяактыўнага заражэньня, прынамсі, вялікімі дозамі. Навукоўцаў ня надта слухалі, іх веду ігнаравалі, але яна ўсё ж існавала. Цяпер яе па сутнасьці ня існуе. Як хутка будзе распаўсюджвацца вірус, ці муціруе ён і ў якія формы, які паказьнік яго сьмяротнасьці, ці прыдатная да яго тэорыя калектыўнага імунітэту — дакладныя адказы на гэтыя пытаньні не хаваюцца, іх па сутнасьці проста пакуль няма. Як і лекаў, вакцыны няма.

Таму і навукоўцы, і палітыкі, якія іх слухаюць, зыходзяць з таго, што калектыўны імунітэт ад каранавірусу ўсё ж ёсьць.

Нечалавечая лёгіка барацьбы з пандэміяй

І гэта вымагае нечалавечай лёгікі. Чалавечая лёгіка кажа: трэба ратаваць людзей, ратаваць усіх хворых, абараняць ад хваробы ўсіх, хто яшчэ не захварэў. А нечалавечая лёгіка калектыўнага імунітэту кажа, што захварэць павінныя многія, магчыма, большасьць. І ў гэтым будзе ўратаваньне. Рэгуляваць тут можна толькі хуткасьць распаўсюду заразы.

Калі Ангела Мэркель заявіла, што захварэюць 60-70% насельніцтва — гэта яна не палохала, яна гэта казала на падставе прагнозаў эпідэміёлягаў.

Брытанскія навукоўцы (гучыць, як кепскі жарт, але ў дадзеным выпадку сапраўдныя навукоўцы) распрацавалі матэматычныя мадэлі наступстваў розных стратэгіяў барацьбы з каранавірусам.

Ключавы парамэтар іх мадэляў — магчымасьці мэдыцыны, сыстэмы аховы здароўя Брытаніі. Крытэр — каб пік захворваньня ня надта пераўзыходзіў гэтыя абмежаваныя магчымасьці, каб у пікавай сытуацыі хворых было хаця б удвая больш, а не ў 10 разоў больш, чым умяшчаюць шпіталі.

У горшых сцэнарах людзі паміраюць таму, што на іх у момант перагрузкі проста не хапіла ложка ў шпіталі, доктара, апарата штучнага дыханьня.

Італія ўжо зьведала гэты крызіс, калі дактарам, як франтавым хірургам, даводзілася рабіць жахлівы выбар, каго ратаваць. Але ў цяперашняй сытуацыі пандэміі эпохі сацыяльных сетак гэты выбар даводзіцца фактычна рабіць усяму грамадзтву.

З прыгаданых мадэляў брытанцаў нібыта вынікае, што жорсткія абмежавальныя меры прынамсі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве дадуць найлепшы эфэкт, тады перагрузка сыстэмы аховы здароўя ў бліжэйшыя месяцы найменшая. Але паводле іх мадэляў другая хваля пандэміі прыйдзе пазьней, празь некалькі месяцаў, напрыканцы гэтага-напачатку наступнага году. І той, другі пік, можа істотна перакрыць магчымасьці мэдыцыны.

Ці патрэбны карантын для трактара Лукашэнкі?

Брытанскія экспэрты падкрэсьліваюць, што іх мадэлі апісваюць толькі мэдычны аспэкт. Якія эканамічныя і гуманітарныя наступствы будзе мець спыненьне амаль усёй эканомікі — гэтае пытаньне яны выносяць за дужкі. Што будзе есьці краіна на карантыне ці локдаўне (слоўца, якое і азначае амаль поўнае спыненьне эканомікі) — гэта асобнае пытаньне, хаця з выжываньнем наўпрост зьвязанае.

Развагі Алясандра Лукашэнкі пра ўратаваньне на трактары ад эпідэміі ў многіх выклікалі абурэньне і паток зьедлівых жартаў. Але ж і сапраўды пытаньне — а калі і сяляне пойдуць у карантын, а калі супрацоўнікі службаў дастаўкі, а калі супрацоўнікі «Белтэлекаму» — як грамадзтва ў карантыне і локдаўне выжыве бязь ежы, безь яе дастаўкі, без інтэрнэту? Бяз трактара ежа можа і не зьявіцца.

Цяпер пра гэта думаюць менш. Але празь месяц-другі наступствы локдаўну, калі будзе прынятае рашэньне на яго карысьць, адгукнуцца ўсім. І ня толькі нязручнасьцямі і сумам ад сядзеньня ў хаце за зачыненымі дзьвярыма, але і рэальнымі праблемамі выжываньня.

Напэўна, прэм’еру Вялікай Брытаніі Борысу Джонсану ўсялякія мадэлі паказвалі і прагнозы на стол клалі. Але ён прымаў рашэньне на падставе сукупнасьці ўсіх фактараў — і мэдычных, і эканамічных, разумеючы, што рашэньня, лепшага за іншыя па ўсіх парамэтрах, проста ня існуе. І патрэбны балянс — каб і не захварэлі ўсе імгненна, і каб эканоміка ўсё ж неяк забясьпечвала жыцьцядзейнасьць грамадзтва. Магчыма, таму брытанскі ўрад прыняў адносна мяккую стратэгію барацьбы з пандэміяй.

Хаця як прыняў? Там напачатку, як і ў Беларусі, не адпраўлялі дзяцей і студэнтаў дадому. Але Джонсан заявіў, што на гэтым тыдні гэта ўжо будзе зроблена. Лідэры, нават дыктатары, дзейнічаюць ня ў вакуўме, на іх цісьне грамадзкая думка. Прычым у дадзеным выпадку думка, матываваная ня нейкімі палітычнымі тонкасьцямі ці эканамічнымі прэфэрэнцыямі, а самым магутным інстынктам — выжыць.

Калі Лукашэнка ўвядзе карантын?

Напэўна, і Лукашэнку давядзецца адступіць, саступіць. Неабавязкова, дарэчы, ён сапраўды думае, што пандэмія — гэта адно «псыхоз». Насамрэч ён проста выбраў (пакуль выбраў) выжываньне эканомікі. За працуючы трактар дзякуй яму скажуць нямногія, заўсёды ж працаваў той трактар — за што тут дзякаваць? А вось калі пойдуць сьмерці, то адказнасьць ускладуць на яго, што не абвясьціў карантын, не спыніў у тым ліку і трактар.

Наўрад ці ён здолее пазьбегнуць карантыну, ціск грамадзтва занадта моцны, занадта моцны ціск досьведу іншых краінаў, большай часткі сьвету. Паўсюль карантын — ня дурні ж там кіруюць. «Рота» усяго сьвету (ну амаль усяго) ідзе не ў нагу, і толькі «таварышч прапаршчык» Лукашэнка — у нагу — у гэта беларусам складана паверыць. Нават калі насамрэч так яно і ёсьць.

Ёсьць патрабаваньне грамадзтва — карантын. Ці прынясе ён тую карысьць, на якую людзі спадзяюцца, ці не акажацца, што яго наступствы праз спыненьне эканомікі супастаўныя з наступствамі ўласна пандэміі — а гэтага ніхто ня ведае. У горшым выпадку беларусы памыляцца разам з большай часткай сьвету.

Духоўны калектыўны імунітэт

І яшчэ пра калектыўны імунітэт, імунітэт статку. Зразумела, кожны чалавек — цэлы сьвет, Боскае падабенства. Але мы яшчэ і біялягічныя істоты і прычым сапраўды статкавыя. І гэтая тэорыя апісвае мэханізм, празь які статак выжывае, абараняе сябе, апісвае, як імунітэт статку абараняе яго чальцоў.

Але ў такі час патрэбны і нейкі духоўны аналяг гэтага калектыўнага імунітэту, духоўны калектыўны імунітэт. Раней ім была рэлігія, вера ў Бога. Цяпер з гэтым складана. Таму на нашым радыё мы ў гэтыя дні задаём пытаньні разумным людзям пра антрапалягічны, чалавечы, філязофскі сэнс цяперашняй пандэміі.

Дапаможа гэта ці не, сфармуе гэта той духоўны імунітэт нацыі — хто ведае, унівэрсальнага леку няма. Але хоць людзьмі застанёмся, хоць і статкам, але падабенстваў Боскіх. Можа і памілуе Ён за гэта статак свой.

Па міласьці Ягонай эпідэміі і спыняюцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG