Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што маўчыць новы Кодэкс пэдагагічнай этыкі


Ілюстрацыйнае фота

Што я думаю пра новенькі Кодэкс пэдагагічнай этыкі, вынесены на грамадзкае абмеркаваньне? Думаю — добры дакумэнт. Асабліва для тых, хто ня ўмее паводзіць сябе этычна, ня маючы для гэтага адпаведнай паперчыны.

Для тых, хто ўчора яшчэ крычаў на дзяцей, абмяркоўваў публічна вучнёўскія недахопы і асаблівасьці паводзінаў, дазваляў сабе абразьлівыя камэнтаваньні зьнешняга выгляду і каштоўнасьцяў падлеткаў — а заўтра перастане гэта рабіць, бо зьявіцца Кодэкс і самым чароўным чынам зьменіць карэлыя матрыцы ў галовах, дык для такіх выпадкаў гэта проста шыкоўны дакумэнт.

Праўда, крыху абагулены. Шмат якія палажэньні Кодэксу выклікаюць у мяне пытаньні ў сэнсе канкрэтызацыі.

Прыкладам, пункт 1.3., у якім рэкамэндавана «пазьбягаць сытуацый, якія могуць нанесьці шкоду гонару і дзелавой рэпутацыі пэдагагічнага працаўніка і ўстанове адукацыі». Ці тычыцца гэтая норма ўдзелу настаўнікаў у выбарчых камісіях?

Шматлікія фальсыфікацыі, зафіксаваныя назіральнікамі на апошніх, перадапошніх і наогул усіх існых выбарах, у тым ліку з удзелам пэдагагічных працаўнікоў, нанесьлі сур’ёзную шкоду нашай агульнай рэпутацыі — немагчыма слова сказаць, каб табе не прыляцела «а вы выбары фальсыфікуеце».

Я выбары не фальсыфікую, але маёй рэпутацыі такое становішча рэчаў нанесла і наносіць моцную шкоду. Цяпер, я так разумею, удзелу ў выбарчых камісіях трэба пазьбягаць усім пэдагагічным працаўнікам.

Ці пункт 1.5, у якім прапанавана «абмяркоўваць праблемы пэдагагічнай сфэры ў паважлівай форме і прымаць рашэньні ў адкрытых пэдагагічных дыскусіях», але пры гэтым забаронена «абмяркоўваць працоўныя моманты ў сетцы Інтэрнэт». Дык дзе і хто будзе нам адкрываць пэдагагічныя дыскусіі, у якіх мы павінны абмяркоўваць свае праблемы і працоўныя моманты?

Калі я хачу ініцыяваць адкрытую пэдагагічную дыскусію — ці магу я гэта зрабіць? І дзе мне гэта зрабіць? Як я павінна рэагаваць на несправядлівасьць унутры сыстэмы? Дзе шукаць праўды? Куды несьці сваю крыўду? Мне б хацелася ўдакладніць гэты момант — і ступень адкрытасьці той дыскусіі, якая будзе мне прапанаваная.

А калі мне хочацца падзяліцца радасьцю? Расказаць усяму сьвету пра найлепшую ўстанову адукацыі, дзе я працую? Пахваліцца дзецьмі? Сабой, урэшце? Ці змагу я замовіць у Мінадукацыі адкрытую пэдагагічную дыскусію па ўхваленьні сябе, любімай, і сваіх наватарскіх мэтодык? Настаўніцкі пазытыў у сетцы Інтэрнэт — ён дазволены?

Нешта Кодэкс пра гэта маўчыць. Ён толькі рэкамэндуе мне «спакойна ўспрымаць крытыку і прызнаваць свае памылкі» — шкада, што ўменьне спакойна ўспрымаць крытыку ў сетцы Інтэрнэт не прадугледжана для нашага кіраўніцтва.

Наогул, канешне, увага Кодэксу да Інтэрнэту ўражвае. Аказваецца, мы цяпер павінны сачыць за тым, каб «не зьмяшчаць матэрыялаў, якія шкодзяць здароўю вучняў».

Гэта якіх? Рэклямы цыгарэт і наркотыкаў? Інструкцый па паркуры? Гісторыі алькагольных напояў у лічбах? Не магу нават і ўявіць сабе настаўніцкай публікацыі, якая б зашкодзіла здароўю вучняў. Хіба толькі нас усіх здымуць з выбарчых камісій і перакінуць СММ-шчыкамі гандлёвых кропак з курыцельнымі сумесямі.

І вось яшчэ: як стасуецца фактычная забарона на выказваньні ў Інтэрнэце з пунктам 3.9, у якім сказана, што пэдагагічны работнік павінен «не перашкаджаць роўнаму выказваньню думак і абароне сваіх перакананьняў усімі пэдработнікамі незалежна ад статусу і катэгорыі». То бок я ўсё ж маю права свабодна выказвацца — але толькі каб ня ў сетцы Інтэрнэт? Забыліся ўдакладніць.

Ну, і апошняе. Шкада, канешне, што цяпер, пасьля прыняцьця гэтага Кодэксу, супрацоўнік Мінадукацыі Андрэй Лазуткін ужо ня зможа неэтычна выказвацца пра настаўнікаў. Шкада таксама, што журналіст «Савецкай Беларусі» Андрэй Мукавозчык павінен будзе спыніць свае палымяныя філіпікі ў мой адрас. Бо выказвацца ў Інтэрнэце з пераходам на асобы цяпер нельга. А так весела было, эх.

Ну, і яшчэ шкада, што ўжо ніколі ні з водных вуснаў мы не пачуем смачных выразаў кшталту «адарваць галаву шчанюку». Бо ніяк цяпер. Раней можна было, а цяпер во і не. Бо цяпер Кодэкс. Раней мы чаму такія былі? Таму што ў нас Кодэксу не было.

А цяпер зажывём.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG