Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сьвеце: у Італіі звыш 100 памерлых, у Каліфорніі надзвычайнае становішча

абноўлена

Ва Ўхані, Кітай, 4 сакавіка
Ва Ўхані, Кітай, 4 сакавіка

На раніцу 5 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 95,5 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,5 тысячы ў Кітаі, каля 5,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 3,1 тысячы у Італіі, каля 2,9 тысячы ў Іране. Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 3286 чалавек: 3015 у Кітаі, 107 у Італіі, 92 у Іране, 35 у Паўднёвай Карэі. Выпісалі здаровымі 53,7 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 6,4 тысячы пацыентаў.

Эўропа: звыш 100 памерлых у Італіі

Найбольшы ў Эўропе распаўсюд новага каранавірусу фіксуюць у Італіі — там колькасьць хворых перавысіла тры тысячы, тады як у Францыі набліжаецца толькі да трох соцень, у Нямеччыне перавысіла дзьве з паловай сотні, у Гішпаніі перасягнула дзьве сотні. Памерлых ад COVID-19 у Італіі 107, у Францыі — 4, у Гішпаніі — 2, у Сан-Марына — 1, а ў іншых эўрапейскіх краінах пра памерлых не паведамляюць.

Днём раней улады Італіі пацьвердзілі, што ў краіне на 10 дзён зачыняюцца ўсе мясцовыя школы і ўнівэрсытэты — у сувязі з успышкай новага каранавірусу. У наступныя 30 дзён спартовыя матчы, у тым ліку футбольныя ў сэрыі А, будуць праходзіць без гледачоў.

За апошні час вірус SARS-CoV-2 прыйшоў у чатыры новыя краіны: Польшчу і Ўкраіну ў Эўропе, Аргентыну і Чылі ў Паўднёвай Амэрыцы.

ЗША: надзвычайны стан у Каліфорніі і экстранае фінансаваньне

У Злучаных Штатах колькасьць памерлых ад COVID-19 дасягнула 11, піша Reuters, а новыя выпадкі фіксуюць у мэгаполісах: Нью-Ёрку і Лос-Анжэлесе. Усяго ў Штатах зафіксавалі 159 выпадкаў.

Першым памерлым у Каліфорніі стаў стары чалавек, які ўжо меў праблемы са здароўем і мог заразіцца падчас круізу ад Сан-Францыска да Мэксыкі на караблі Grand Princess. Гэта стала першай сьмерцю за межамі штату Вашынгтон. Губэрнатар Каліфорніі пасьля першай сьмерці ад COVID-19 у сваім штаце абвясьціў надзвычайнае становішча.

Як перадае «Голас Амэрыкі», ніжняя палата амэрыканскага парлямэнту ўхваліла законапракт аб экстраным фінансаваньні захадаў барацьбе з новым каранавірусам. Калі праект ухваліць верхняя палата (гэта можа адбыцца да канца тыдня), на гэтую барацьбу выдаткуюць 8,3 млрд даляраў — у тым ліку грошы пойдуць на пошук вакцыны і стварэньне тэстаў для выяўленьня хваробы.

Азія: новая «спэцыяльная зона» ў Карэі, карантынны востраў у Інданэзіі

У Кітаі, зь якога пачалася ўспышка COVID-19, сытуацыя стабілізуецца: на бягучым тыдні рэгіструюць толькі адну-дзьве сотні новых хворых на дзень. Бывала ўжо, што Паўднёвая Карэя абганяла Кітай па тэмпах распаўсюду вірусу.

Ды ў Кітаі ня ўсе задаволеныя тым, як змагаліся зь вірусам: дактары заклікалі, як піша Reuters, прыняць папраўкі ў законы, зьвязаныя зь віруснымі захворваньнямі, каб узмацніць правілы карантыну, гарантаваць празрыстасьць і больш дакладна прапісаць абавязкі мясцовых уладаў у барацьбе з хваробамі.

У Паўднёвай Карэі тым часам абвясьцілі «спэцыяльнай зонай кантролю» яшчэ адзін горад — К’янсан, што за 250 км на поўдзень ад сталіцы і мае насельніцтва каля 275 тысяч чалавек. Успышку ў К’янсане зьвязваюць з домам састарэлых. Але тры чвэрці ўсіх выпадкаў COVID-19 у Паўднёвай Карэі зьвязаныя зь іншай «спэцыяльнай зонай» — вакол гораду Тэгу. Там успышку зьвязвалі з рэлігійнай сэктай.

Што з распаўсюдам COVID-19 у Паўночнай Карэі, невядома. Уцекачы, як піша «Голас Амэрыкі», засьцерагаюць, што ачагом распаўсюду можа стаць паўночнакарэйскае войска, якое жыве ў цесных бараках. Акрамя таго, 43% жыхароў КНДР недаядаюць, што спрыяе распаўсюду інфэкцыяў.

У Інданэзіі, дзе пакуль пацьвердзілі толькі два выпадкі COVID-19, вырашылі ператварыць былы лягер для віетнамскіх уцекачоў на нежылым востраве ў шпіталь і карантынны цэнтар для заражаных новым каранавірусам, піша The Jakarta Post. Плошча вострава, які зьбіраюцца аддаць пад карантын, складае каля 80 км² — крыху менш за Баранавічы.

У 22 краінах цалкам або часткова зачынілі школы

Па стане на 4 сакавіка ў 22 краінах на трох розных кантынэнтах цалкам або часткова зачынілі школы, каб запаволіць распаўсюд каранавірусу COVID-19, паведамляе ЮНЭСКА.

У 13 краіна школы зачынілі па ўсёй краіне, што закранула агулам 290,5 мільёна дзяцей: у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Армэніі, Азэрбайджане, Бахрэйне, Кітаі (уключаючы Ганконг і Макао), КНДР, Іране, Іраку, Італіі, Кувэйце, Лібане, Манголіі і Японіі.

Яшчэ ў дзевяці краінах зачыненыя школы ў асобных раёнах: у Віетнаме, ЗША, Злучаным Каралеўстве Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Карэі, Нямеччыне, Пакістане, Сынгапуры, Тайляндзе, Францыі. Калі гэтыя краіны таксама вырашаць зачыніць на карантын усе школы, гэта пазбавіць яшчэ 180 мільёнаў дзяцей і моладзі магчымасьці наведваць школу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG