Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі не было кліматычнай зімы — упершыню за гісторыю назіраньняў


Кастрычніцкая плошча ў Менску, 20 сьнежня

Кліматычная зіма, калі сярэднясутачная тэмпэратура ўстойліва апускаецца ніжэй за 0°С, у гэтым сэзоне не прыйшла ў Беларусь.

У Белгідрамэце расказалі Tut.by, што і не чакаюць, што да канца лютага надыдзе кліматычная зіма.

Звычайна кліматычная зіма пачынаецца ў Беларусі ў канцы лістапада ці пачатку сьнежня, завяршаецца на паўднёвым захадзе краіны ў канцы лютага, на астатняй тэрыторыі — у першай-другой дэкадзе сакавіка.

У пачатку сьнежня 2019 году паведамлялася, што кліматычная зіма прыйшла своечасова — але стабільныя мінусавыя тэмпэратуры не ўтрымаліся.

Раней нават у самую цёплую зіму ў гісторыі назіраньняў, з 1989-га на 1990 год, фіксавалася сярэднясутачная мінусавая тэмпэратура. Калі цяпер надвор’е істотна ня зьменіцца, каляндарная зіма 2019–2020 стане першай у гісторыі назіраньняў, калі ў Беларусь не прыйшла кліматычная зіма.

Ад гэткай анамаліі ў Белгідрамэце прадказваюць «больш нэгатыўных, чым станоўчых» наступстваў. Акрамя незвычайна высокіх тэмпэратураў, гэты год адзначыўся і частымі пераходамі ад плюсавых да мінусавых тэмпэратураў — а гэта нэгатыўна адбіваецца ня толькі на прыродзе, але і на трываласьці пабудоваў.

За студзень 2020 году сярэдняя тэмпэратура склала +1,1°С, што вышэй за кліматычную норму на 5,5°С — гэта быў рэкордна цёплы студзень у гісторыі назіраньняў. Мэтэаролягі адзначалі, што кліматычная зіма працяглы час скарачаецца: за апошнія 30 гадоў яна зьменшылася на 5–8 дзён ад нормы.

«Плюсавую» тэмпэратуру прагназуюць да канца тыдня па ўсёй Беларусі, дзе-нідзе з дажджамі і мокрым сьнегам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG