Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара гомельскага каледжу, дзе студэнткі паўсталі супраць пабораў выкладчыцы, пакаралі вымовай


Гомельскі пэдагагічны каледж, архіўнае фота

У Гомельскім пэдагагічным каледжы імя Льва Выгоцкага выкладчыцу Людмілу Качанаву адхілілі ад працы з навучэнцамі дзьвюх групаў, а дырэктара, як піша Tut.by, пакаралі вымовай пасьля таго, як вучаніцы напісалі заяву ў міліцыю за паборы.

Студэнткі каледжу расказалі Tut.by, што за месяц з моманту, калі скандал стаў публічным, «прыяжджалі зь міністэрства, праводзілі сходы», адхілілі выкладчыцу ад выкладаньня ў дзьвюх групах (але ня звольнілі з каледжу), памянялі месцамі намесьнікаў па навучальнай і мэтадычнай працы, далі вымову дырэктару — «і ўсё, пакуль цішыня». Міліцыя працягвае праверку паводле заявы, якую вучаніцы падалі ў пракуратуру 22 лістапада 2019 году.

Студэнткі сьцьвярджаюць: да іх «сталі больш строга ставіцца, калі не сказаць больш», «ціск сур’ёзны». Цяпер многія навучэнцы «стаміліся ад гэтай гісторыі», «спужаныя, бо ўсё ніяк не завершыцца» — ім «здаецца, што ўсё спусьцяць на тармазах», а вінаватымі пакінуць саміх студэнтак.

У заяве дырэктару, а затым у міліцыю навучэнцы дзьвюх груп (трэцяга і чацьвёртага курсаў) абвінавацілі выкладчыцу Людмілу Качанаву ў «вымаганьні» грошай на касмэтыку «Арыфлэйм», корм для кацянят, у настойлівых прапановах аплаціць праверку курсавых і гэтак далей. Апроч таго, выкладчыца настойліва прасіла ўзяць кацянят ці шчанят на «ператрымку». Дзяўчаты вазілі кацянят па вэтэрынарах.

Навучэнцы каледжу сьцьвярджаюць, што калі набываць у выкладчыцы касмэтыку, яна ставіла лепшы бал. А грошы «на корм кацянятам» — насамрэч для таго, каб атрымаць лепшы бал на іспыце. Паводле іх, толькі за праверку курсавых работаў адной групы выкладчыца атрымала звыш 1200 рублёў.

Сама выкладчыца сьцьвярджае, што абвінавачаньні адносна яе — паклёп і «банальнае выманьваньне добрых адзнак».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG