Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорд. Студзень у Беларусі быў найцяплейшым у гісторыі назіраньняў


Старажытны лесапарк Пячэрскі, Магілёў, архіўнае фота

Сярэдняя тэмпэратура паветра ў студзені ў Беларусі склала +1,1°С, піша Белгідрамэтцэнтар. Гэта вышэй за кліматычную норму на 5,5°С — і гэта абсалютны рэкорд у гісторыі назіраньняў.

Найбольшае адхіленьне ад кліматычнай нормы назіралі ў Віцебскай вобласьці (плюс 6,3°С да нормы), найменшае — у Берасьцейскай (плюс 4,8°С).

Тэмпэратура перавышала нормы цягам усяго месяца: у першай дэкадзе на 4,7°С, у другой — на 5,8°С, у трэцяй — на 6°С.

Звычайна ж канец студзеня і пачатак лютага лічацца самым халоднай парою ў Беларусі.

Ападкаў было крыху менш за кліматычную норму: 38,6 мм за месяц, 92% нормы студзеня (найменш ад нормы — 72% у Берасьцескай вобласьці).


Што там зь лютым?

Пачатак лютага таксама выдаўся даволі цёплым (1 лютага было каля +10°С — новыя рэкорды адзначылі ў 22 месцах па краіне). Але цяпер тэмпэратура днём часам апускаецца ніжэй за нуль, а ноч на 5 лютага была самай халоднай з пачатку зімы: даходзіла да –6,1°С.

У Менску на дзень 5 лютага прагназуюць ад –3 да –5°С удзень і адсутнасьць ападкаў, на 6 лютага зноў невялікі «плюс» з мокрым сьнегам, на 7-га невялікі «мінус» без ападкаў, 8-га — каля нуля і сьнег з магчымай завеяй, 9-га — невялікі «плюс» без ападкаў.

У Баранавічах, Берасьці, Пінску і некаторых іншых гарадах на поўдні прагназуюць, што да канца тыдня ўдзень тэмпэратура ня будзе апускацца ніжэй за нуль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG