Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 месяцы лета, 93 мільёны даляраў стратаў. Як на Беларусь уплывае зьмена клімату


Дзяўчаты дапамагаюць Аляксандру Лукашэнку зьбіраць ураджай кавуноў

За апошнія 25 гадоў сярэдняя гадавая тэмпэратура перавысіла кліматычную норму ў Беларусі на 1,3 градуса. Ужо сёньня наступствы кліматычных зьменаў абыходзяцца беларускаму бюджэту ў 93 мільёны даляраў на год. Якія галіны найбольш церпяць ад пацяпленьня, расказалі экспэрты падчас круглага стала «Беларусь і глябальная зьмена клімату», арганізаванага прадстаўніцтвам ААН і ПРААН у Беларусі.

Пачынаючы з 1989 году ва ўсіх рэгіёнах краіны назіраецца адхіленьне ад кліматычнай нормы, сказаў Віктар Мельнік, кандыдат геаграфічных навук з Інстытуту прыродакарыстаньня Нацыянальнай акадэміі навук. Кліматычная норма — гэта сярэдняя тэмпэратура, якая зафіксаваная ў пэрыяд з 1961 па 1990 год. І калі раней адхіленьні ад нормы былі як уніз па шкале тэрмомэтра, так і ўверх, то апошнія 30 год усе адхіленьні адбываюцца толькі ў бок падвышэньня тэмпэратуры.

«Гэта кажа пра ўстойлівы рост тэмпэратуры ў Беларусі ўжо 30 гадоў», — сказаў Віктар Мельнік.

Сьнег ляжыць на паўмесяца меней


У зьмене клімату навукоўцы бачаць ня толькі нэгатыўныя наступствы. Напрыклад, зіма цяпер заканчваецца раней, што павялічыла вэгетацыйны пэрыяд у сярэднім на 12 дзён. У краіне пачалі вырошчваць цеплалюбівыя культуры, якія раней не прыжываліся. Жыльлёва-камунальныя службы трацяць менш паліва на ацяпленьне ўзімку.

Аднак адмоўных наступстваў усё ж болей. У Беларусі стала больш засух і пажараў. Павялічваецца расход электрычнасьці на кандыцыянаваньне памяшканьняў летам, зьявіліся нязвыклыя для краіны інфэкцыйныя і паразытарныя хваробы.

«Было падлічана, што прыкладна каля 93 мільёна даляраў на год Беларусь губляе ад неспрыяльных і небясьпечных зьяваў надвор’я», — сказаў Віктар Мельнік.

Таксама ў Беларусі вырасла працягласьць лета, дадала Натальля Клявец, начальнік аддзелу вывучэньня зьменаў клімату Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. Па яе словах, лета цяпер складае ад 95–100 дзён на поўначы да 120 дзён на поўдні. Адначасова скарачаецца колькасьць зімовага пэрыяду і часу пад сьнегавым покрывам.

«Па паўднёвым захадзе ёсьць гады, калі сьнегавое покрыва ўвогуле не ўсталёўваецца», — сказала Натальля Клявец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG