Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі не было зімы. Тлумачэньне навукоўцаў


Абрад "Цягнуць Каляду на дуба" ў вёсцы Марціянаўка, 21 студзеня, ілюстрацыйнае фота
Абрад "Цягнуць Каляду на дуба" ў вёсцы Марціянаўка, 21 студзеня, ілюстрацыйнае фота

Зьмена клімату і дзіўныя арктычныя ўмовы надвор’я «не пусьцілі» холад на поўдзень, пераказвае Bloomberg амэрыканскіх мэтэаролягаў з кампаніяў Weather Underground і Weather Tiger.

Анамалія назіралася ня толькі ў Беларусі, дзе з 2019-га на 2020 год не было кліматычнай зімы. Увесь сьвет ідзе да найцяплейшай зімы ў гісторыі.

На Паўночным полюсе, тлумачаць мэтэаролягі, утварылася надзіва моцная сыстэма нізкага ціску, якая «зацягнула» ў замкнутае кола вятры, якія звычайна цыркулююць у палярным рэгіёне — зьявіўся бар’ер, які не пускае мароз на поўдзень.

«Арктычнае ваганьне», калі ціск мяняецца з высокага на нізкі і назад, аслабляе і ўзмацняе палярныя вятры, гэта звычайная зьява. Калі надыходзіць палярная ноч, натуральным чынам утвараецца «рэзэрвуар» халоднага паветра, які «выцякае» пры ваганьні ціску ў вышэйшы бок. Але рэдка калі «замкнутасьць» марозу бывае такой інтэнсіўнай і доўжыцца такі працяглы час, як сёлета.

Справа ня ў нейкім асобным незвычайна цёплым ці халодным рэгіёне, а ў пераразьмеркаваньні цеплыні. Яшчэ мінулай восеньню здавалася, што Арктыка «адпусьціць» мароз — мэтэаролягі прадказвалі халодную зіму. Цяперашнія мэтады прадказаньня ня выкрылі знакаў таго, якой зіма будзе напраўду. І дакладная сувязь гэтага са зьменай клімату яшчэ не вядомая навукоўцам.

У Эўропе (і ў Беларусі ў тым ліку) зафіксавалі найцяплейшы студзень за гісторыю назіраньняў. У Злучаных Штатах сёлета фіксуюць сярэднія тэмпэратуры, на 3°С вышэйшыя за сярэднія ў XX стагодзьдзі (затое ў Вашынгтоне ці Бостане, як падлічылі ў AccuWeather, заплоцяць за ацяпленьне на 11% менш). У вялікай частцы Расеі, частках Скандынавіі і ва ўсходняй Канадзе было цяплей за норму на 5°С. Затое Арктыка змагла «вярнуць» сабе частку льдоў, аб’ёмы якіх зьмяншаліся ў апошнія гады.

Унікальнасьць такой зьявы, чакаюць мэтэаролягі, падштурхне навукоўцаў да «лавіны новых дасьледаваньняў». Пакуль жа навукоўцы мяркуюць, што арктычная анамалія можа ўзмацняцца ў наступныя гады.

Да канца каляндарнай зімы ў Беларусі не прагназуюць надыходу зімы кліматычнай. Цягам тыдню тэмпэратура будзе апускацца ніжэй за нуль хіба начамі, днём жа прагназуюць «плюс» (на поўдні ў сераду — да +9°С) і дажджы, магчымы мокры сьнег.

Акрамя таго, 24 лютага па ўсёй Беларусі чакаецца моцны вецер з парывамі да 15–18 м/с.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG