Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працуем у штатным рэжыме». Віцяблянка, у якой падазраюць каранавірус, працуе на футравым камбінаце


Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы каля Менскай гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні
Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы каля Менскай гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні

Камбінат уваходзіць у холдынг «Марка».

1 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра новае падазрэньне на COVID-19. Адзін з тэстаў на каранавірус даў станоўчы вынік у беларускі зь Віцебску. Жанчыну, а таксама дваіх яе калег, тэрмінова шпіталізавалі.

Жанчына праходзіць паглыбленае абсьледаваньне, на гэты момант дакладнага дыягназу яшчэ няма. Яна работніца Віцебскага футравага камбінату, які ўваходзіць у холдынг «Марка». У Італіі жанчына была ў службовай выправе.

«Я ведаю, што цяпер наша калега праходзіць паглыбленую дыягностыку, — сказаў Свабодзе дырэктар камбінату Сяргей Беценя. — Больш інфармацыі пакуль няма. Калі пра іранскага студэнта дакладна сказана, што ў яго каранавірус, то ў нашай калегі пакуль гэтага няма. Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, панікі няма. Мы правялі дадатковую гутарку з супрацоўнікамі пра тое, што трэба часьцей мыць рукі. Ну гэта як усюды».

У прыёмнай кампаніі «Марка» Свабодзе таксама паведамілі, што аналізы на наяўнасьць каронавірусу мэдыкі бралі ў генэральнага дырэктара холдынгу Мікалая Мартынава. Яны паказалі адмоўны вынік.

Як чакаецца, канчатковыя вынікі аналізаў віцеблянкі павінны зьявіцца на працягу сутак. Таксама 2 сакавіка стане вядома, ці захварэў на каранавірус бацька дзяўчыны студэнта з Ірану, хвароба якога ўжо пацьверджаная.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG