Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Румас не пратрымаецца на сваёй пасадзе нават да прэзыдэнцкіх выбараў, — Раманчук


Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Румас
Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Румас

Эканаміст Яраслаў Раманчук тлумачыць, як ужо сёлета курс даляра можа дасягнуць 3 рублёў, заяўляе, што каранавірус можа стаць эканамічным падарункам для Беларусі, і тлумачыць, чаму прэм’ер-міністар Румас не апраўдаў спадзяваньняў.

Сьцісла

  • Па выніках году ВУП можа ўпасьці на 3-5 працэнтаў, а даляр каштаваць 3 рублі
  • Ёсьць усе падставы меркаваць, што дэвальвацыя будзе працягвацца
  • Спадзевы на эканамічныя рэформы да прэзыдэнцкіх выбараў роўныя нулю
  • У беларускай эканоміцы ўрад працягвае рамантаваць палачна-галачную сыстэму

— Апошнімі тыднямі беларусы са страхам назіраюць, як амаль штодзень расьце курс даляра да беларускага рубля, амаль штодзень беларускі рубель ставіць новыя гістарычныя рэкорды. Насельніцтва за апошнія 3 гады прызвычаілася да пэўнай стабільнасьці нацыянальнае валюты. Пагатоў падзеньне рубля наклалася на інфармацыю пра энэргетычныя разыходжаньні Менску з Масквой, пра падзеньне ВУП у студзені, падзеньне цэнаў на нафту на ўсясьветным рынку — ёсьць падставы хвалявацца. Зьніжэньне курсу рубля — ці гэта часовая зьява, ці стратэгічны трэнд?

— Пакуль гэта зьніжэньне яшчэ невялікае і не павінна быць нагодай для панікі. Але мы бачым, што ёсьць макраэканамічныя, фінансавыя, гандлёвыя прычыны, каб дэвальвацыя беларускага рубля працягвалася.

Перш за ўсё гэта пагаршэньне гандлёвага сальда — дэфіцыт замежнага гандлю перавысіў 10 працэнтаў ВУП. Гэта таксама канфлікт з Расеяй наконт нафтапрадуктаў. Калі мы чуем ад кіраўніка дзяржавы, што ў нас гандлёвая вайна і трэба абараняцца — гэта не дадае аптымізму і не дазваляе бізнэсу ўкладаць стратэгічныя пляны.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

У гэтым кантэксьце хачу зазначыць канструктыўную ролю Нацыянальнага банку, які ў студзені скараціў актыўную рублёвую масу. Там разумеюць, што калі будзе больш рублёў у эканоміцы ў сытуацыі, калі стала менш валюты, то гэта адмоўна паўплывае на курс рубля.

Калі і казаць пра паводзіны органаў улады, якія зьяўляюцца неадэкватнымі і падвышаюць рызыкі, — дык гэта Міністэрства фінансаў і Савет Міністраў, якія, на мой погляд, недастаткова жорстка ставяцца да тых, хто выкарыстоўвае няправільна бюджэтную дапамогу і льготныя крэдыты.

— Калі працягнуцца гэтыя тэндэнцыі, то якога курсу рубля можна чакаць на канец гэтага году?

— Год будзе разьбіты на 2 часткі. Першая — да прэзыдэнцкіх выбараў. Курс рубля — адзін з паказьнікаў, паводле якога насельніцтва ацэньвае якасьць эканамічнай палітыкі, і Лукашэнка зробіць усё, каб не было ніякага вялікага абвалу.

Але калі будзе працягвацца фінансаваньне дзяржаўных праграмаў у тым самым фармаце і маштабах, якія мы бачылі дагэтуль, калі Расея не задаволіць усе беларускія «хацелкі», — тады пры скарачэньні экспарту ВУП можа ўпасьці на 3-5 працэнтаў. І тады курс рубля без збалянсаваньня платнага і гандлёвага балянсу можа скласьці 2,7–3 рублі. Нацыянальны банк будзе стаяць да апошняга, каб гэтага не дапусьціць. Але калі на шалях бдзе выбар пэрспэктывы пераабраньня ці сур’ёзнага сыстэмнага крызісу — я думаю, урад пойдзе на тое, каб на нас усіх накласьці дэвальвацыйны падатак.

— Апошнімі тыднямі сур’ёзныя міжнародныя эканамічныя арганізацыі сталі казаць пра магчымы ўплыў каранавірусу на ўсясьветную эканоміку, кажуць пра магчымае запавольваньне глябальнага росту. Калі нафта ўпадзе да 50 даляраў за барэль, гэта ж ня можа не паўплываць на Расею і Беларусь?

— Калі каранавірус стане прычынаю падзеньня цэнаў на нафту, дык гэта для нас падарунак. Усясьветная цана нафты можа стаць такой, па якой мы куплялі нафту ў Расеі ў 2018–2019 гадах. Беларусаў ня вельмі кранае тое, што ўсясьветныя біржы падаюць. Грошы беларускіх хатніх гаспадарак ня ўкладзеныя ва ўсясьветныя акцыі, таму для іх падзеньне біржаў увогуле не навіна.

Але каранавірус будзе выкарыстоўваць беларуская дзяржаўная прапаганда. Яны цяпер будуць казаць, што не сыстэма кіраваньня, не сыстэма ўласнасьці ёсьць прычынай крызісу беларускай эканомікі, а нейкія «вонкавыя аб’ектыўныя чыньнікі».

— Нядаўна ў адным з інтэрвію вы сказалі, што, на вашую думку, Румас як прэм’ер аказаўся горшым, чым ягоны папярэднік Кабякоў. Чаму Румас не апраўдаў тых рэфармісцкіх спадзеваў, якія многія на яго ўскладалі?

— Так, бо мы памяталі, як напачатку 2010-х гадоў Румас быў праціўнікам экстэнсіўнай сыстэмы кіраваньня і крэдытаваньня эканомікі. Мы спадзяваліся, што ён як чалавек з банкаўскай сфэры будзе больш рынкавым.

Але атрымалася, што калі быў Кабякоў, мы атрымалі дэкрэты нумар 7 і 8, стратэгію разьвіцьця прадпрымальніцтва, быў сапраўдны дыялёг зь бізнэсам. Здавалася, што голас бізнэсу будзе пачуты і гэты дыялёг будзе працягвацца.

Што зрабіў Румас? Ён у сутнасьці згарнуў усе гэтыя праграмы, дыялёг з прадпрымальнікамі апусьціўся «ніжэй за плінтус». Ніводнага канструктыўнага дакумэнту, які б падтрымліваў рынкавыя рэформы, урад Румаса не прапанаваў і не падтрымаў. Таму не паводле словах, а паводле дзеяньняў трэба ацэньваць урад Румаса.

Нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў форум прадпрымальніцтва, але ані Румас, ані ягоныя намесьнікі ці міністры туды не прыйшлі. Яны працягваюць рамантаваць гэтую палачна-галачную сыстэму, якой сам Румас даў дыягназ. У канцы 2019 году ён заявіў, што традыцыйная эканоміка вычарпала рэзэрвы росту і няма спадзеваў, каб яна працягвала расьці і разьвівацца. Але ён нічога ня робіць, каб рост быў.

— Беларуская эканоміка моцна зьвязаная з падзеямі на перамоўным расейска-беларускім фронце. Цяпер пэўныя беларускія чыноўнікі нават заяўляюць, што мы, маўляў, і не хацелі гэтай таннай расейскай нафты. Пасьля ўсіх гэтых раўндаў перамоваў як выглядае энэргетычны балянс паміж дзьвюма краінамі?

— Трэба пагадзіцца з адной відавочнай праўдай — танных энэрганосьбітаў з Расеі больш ня будзе. Калі вы незалежная краіна, то трэба арыентавацца на ўсясьветныя цэны, патрабаваць такіх цэнаў ад сваіх партнэраў. Задача ўлады — зьліквідаваць усе нетарыфныя і тарыфныя бар’еры на шляху беларускіх тавараў.

Ад 1993 году мы чуем, што Беларусь павінна ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (WTO), і зноў гэта адкладаецца. Бо калі мы чуем, што ёсьць праграма аграрнай бяьпекі, згодна зь якой трэба зьменшыць долю імпарту, — гэта, безумоўна, супярэчыць нормам і стандартам WTO.

Я да прэзыдэнцкіх выбараў ня бачу ніякай магчымасьці ніякіх рэформаў. Калі я гляджу на тыя кадравыя прызначэньні, заданьні, якія Лукашэнка дае ўраду (ня ведаю, каго ён прызначыць замест Румаса і якая будзе кадравая палітыка), калі я бачу, каго ён прызначыў галоўным у эканоміцы ў Адміністрацыі, — то спадзяваньні на рэформы роўныя нулю.

Урад замест таго, каб увагу, энэргію і рэсурсы накіроўваць на дыялёг зь бізнэсам, значна больш увагі надае чэмпіянату ў біятлёне, іншым маргінальным тэмам, ніяк не зьвязаным з эканамічнай палітыкай і абаронай сувэрэнітэту нашай краіны.

— Калі вы ўжо пачалі даваць прагнозы, дык ваш прагноз наконт таго, ці пратрымаецца прэм’ер-міністар Румас на сваёй пасадзе хаця б да бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбараў, што пройдуць сёлета.

— Я думаю, не пратрымаецца. Бо відавочна: калі Румас застанецца на пасадзе, то гэта азначае, што Лукашэнка, які даў яму пэрсанальную адказнасьць за рост экспарту, расьпісваецца ў сваёй кіраўнічай імпатэнцыі.

Румас заваліў пятую пяцігодку, сярэднегадавыя тэмпы росту мінімальныя. Але шостая пяцігодка можа быць яшчэ горшай. Урад ня можа гаварыць праўду, кажа толькі тое, што хоча чуць Лукашэнка, і пад гэта піша нейкія паперкі. Так што я думаю, што калі Румас застанецца прэм’ер-міністрам, гэта будзе азначаць яшчэ большую паразу Лукашэнкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG