Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі экс-паліцыянт прызнаўся, што падкінуў наркотыкі журналісту па ўказаньні начальства


Іван Галуноў на судзе па справе аб перавышэньні паўнамоцтваў супрацоўнікамі паліцыі. Лістапад 2019 году

Абвінавачаны па справе расейскага журналіста Івана Галунова былы паліцыянт Дзяніс Канавалаў прызнаў сваю віну і даў паказаньні супраць свайго былога начальніка Ігара Ляхаўца, паведамляе «Інтэрфакс».

«На мінулым тыдні ў ходзе вочнай стаўкі майго падабароннага Ляхаўца і яго былога падначаленага Канавалава [былы] паліцыянт заявіў, што гэта Ляхавец даў яму ўказаньні падкінуць Галунову наркотыкі. Канавалаў таксама цалкам прызнаў сваю віну,» — распавёў адвакат Ляхаўца Аляксей Каўрыжкін.

У камэнтары выданьню Znak.com адвакат заявіў, што паказаньні Канавалава «лёгка абвергнуць» і паабяцаў падаць усе патрэбныя доказы. Таксама Каўрыжкін выказаў сумнеў у законнасьці здабытых прызнаньняў. Паводле адваката, ягоны падабаронны «выдатна разумее, якім чынам былі здабытыя гэтыя паказаньні». «Ляхавец стаіць на сваім, віны не прызнае, вытрымкі не губляе, гатовы даказваць сваю невінаватасьць», — сказаў на заканчэньне Аляксей Каўрыжкін.

Па справе аб фальсыфікацыі доказаў і перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры затрыманьні журналіста Івана Галунова былі арыштаваныя пяцёра супрацоўнікаў расейскай паліцыі. Усіх іх да 29 сакавіка зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар.

Журналіста выданьня «Медуза» Івана Галунова затрымалі 6 ліпеня 2019 году па падазрэньні ў незаконным збыце наркотыкаў. Журналіст назваў справу супраць сябе сфабрыкаванай у сувязі зь ягоным расьсьледаваньнем пра рытуальны бізнэс. Пасьля закрыцьця справы журналіста прызналі пацярпелым. Прокуратура прабачылася перад ім за незаконнае крымінальны перасьлед.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG