Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

13:06 2.3.2020

Тым часам у менскім ГУМе

11:02 2.3.2020

Прэвэнтыўныя меры: рэчыцкіх школьнікаў, якія вярнуліся з Італіі, назіраюць спэцыялісты

11 навучэнцаў школ Рэчыцкага раёну, якія вярнуліся 28 лютага з італьянскага горада Таварнэле (рэгіён Флярэнцыя), дзе адпачывалі ў складзе арганізаванай групы, цяпер знаходзяцца пад назіраньнем спэцыялістаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкаму.

«Па ўзгадненьні зь Міністэрствам аховы здароўя ў рамках прэвэнтыўных мер дзеці прыбылі ў сацыяльна-пэдагагічны цэнтар Рэчыцкага раёну. Гэта не каранцін», — падкрэсьлілі ў прэс-службе. Дзеці і пэдагог, які іх суправаджаў, знаходзяцца пад наглядам, для іх арганізавалі харчаваньне, мэдыцынскае забесьпячэнне і кругласутачны догляд; каб не перапыняць навучальны працэс, праводзяцца заняткі.

10:29 2.3.2020
  • Па стане на 2 сакавіка ў сьвеце выявілі 89 тысяч выпадкаў COVID-19 (зь іх 80,1 тысячы ў Кітаі, 4,2 тысячы ў Паўднёвай Карэі, 1,7 тысячы ў Італіі, каля 1 тысячы ў Іране). «Актыўнымі» застаюцца 40,8 тысячы выпадкаў. Выпісаныя здаровымі пасьля інфэкцыі 45 156 чалавек.
  • За ўвесь час ад COVID-19 памерлі 3057 чалавек (зь іх 2914 у Кітаі, 54 у Іране, 31 у Італіі, 26 у Паўднёвай Карэі). Летальнасьць складае 3,43%, але вірус збольшага забівае людзей сталага веку, якія ўжо маюць іншыя захворваньні.
  • У Беларусі пацьвердзілі 3 выпадакі COVID-19 — у грамадзяніна Ірану, студэнта БНТУ, у бацькі яго беларускай сяброўкі і ў жанчыны зь Віцебску, якая падарожнічала ў Італію.
10:08 2.3.2020

Ва Ўхані закрылі экстрана збудаваны шпіталь

У кітайскім горадзе Ўхань, зь якога пачаўся распаўсюд COVID-19, улады вырашылі закрыць першы імправізаваны шпіталь, які будавалі для пацыентаў з новым каранавірусам, піша Reuters са спасылкай на дзяржаўную кітайскую тэлевізію.

Гэтая навіна супала з рэзкім падзеньнем новых выпадкаў выяўленьня каранавірусу ў Кітаі — за мінулы дзень іх выявілі толькі дзьве сотні, найменшую колькасьць са студзеня.

Але ў Кітаі застаюцца «актыўнымі» 32,6 тысячы выпадкаў COVID-19 — агулам там выяўлена 80,1 тысячы выпадкаў, выпісалі здаровымі 44,5 тысячы, памерлі 2,9 тысячы, у цяжкім стане застаецца 7,1 тысячы пацыентаў. За мінулы дзень у Кітаі памерлі яшчэ 42 пацыенты з COVID-19.

08:43 2.3.2020

БНТУ будзе весьці заняткі праз Youtube

Пасьля таго, як у студэнта БНТУ выявілі COVID-19, студэнтаў вырашылі вучыць «паводле індывідуальнага графіку» прынамсі да 14 сакавіка. Цяпер стала вядома, як гэта будзе адбывацца: праз трансьляцыі заняткаў на Youtube.

Пакуль на кожны дзень заплянаваныя па два вэбінары для будаўнічага факультэту (толькі на адзін дзень тры, на яшчэ адзін — толькі адзін). Матэрыялы будуць дасяжныя пад ліцэнзіяй Creative commons.

Так, у панядзелак студэнтам Будаўнічага факультэту прапануюць паглядзець вэбінары пра «мадэляваньне, разьлік і аналіз напружана-дэфармаванага стану балечнага элемэнту» і «разьлік выдаткаў на часовыя будынкі і зімовае ўдаражаньне пры складаньні каштарыснай дакумэнтацыі». У аўторак ім прапануюць вэбінары пра «электрычнае поле ў рэчыве» і «карысныя ангельскамоўныя вітаньні».

Каранавірус, каранавірус у Беларусі, каранавірус у сьвеце, коронавирус, коронавирус в Беларуси, коронавирус в мире, Лукашенко про коронавирус

08:34 2.3.2020

У Беларусі павялічылі колькасьць лякарняў, куды будуць класьці пацыентаў з сымптомамі рэсьпіратарнай інфэкцыі

Міністэрства здароўя вырашыла разьмяшчаць людзей з сымптомамі рэсьпіратарных захворваньняў ня толькі ў Менскай інфэкцыйнай лякарні, але таксама ў тэрапэўтычным корпусе Менскай клінічнай лякарні №6 і ў некаторых абласных лякарнях (поўны сьпіс не называюць).

Паводле міністэрства, «дадзеныя ўстановы абсталяваныя ўсім неабходным абсталяваньнем і высокакваліфікаваным пэрсаналам».

08:28 2.3.2020

У аднагрупнікаў іранца з БНТУ ня выявілі новы каранавірус

Як паведаміла Міністэрства здароўя, бліжэйшае атачэньне і частку аднагрупнікаў першага ў Беларусі пацыента з COVID-19 праверылі на новы каранавірус. Пакуль лябараторныя дасьледаваньні ня выявілі наяўнасьці РНК, што магла б належыць вірусу SARS-CoV-2.

Тых аднагрупнікаў хворага, якія мелі прыкметы рэсьпіратарнай інфэкцыі, шпіталізавалі ў Менскую інфэкцыйную лякарню, а астатніх, якія ня мелі сымптомаў, паклалі ў шпіталь інвалідаў Вялікай айчыннай пад назіраньне на час інкубацыйнага пэрыяду вірусу — 14 дзён.

За астатнімі студэнтамі і выкладчыкамі БНТУ, дзе вучыўся пацыент з COVID-19, назіраюць мэдыкі, у тым ліку абяцаюць наведваньне дома.

22:43 1.3.2020

Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу перавысіла 3 тысячы

Агульная колькасьць інфікаваных каранавірусам склала да вечара 1 сакавіка 2020 году 88339 чалавек.

З канца сьнежня 2019 году, калі пачалася ўспышка каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 (пнеўманіі новага тыпу), ахвярамі захворваньня сталі 3 тысячы чалавек (дакладная лічба: 3001), 42728 чалавек паправіліся.

Такія апошнія зьвесткі публікуе міжнародны інфармацыйны рэсурс WorldOmeter.

21:59 1.3.2020

За суткі колькасьць заражаных каранавірусам у Італіі вырасла на 50%

Колькасьць інфікаваных каранавірусам у Італіі за апошнія суткі вырасла на 50% і складае 1694 чалавекі.

Пра гэта заявіў Анджэлё Барэлі, кіраўнік службы цывільнай абароны, паведамляе dpa.

Паводле яго зьвестак, лячэньне праходзілі або праходзяць 1577 чалавек; 83 пацыенты ўжо лічацца вылечанымі, а 34 — памерлі.

Днём раней паведамлялася аб прыблізна 1100 выпадках заражэньня каранавірусам у Італіі.

20:11 1.3.2020

У Беларусі будуць абсьледаваць усіх, хто прыбывае з Кітаю, Паўднёвай Карэі, Ірану і Італіі

У Беларусі з прычыны пагаршэньня эпідэмічнай сытуацыі ў Кітаі, Іране, Італіі і Паўднёвай Карэі будуць праводзіць абсьледаваньні і лябараторную дыягностыку ўсіх грамадзян, якія прыбылі або прыбудуць з гэтых краінаў пасьля 20 лютага, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

«Колькасьць беларускіх і замежных грамадзян, якіх неабходна абсьледаваць і шпіталізаваць, павялічваецца. Таму прынята рашэньне грамадзян з сымптомамі рэсьпіратарных захворваньняў разьмяшчаць ня толькі ў карпусах Менскай інфэкцыйнай бальніцы, але і ў тэрапэўтычным корпусе Мінскай клінічнай бальніцы № 6, а таксама ў некаторых абласных установах аховы здароўя», — адзначаецца на сайце міністэрства.

19:38 1.3.2020

Успышка каранавірусу палепшыла паветра над Кітаем — NASA


Маніторынг забруджаньня паветра спадарожнікамі NASA і Эўрапейскага касьмічнага агенцтва выявіў значнае зьніжэньне дыяксыду азоту над Кітаем.

Паводле інтэрпрэтацыі амэрыканскіх і эўрапейскіх экспэртаў, зьмены якасьці паветра над Кітаем да лепшага часткова зьвязаныя з запаволеньнем кітайскай эканомікі пасьля ўспышкі каранавірусу і з абмежаваньнямі руху транспарту ў правінцыі Хубэй, у якой знаходзіцца галоўны агмень каранавірусу.

Паводле навукоўцаў NASA, зьніжэньне забруджаньня паветра было спачатку відавочнае ў рэгіёне гораду Ўхань, але потым распаўсюдзілася па ўсёй краіне.

Дыяксыд азоту (NO2) — шкодны для здароўя газ, які вылучаецца аўтамабілямі, электрастанцыямі і прамысловымі аб’ектамі.

18:23 1.3.2020

Першыя выпадкі заражэньня каранавірусам зарэгістравалі ў Чэхіі

Міністар аховы здароўя Чэхіі Адам Войцех заявіў 1 сакавіка, што ў Чэхіі зарэгістравалі тры першыя выпадкі заражэньня каранавірусам.

Два заражаныя пацыенты знаходзяцца ў шпіталі ў Празе, адзін — у шпіталі ў Усьці-над-Лабэм.

18:06 1.3.2020

Колькасьць выпадкаў каранавірусу ў Нямеччыне вырасла амаль удвая

Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу ў Нямеччыне станам на 1 сакавіка вырасла да 117 з 66, паведамляе Reuters, спасылаючыся на нямецкіх мэдыкаў.

Больш за палову выпадкаў заражэньня прыпадае на Паўночны Рэйн-Вэстфалію, самую густанаселеную зямлю Нямеччыны, дзе ў панядзелак, 2 сакавіка, будуць закрытыя некалькі школаў і дзіцячых садкоў, каб паспрабаваць прадухіліць распаўсюд вірусу пасьля таго, як яго выявілі сярод пэрсаналу гэтых установаў.

17:45 1.3.2020

Колькасьць заражаных каранавірусам у Брытаніі ўзрасла да 35

Брытанскія ўлады заявілі, што 1 сакавіка зарэгістравалі 12 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам, у выніку чаго агульная колькасць інфікаваных у краіне вырасла да 35 чалавек.

Пра гэта паведамляе Reuters, удакладняючы, што трое з гэтага ліку мелі цесны кантакт з раней заражанай асобай, шасьцёра нядаўна прыехалі з Італіі, а двое з Ірану. Адна з нова заражаных асобаў нікуды не падарожнічала апошнім часам, і мэдыкі пакуль ня высьветлілі, якім чынам яна заразілася.

17:06 1.3.2020

Трэці выпадак у Беларусі? У жанчыны зь Віцебску западозрылі новы каранавірус

Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра новае падазрэньне на COVID-19: адзін з тэстаў на новы каранавірус даў станоўчы вынік у беларускі зь Віцебску.

Гаворка ў паведамленьні міністэрства ідзе аб падазрэньні, але не адназначным выяўленьні вірусу: выявілі толькі фрагмэнт РНК, які можа належыць вірусу SARS-CoV-2.

Жанчына і два ейныя калегі былі на поўначы Італіі і праходзілі праверку ў сувязі з успышкай вірусу ў рэгіёне.

14:52 1.3.2020

Па паўтысячы новых хворых у Кітаі і Паўднёвай Карэі

Ухань, жанчына ў самаробнай масцы
Ухань, жанчына ў самаробнай масцы

На сярэдзіну дня 1 сакавіка вядома, што за мінулы дзень у Кітаі выявілі 576 новых выпадкаў COVID-19, у Паўднёвай Карэі — 586, у Іране — 385, у Нямеччыне — 38, у Гішпаніі — 15, у Францыі і Аўстраліі — па 4, у Нарвэгіі і Фінляндыі — па два. Першы выпадак зафіксавалі ў Армэніі. Памерлі 35 хворых у Кітаі, 11 у Іране, 3 у Паўднёвай Карэі, па адным у Японіі, Тайляндзе і Аўстраліі.

Большая частка новых выпадкаў у Кітаі — 565 — зафіксаваная ў горадзе Ўхань, адкуль пачаўся распаўсюд вірусу. Пры тым 233 выпадкі зафіксавалі ў гарадзкой турме, перадае Reuters.

Колькасьць новых выпадкаў у Кітаі найвялікшая з 22 лютага, але агулам тэмпы распаўсюду вірусу спадаюць, а колькасьць сьмерцяў за суботу — другая найменшая за люты.

12:21 1.3.2020

У Беларусі падазраюць другі выпадак COVID-19

Мінздароўя пацьвердзіла, што ёсьць «адзін сумнеўны вынік» аналізаў на новы каранавірус без «клінічных праяваў» хваробы. Канчатковы вынік мае зьявіцца 2 сакавіка. Інфэкцыю падазраюць у бацькі сяброўкі іранскага студэнта БНТУ — першага ў Беларусі пацыента з новым каранавірусам.

10:34 1.3.2020

Чацьвёра дзяцей заразіліся каранавірусам у дзіцячым садку ў Нямеччыне

Паводле мясцовых уладаў, усе дзеці, якія заразіліся COVID-19, хадзілі ў адзін і той жа дзіцячы садок у акрузе Гайнсбэрг, выхавацелька якога раней заразілася новым каранавірусам.

З хворых дзяцей толькі адзін мае лёгкія сымптомы прастуды, ва ўсіх стан задавальняльны.

Агулам садок наведвалі 114 дзяцей, зь іх 100 праверылі, яшчэ 14 бацькі не прывезьлі на дабраахвотны тэст.

Успышку ў Нямеччыне папярэдне зьвязваюць з мужам і жонкай з Гайнсбэрга (муж цяпер у крытычным стане). Яны наведвалі карнавальную імпрэзу, многія ўдзельнікі якой захварэлі.

09:14 1.3.2020

Першая сьмерць ад COVID-19 у Тайляндзе

Як піша Reuters, першай ахвярай новага каранавірусу ў Тайляндзе стаў 35-гадовы генэральны дырэктар Дэпартамэнту кантролю захворваньняў. Агулам у краіне зафіксавалі 42 выпадкі COVID-19, пры тым 30 пацыентаў ужо выпісалі здаровымі, 11 застаюцца ў шпіталях.

01:48 1.3.2020

Па стане на раніцу 1 сакавіка, каранавірус COVID-19 выявілі ў 64 краінах у 86 922 чалавек (зь іх 79 931 у Кітаі). Зь іх 2979 чалавекі памерлі (зь іх 2872 у Кітаі).

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG