Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А ў краме беларуская мова? А на вуліцы?» Камянецкі чыноўнік тлумачыць, чаму трэба закрыць адзіную беларускую школу раёну


Кіраўнік аддзелу адукацыі Камянецкага раёну Віктар Грыцук, стоп-кадар інтэрвію Аляксею Голікаву

У вёсцы Амелянец на Берасьцейшчыне фізрук абараняе ад закрыцьця адзіную беларускамоўную школу ў раёне. А кіраўнік аддзелу адукацыі мяркуе, што дзецям усё адно, на якой мове вучыцца — расейскай ці беларускай. Пачытайце, што кажа чыноўнік ад адукацыі, калі яму трэба закрыць школу.

Кіраўнік аддзелу адукацыі Камянецкага раёну пазьбягае сустрэчаў з журналістамі. Адмовіўся ён патлумачыць сваю пазыцыю і карэспандэнту Свабоды. Але месяц таму чыноўнік даў вялікае інтэрвію блогеру Аляксею Голікаву. Свабода выбрала адтуль некалькі цытат.

Віктар Грыцук узначальвае аддзел адукацыі Камянецкага райвыканкаму амаль 25 гадоў. Да гэтай пасады працаваў настаўнікам і дырэктарам у школах Камянецкага раёну. Грыцук скончыў фізыка-матэматычны факультэт Берасьцейскага дзяржаўнага інстытуту імя Пушкіна. Жонка і дачка — настаўніцы.

«Гэтыя крыкуны і, у народзе іх называюць, губашлёпы, яны ніколі не карыстаюцца аўтарытэтам. Напачатку яны песьню сьпяваюць разам з жыхарамі, а потым пільнуюць свае інтарэсы, як і атрымалася ў Амелянцы».

«У нас беларускіх школ было больш, але ў сувязі зь міграцыяй насельніцтва з Украіны, з другіх... Вы ж ведаеце. Для таго, каб школа была на нейкай канкрэтнай мове, расейскай ці беларускай, павінна быць рашэньне бацькоў альбо асобаў, якія іх замяшчаюць. Таму ўсё ў адпаведнасьці з законам».

«Вёска (пасьля закрыцьця школы. — РС) не памрэ да канца. Вядома, яна ня будзе ў такім росквіце, з такой колькасьцю людзей... Заўсёды знойдуцца такія людзі, якія прыедуць у вёску. Вядома, добра, калі пад рукой ёсьць усё. Але, вы ведаеце, працэсы ўрбанізацыі перамагчы будзе вельмі цяжка».

«А тое, што дзеці там (у іншай школе. — РС) ня змогуць вучыцца... „на рускай мове“... Ды дзецям далёка ўсё роўна... А ў краме беларуская мова, а на вуліцы беларуская мова? Ды самі спадары, якія прысутнічалі на гэтым сходзе, выйшлі на прыступкі і... Я нават абярнуўся, я быў у шоку. Паміж сабой на расейскай мове».

«Яно крыху штучнае (пра выкарыстаньне беларускай мовы. — РС). Настаўнік ідзе на ўрок, памятаючы пра тое, што яму прадпісана весьці на беларускай мове, і ён стараецца весьці на беларускай мове. Так, ёсьць настаўнікі, якія стараюцца весьці на беларускай мове. Але калі выходзяць у калідор, адразу пачынаюць размаўляць на расейскай мове. Ужо двудушнасьць выхоўваюць. Хоць яны сябе б’юць у галаву, што яны за беларускамоўнасьць».

«Няма, на жаль, размоваў у Камянецкім раёне на беларускай мове».

«Мяне ёсьць каму любіць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG