Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш малітваў!» Праваслаўная царква і Касьцёл пра сытуацыю з каранавірусам


Ілюстрацыйнае фота

У каталіцкіх касьцёлах прыбралі сьвятую ваду, у праваслаўных цэрквах заклікаюць маліцца. Як у храмах рэагуюць на каранавірус у Беларусі.

Вернікаў у цэрквах пабольшала, — айцец Сяргей Лепін

«Мы таксама заклапочаныя праблемай каранавірусу, — паведаміў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Сяргей Лепін. — Спадзяемся, што сытуацыя ня будзе прынцыпова адрозьнівацца ад ранейшых эпідэміяў — сьвінога грыпу альбо іншых. Заклікаем не паддавацца паніцы, больш малітвы. Пакуль ніякіх абмежаваньняў у сфэры набажэнстваў не прадбачыцца».

Паводле Лепіна, у БПЦ пакуль не абмяркоўвалі магчымасьці абмежаваць колькасьць набажэнстваў у цэрквах, а тым больш закрыць іх на карантын.

Сяргей Лепін
Сяргей Лепін

«Маем адпаведныя інструкцыі, якія апісваюць працэдуру прычасьця ўжо хворых людзей, заразных, — кажа Лепін. — Гэтых інструкцыяў кожны сьвятар павінен трымацца, калі ідзецца ўжо пра хворага чалавека. Але яны існавалі раней, яшчэ да каранавірусу, датычаць самых розных хваробаў. У цэрквах зараз ідуць малебны, якія праходзяць звычайна падчас эпідэміяў. Ініцыятыва належыць сьвятарам на месцах».

Як кажа афіцыйны прадстаўнік БПЦ, пра зьніжэньне колькасьці вернікаў, якія наведваюць цэрквы ў Беларусі, не ідзецца. Сытуацыя хутчэй адваротная — іх пабольшала.

«Што, як не эпідэмія, можа быць прычынай узмацніць свае малітвы, — кажа Сяргей Лепін. — Кожны ёсьць свабодным чалавекам і сам прымае на сябе адказнасьць за свае дзеяньні адпаведна сытуацыі, у якой жыве».

«У касьцёле сьвятога Роха штодня моляцца, каб не адбылося эпідэміі», — ксёндз Юры Санько

Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько кажа, што пакуль ніякіх пісьмовых рэкамэндацыяў у сувязі з каранавірусам ні ад курыі, ні ад эпіскапату не было.

Юры Санько
Юры Санько

«Такіх абмежаваньняў, як у Італіі ці Польшчы, дзе касьцёлы закрываюць, у нас пакуль няма. На месцах пробашч, які валодае сытуацыяй, прымае рашэньне самастойна. Дакладна ведаю, што ў парафіях прыбралі сьвятую ваду, якая звычайна стаіць ля ўваходу ў касьцёл. Гэтай вадой людзі абмываюць рукі, хрысьцяцца, потым падыходзяць да крыжа і яго цалуюць. Цяпер гэтай сьвятой вады няма, — запэўніў ксёндз Юры Санько.

Паводле яго, панікі няма, ёсьць малітвы, якія заахвочваюць іншых вернікаў маліцца.

«Бо мы ведаем, што паніка можа прынесьці больш бяды, чым хвароба. Зараз у нас акцыя — у касьцёле сьвятога Роха штодзень ідуць малітвы за Беларусь, за Бацькаўшчыну, каб нас гэтая хвароба не кранула, каб не было эпідэміі», — расказаў ксёндз.

І нагадаў дзьве легенды пра тое, як узьнік касьцёл сьвятога Роха ў Менску.

Касьцёл Сьвятога Роха на Залатой горцы
Касьцёл Сьвятога Роха на Залатой горцы

Паводле першай легенды, падчас эпідэміі чумы адзін лекар прапанаваў пабудаваць касьцёл у гонар сьвятога Роха — каталіцкага сьвятога, які прысьвяціў усё жыцьцё дапамозе хворым на чуму. Людзі сталі прыносіць ахвяраваньні, залатыя манэты — і вырасла Залатая Горка, адсюль і назоў «касьцёл на Залатой Горцы».

Паводле іншай легенды, нібыта падчас эпідэміі халеры ў 1631 годзе да жыхара Менску ў cьне зьвярнуўся сьвяты Рох, які сказаў, што трэба знайсьці пад рэшткамі касьцёлу баніфратраў драўляную статую сьвятога. Яе знайшлі, пранесьлі па ўсім горадзе — і эпідэмія халеры пайшла на спад, а сьвятога Роха сталі лічыць нябесным апекуном Менску.

Што да правядзеньня абраду хросту, тут ніякай небясьпекі няма, запэўніў афіцыйны прадстаўнік Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

«Дзетак цяпер не акунаюць у ваду, а толькі паліваюць галаву чысьцюткай, сьвежай вадой.

Што тычыцца Вялікадня, да яго яшчэ больш за месяц, таму рана казаць, якія будуць рэкамэндацыі», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG