Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

20:33 1.4.2020

УЭФА абвясьціла пра перанос усіх матчаў, заплянаваных на чэрвень

У заяве Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцый гаворыцца, што яны пераносяцца на пакуль нявызначаны час. 4 чэрвеня зборная Беларусі мелася гуляць у Тбілісі са зборнай Грузіі ў паўфінале адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы.

20:31 1.4.2020

Першага хворага на каранавірус выявілі на Берасьцейшчыне

У Берасьцейскай вобласьці 1 красавіка выявілі першы станоўчы тэст на COVID-19.

Пра гэта паведамляе Берасьцейскі абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі.

Пацыент з каранавірусам ужо быў пад назіраньнем як кантакт першага ўзроўню ў абласной бальніцы.

20:29 1.4.2020

У Воршы — 5 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу

У Воршы афіцыйна агучылі статыстыку аб пацьверджаных выпадках каранавірусу.

На 1 красавіка 5 пацьверджаных выпадкаў COVID-19, 98 чалавек зьяўляюцца кантактамі 1-га ўзроўню, кантактаў 2-га ўзроўню — 105 чалавек, паведаміла загадчыца аддзелу грамадзкага здароўя Аршанскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ала Янкоўская, піша «Аршанская газета». Усіх кантактаў 1-га ўзроўню абсьледавалі на COVID-19, яны цяпер знаходзяцца пад мэдыцынскім наглядам. У Воршы агулам зрабілі больш за 200 тэстаў на COVID-19.

20:26 1.4.2020

Людзі за суткі сабралі грошы на тры кіслародныя канцэнтратары для пацыентаў з пнэўманіяй у Віцебску

На краўдфандынгавай плятформе «Улей» увечары 31 сакавіка пачалі збор грошай на набыцьцё трох кіслародных канцэнтратараў (аналяг апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх) і сродкаў аховы для супрацоўнікаў віцебскай лякарні.

Усю неабходную суму ўжо сабралі за першыя ж суткі, але каманда прыняла рашэньне працягваць збор, каб дапамагчы яшчэ і Віцебскай чыгуначнай бальніцы, якой таксама неабходныя сродкі абароны і канцэнтратары — усе сабраныя звыш плянаваных 9400 рублёў перададуць туды. Менавіта ў Віцебскай чыгуначнай бальніцы памерлі два пацыенты ад пнэўманіі, ускладненай каранавірусам.

20:25 1.4.2020

«Яна мучылася пад дыхальным апаратам». Стала вядома пра трэцюю сьмерць беларускі з каранавірусам

Жыхарка Віцебску Аляксандра Чэпік памерла раніцай 30 сакавіка ў віцебскай лякарні. У пасьведчаньні аб сьмерці жанчыны напісана «іншая вірусная пнэўманія (COVID-19)». На пахаваньне пабаяліся прыйсьці нават блізкія сябры.

Як расказала дачка нябожчыцы Натальля Чэпік, прыкладна ў сярэдзіне сакавіка яна сама захварэла. Мела моцны кашаль і высокую тэмпэратуру. Ляжала ў віцебскім тубдыспансэры, аднак ёй ня ставілі дыягназ «пнэўманія». Па ейнай просьбе ёй зрабілі тэст на каранавірус, але той даў адмоўны вынік.

Неўзабаве, калі двух тыдняў таму, захварэла ейная маці Аляксандра Чэпік. Па словах дачкі, у жанчыны была высокая тэмпэратура, да 40 градусаў. Спачатку яна адмаўлялася ісьці ў шпіталь. Аднак празь нейкі час яе паклалі ў віцебскі скурвэндыспансэр, а празь некалькі дзён перавялі ў Віцебскі абласны клінічны спэцыялізаваны цэнтар (былы чыгуначны шпіталь). Як расказала ейная дачка, у жанчыны дыягназавалі пнэўманію, а потым знайшлі і каранавірус. Матэрыял цалкам чытайце тут >>

18:23 1.4.2020

Мапа распаўсюду каранавірусу ў Беларусі. Дадайце ваш населены пункт

Колькасьць заражэньняў каранавірусам у Беларусі расьце, ужо ёсьць дзьве пацьверджаныя сьмерці, але Міністэрства аховы здароўя перастала публікаваць празрыстыя дадзеныя пра інфікаваных яшчэ 31 сакавіка.

Свабода пазначыла на мапе гарады, мястэчкі і вёскі, у якіх вядомыя выпадкі заражэньня COVID-19.

Паведаміць інфармацыю пра каранавірус у вашым населенным пункце можна праз наш тэлеграм @svabodabelarus ці іншыя сацыяльныя сеткі.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

17:36 1.4.2020

У Альжыры вызвалілі тысячы вязьняў у сувязі з эпідэміяй Covid-19

Альжыр стаў яшчэ адной краінай, якая вызваліла з турмаў частку вязьняў у сувязі з эпідэміяй хваробы Covid-19, выкліканай новым каранавірусам.

Як паведамляе Бі-бі-сі, прэзыдэнт гэтай краіны падпісаў памілаваньне амаль для 5 тысяч вязьняў, якім заставалася правесьці ў зьняволеньні 18 месяцаў ці менш. Раней тысячы зьняволеных з турмаў вызвалілі ў Этыёпіі.

17:33 1.4.2020

Што адбываецца ў Доктаравічах, дзе памерла інфікаваная каранавірусам настаўніца. УЖЫВУЮ

Свабода вядзе жывую відэатрансьляцыю зь вёскі Новыя Доктаравічы, сёньня ўначы памерла настаўніца Натальля А., якую шпіталізавалі з пнэўманіяй каля двух тыдняў таму. Пра сьмерць настаўніцы Свабодзе паведамілі мясцовыя жыхары. 1 красавіка Мінздароўя Беларусі таксама пацьвердзіла другі выпадак сьмерці ад каранавірусу ў Беларусі, не ўдакладняючы аднак, дзе зафіксавалі другую сьмерць.

У Новых Доктаравічах Натальля А. выкладала ангельскую мову ў мясцовай школе. 30 сакавіка мэдыкі забралі зь вёскі каля 20 дарослых і столькі ж дзяцей. Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад бацькоў вучняў доктаравіцкай школы, у некаторых зь дзяцей аналіз на каранавірус даў станоўчы вынік. Таксама ў той дзень шпіталізавалі мужа і дачку настаўніцы.

17:31 1.4.2020

Прафсаюз РЭП прапанаваў Вярхоўнаму суду ўвесьці мараторый на разгляд спраў у сувязі з каранавірусам

Гэта дасьць магчымасьць узмацніць меры па прафіляктыцы распаўсюджваньня COVID-19 сярод наведнікаў судоў, судзьдзяў і супрацоўнікаў судовых структур, лічаць у прафсаюзе.

«Гэтыя меры ўжо прынятыя ў суседніх краінах, напрыклад, у Польшчы і Украіне. Станоўчае рашэньне па гэтым звароце будзе пацьвярджэньнем, што судзьдзі клапоцяцца і абараняюць правы і інтарэсы грамадзянаў Беларусі», — адзначаецца ў заяве.

17:23 1.4.2020

Купалаўскі тэатар адмяніў спэктаклі на бліжэйшыя 2 тыдні

Тэатар імя Янкі Купалы ў Менску абвясьціў пра адмену паказу спэктакляў 1, 2, 3, 4, 5, 7, 8, 9, 10 і 13 красавіка 2020 году на галоўнай і камэрнай сцэнах.

Квіткі на адмененыя спэктаклі можна здаць да 20 красавіка ў касу тэатра (Энгельса 7а) з 10 а 20:00 альбо скарыстаць іх пры наведваньні таго ж спэктакля да канца сэзона.

Таксама ў тэатры прапануюць гледачам глядзець спэктаклі онлайн, на ютуб-канале Купалаўскага тэатру. Расклад спэктакляў наступны:

  • 2.04 — «Ураджай»
  • 5.04 — «Жарт to you»
  • 7.04 — «Творчы вечар Заслужанай артысткі РБ Тамары Міронавай»
  • 8.04 — «Офіс»
  • 10.04 — «Хам»
17:12 1.4.2020

Біл Гейтс назваў тры крокі, неабходныя для перамогі над COVID-19, у тым ліку — татальны карантын

Няма сумненьня, піша Гейтс у сваім артыкуле ў Washington Post, што Злучаныя Штаты ўпусьцілі магчымасьць апярэдзіць новы каранавірус, але акно для прыняцьця важных рашэньняў яшчэ не зачыненае. Выбар, які палітычныя лідэры і бізнэсмэны робяць цяпер, будзе мець вялікі ўплыў на тое, як хутка пачнуць зьмяншацца лічбы, як доўга эканоміка застанецца спыненай і колькім амэрыканцам давядзецца пахаваць свайго блізкага чалавека з прычыны COVID-19.

17:07 1.4.2020

Эўрапейская служба вонкавых сувязяў занепакоена дэзынфармацыяй вакол COVID-19. Асноўныя пункты

Некаторыя дзяржавы і суб’екты, якіх гэтыя дзяржавы падтрымліваюць, імкнуцца выкарыстаць крызіс грамадзкай сыстэмы аховы здароўя для прасоўваньня геапалітычных інтарэсаў. Для гэтага яны часта адкрыта кідаюць выклік аўтарытэту Эўрапейскага Зьвязу і яго партнэраў.

17:01 1.4.2020

Колькі хто дае на ратаваньне эканомікі: адной карцінкай

Улады і міжнародныя фінансавыя інстытуты ва ўсім сьвеце выдаткоўваюць трыльёны даляраў, каб супрацьстаяць наступствам пандэміі. І гэта толькі пачатак.

16:58 1.4.2020

Намесьніца міністра аховы здароўя: Нічога небясьпечнага для грамадзян і звышнатуральнага ў краіне не адбываецца

Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан 1 красавіка ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» расказала пра распаўсюд каранавірусу ў Беларусі.

Што сказала намесьніца міністра здароўя?

  • Мінздароўя сваёй працай са студзеня не дапусьцілі лявінападобнага піку каранавірусу, які адбыўся ў Італіі і Гішпаніі. Праз цёплую зіму на 3 тыдні перакінуўся пік захворваньняў ВРІ, грыпу, адэна- і ротавіруснайінфэкцыі. «Наша задача была максымальна стрымліваць распаўсюд каранавірусу, каб не наслаілася адно на іншае».
  • «Пасьля піку рэсьпіраторных захворваньняў праз адзін-два тыдня, лекары гэта ўсё ведаюць, пачынаецца другі пік падʼёму пнэўманій».
  • Паводле падлікаў Богдан, Беларусь займае 9-е месца ў сьвеце па праведзеным тэстам на каранавірус. Мэдыкі ў Беларусі правялі каля 31 тысячы тэстаў на каранавірус. Таксама лекары адпрацавалі па эпідрасьсьледаваньняў на прадмет наяўнасьці каранавіруса выпадкі з больш чым 30 тысячамі чалавек.
  • У Беларусі былі свае праймэры для вырабу тэстаў, іх гатовыя варыянты адпраўлялі ў лябараторыю Сусьветнай арганізацыі здароўя для вызначэньня адсотку іх дакладнасьці. У Беларусі вырабляюць тэсты кругласуткава некалькі лябараторый, а «вялікая колькасьць кампаній абмяркоўвае ўмовы іх паставак».
  • «Нічога небясьпечнага для грамадзян і звышнатуральнага ў краіне не адбываецца».
  • Мінздароўя распрацавала некалькі пратаколаў, па якім трэба дзейнічаць у рознай эпідэмічнай абстаноўцы. Зараз ведамства працуе па «пратакол першага рэжыму», сярод іншага гэты пратакол прадугледжвае, як часта чыноўнікі будуць камунікаваць са СМІ. «У дадзеным рэжыме працы меркавалася, што будзем інфармаваць грамадзкасьць толькі некалькі разоў на тыдзень».
16:38 1.4.2020

Колькасьць хворых на COVID-19 у Гішпаніі перавысіла 100 тысяч

У Гішпаніі колькасьць выпадку захворваньня на COVID-19 перавысіла 100 тысяч. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на міністэрства аховы здароўя краіны.

За суткі мэдыкі зафіксавалі больш за шэсьць тысяч новых заражэньняў. Усяго з пачатку пандэміі ў Гішпаніі памерла амаль восем з паловай тысяч чалавек. У краіне ўведзеныя жорсткія карантынныя меры. Гішпанія знаходзіцца на трэцім месцы ў сьвеце па колькасьці выяўленых выпадкаў COVID-19.

16:21 1.4.2020

Лукашэнка і каранавірус: слабы лідэр ва ўмовах вострага крызісу

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка з усіх магчымых варыянтаў прыняцьця рашэньняў выбірае чамусьці вельмі сумнеўныя, калі не сказаць — найгоршыя, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Сьцісла:

  • Ва ўмовах пандэміі кіраўнік Беларусі робіць вельмі дзіўныя, малазразумелыя крокі.
  • Замест празрыстасьці і адкрытасьці ўлады па меры росту захворваньняў пачынаюць яшчэ больш хаваць інфармацыю.
  • Мы маем клясычную сытуацыю, шырока апісаную ва ўсясьветнай палітычнай літаратуры: так паводзяць сябе слабыя лідэры ва ўмовах вострага крызісу. Гістарычных прыкладаў многа.
  • 26 гадоў неабмежаванай улады пры адсутнасьці мэханізмаў зваротнай сувязі з грамадзтвам вядуць да таго, што лідэр перастае адчуваць свой народ, рэальнасьць, пачынае жыць у сваім, уяўным сьвеце.

Чытаць увесь артыкул.

16:12 1.4.2020

«Пакуль выжываем». Як трымаюцца менскія бары і кавярні ў каранавірусны крызіс

Карэспандэнты Свабоды два дні хадзілі па Зыбіцкай і Кастрычніцкай, каб зразумець, ці стала менш людзей на папулярных вуліцах і як уладальнікі рэстаранаў і кавярняў зьбіраюцца ратаваць свой бізнэс.

У панядзелак на Зыбіцкай не працуе ніводзін бар. У «ДЭПО #2» а 18-й вечара амаль няма людзей, але праз 20 хвілін некалькі столікаў ужо занялі. Дзяўчына на касе кажа, што такі час ня надта ўдалы, каб рабіць высновы пра колькасьць наведнікаў. Але прызнае, што людзей стала значна менш. Рэпартаж цалкам чытайце тут >>

16:07 1.4.2020

МЗС просіць Літву перадаць дакладныя зьвесткі пра «пэўныя ачагі і выпадкі сьмерці» у Беларусі ад COVID-19

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара беларускага МЗС Анатоля Глаза, апублікаваным на сайце ведамства. Напярэдадні прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы выказалі сумневы адносна эфэктыўнасьці прыманых Беларусьсю захадаў для барацьбы з каранавірусам і заявілі аб магчымасьці абмежаваньні авіязносін паміж краінамі.

«Сёньня, калі сьвет сутыкнуўся з такім магутным выклікам, як ніколі важная салідарнасьць і сумесныя намаганьні, — кажа прадстаўнік беларускага МЗС. — На гэтым фоне зусім незразумела аб якім» недаверы «казалі прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы. Любыя заявы падобнага роду павінны грунтавацца на дакладнай інфармацыі і фактах, а не на домыслах і чутках. Таму мы былі б удзячныя літоўскаму боку за перадачу нам дакладных зьвестак нейкіх „пэўных ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі сьмерці, якія фіксуюцца“. Калі, вядома, такія зьвесткі ў яе маюцца на самай справе».

16:07 1.4.2020

Сусьветная арганізацыя здароўя пра каранавірус у Беларусі: Недахоп зьвестак правакуе страх

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у каментары Tut.by заявіў, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі павінна палепшыць інфармаваньне грамадзянаў аб сытуацыі з карнавірусам у краіне.

Па яго словах, насельніцтва мусіць мець поўную інфармацыю пра ўсе рызыкі.

«Недахоп зьвестак можа справакаваць страх», — перакананы Батыр Бердыклычаў.

15:18 1.4.2020

Генэральны сакратар ААН: пандэмія стала самым сур’ёзным крызісам пасьля Другой сусьветнай вайны

Антонію Гутэрыш заявіў, што яна можа прывесьці да ўзмацненьня нестабільнасьці і канфліктаў у сьвеце. Пандэмія каранавірусу зьяўляецца найбуйнейшым глябальным крызісам з часоў Другой сусьветнай вайны, заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, выказаўшы занепакоенасьць, што яна можа справакаваць канфлікты ва ўсім сьвеце, паведамляе Голас Амэрыкі.

Па словах Гутэрыша, маштабнасьць крызісу абумоўленая «захворваньнем, якое ўяўляе пагрозу для кожнага чалавека ў сьвеце, і эканамічным узьдзеяньнем, якое прынясе рэцэсію, якая ня мае паралеляў у нядаўнім мінулым». Больш за 40 тысяч чалавек памерлі ў сувязі з распаўсюджваньнем у сьвеце эпідэміі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG