Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінус 375 школ за 7 гадоў. Адукацыя ў лічбах


За сем гадоў школ у Беларусі стала менш, а колькасьць вучняў вырасла на 100 тысяч чалавек. У школах толькі 13% настаўнікаў — мужчыны. На падставе лічбаў Белстату глядзім, што адбываецца з адукацыяй.

Менш школаў, больш вучняў

Цяпер у Беларусі працуе 3020 школ, 7 гадоў таму іх было 3395 — значыць, іх колькасьць скарацілася на 375. Пры гэтым вучняў стала больш. Па зьвестках Белстату за 2019 год, цяпер іх 1 мільён 31 тысяча, а ў 2013 годзе была 931 тысяча. Гэта значыць, што напаўняльнасьць клясаў цяпер большая, чым 7 гадоў таму.

Напрыклад, у 2017 годзе ў Менску сярэдняя напаўняльнасьць клясаў была 25,4 чалавека пры норме ў 20 чалавек для I–IV клясаў паводле Кодэксу аб адукацыі. У старэйшых клясах норма — 25 чалавек.

У Беларусі стала больш прыватных школ. Калі ў 2013 годзе іх было 10 па ўсёй Беларусі, то цяпер 17.

Зьменшылася і колькасьць настаўнікаў. Калі ў 2013 годзе іх было 122 тысячы, то цяпер 111 тысяч (разам з сумяшчальнікамі).

У школах працуе толькі 13,5% мужчын, але траціна дырэктараў — мужчыны. Найбольш у школе настаўнікаў замежных моў — 13 тысяч, матэматыкі — 7 тысяч, беларускай мовы і літаратуры — 6,7 тысячы.

Студэнтаў стала менш на 135 тысяч чалавек

За 7 гадоў скарацілася колькасьць ВНУ: з 54 да 51. Іх колькасьць зьменшылася за кошт дзяржаўных ВНУ. Прыватных як было 9, так і засталося.

Стала менш і студэнтаў. Калі ў 2013 годзе іх было 354 тысячы, то цяпер — 244 тысячы. Найбольш студэнтаў сёлета прынялі на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з камунікацыяй, эканомікай і кіраваньнем — такіх 17,5 тысячы. На другім месцы тэхналягічныя спэцыяльнасьці — 13 тысяч. На пэдагогаў навучаюцца 6 тысяч чалавек.

Найменш студэнтаў паступілі на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з грамадзкім харчаваньнем і бытавым абслугоўваньнем — усяго 200 чалавек. Бясплатна ў беларускіх ВНУ цяпер навучаецца 114,7 тысячы чалавек, платна — 146,2 тысячы.

У беларускіх унівэрсытэтах навучаюцца 18,4 тысячы замежнікаў. Большасьць зь іх прыехалі з Туркмэністану (9,7 тысячы), Расеі (1439), Кітаю (1435).

1,5 тысячы выпускнікоў ВНУ ня едуць па разьмеркаваньні

У Беларусі выпускнік ВНУ, які вучыўся «на бюджэце», мусіць адпрацаваць два гады па разьмеркаваньні адпаведна сваёй спэцыяльнасьці. У 2019 годзе ВНУ разьмеркавалі 19,3 тысячы чалавек, але 1,5 тысячы да першага месца працы не даехалі. Паколькі права на самастойнае разьмеркаваньне зь іх не атрымаў ніхто, то яны ці то не змаглі паехаць на разьмеркаваньне, бо пабраліся шлюбам (а для сужэнца працы ў той мясцовасьці не было), ці проста не паехалі адпрацоўваць, ці іх не ўзялі на працу.

2 тысячы выпускнікоў сярэдніх спэцыяльных устаноў адукацыі (каледжы, прафэсійныя ліцэі) таксама не даехалі па разьмеркаваньні. Гэтыя ўстановы сёлета разьмеркавалі 18 тысяч чалавек, а першае месца працы атрымалі толькі 16 тысяч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG