Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На „Арыфлэйм“ здаём, на корм кацянятам здаём!» Навучэнцы пэдагагічнага каледжу ўзбунтаваліся супраць пэдагога


Гомельскі пэдагагічны каледж

Навучэнцы дзьвюх груп, трэцяга і чацьвёртага курсаў Гомельскага пэдагагічнага каледжу імя Льва Выгоцкага, накіравалі скаргі дырэктару ўстановы і ў пракуратуру на выкладчыцу пэдагогікі.

Паводле навучэнцаў, яна сярод іншага:

  • распаўсюджвае на занятках прадукцыю «Арыфлэйм»;
  • у абавязковым парадку зьбірае грошы «на корм кацянятам»;
  • прапануе датэрмінова здаць іспыт за плату;
  • тым, хто не згадзіўся аплочваць гадзіны, заніжае адзнакі;

Навучэнцы групы П-41 напісалі, што «адчуваюць псыхалягічны дыскамфорт на занятках з гэтым выкладчыкам».

«Актыўна і пасьпяхова займаецца „Арыфлэймам“ і валянтэрствам — за кошт нашых дзяцей»

Падобную заяву напісалі дырэктару і бацькі навучэнцаў.

Яны абвінавачваюць выкладчыцу ў «вымаганьні» грошай.

«Нашы дзеці пастаянна просяць грошы на „валянтэрства“, якім актыўна і пасьпяхова за чужы кошт займаецца гэтая выкладчыца. Яна арганізоўвае збор грошай зь фіксацыяй кожнага прозьвішча, забірае гатоўку асабіста і траціць яе на свой розум».

Паводле заяўнікаў, выкладчыца

  • мае найвышэйшы рэйтынг па платных паслугах у каледжы,
  • настойліва рэкамэндуе аплаціць тры-пяць гадзін кожнаму навучэнцу за праверку курсавой, у выніку гэта складае ад 39 да 60 рублёў з кожнага.

Навучэнцы каледжу сьцьвярджаюць, што калі набываць у настаўніцы касмэтыку, будзе лепшы бал. А грошы «на корм кацянятам» — насамрэч для таго, каб здаць іспыт.

«За праверку курсавых толькі з нашай групы ёй выйшла больш за 1200 рублёў», — сказалі Свабодзе навучэнцы.

«Гэта нехта з дарослых рэжысуе дзяцей»

Дырэктар пэдагагічнага каледжу Мікалай Валодзін ​пацьвердзіў, што яшчэ 14 лістапада дзьве групы папрасілі зьмяніць ім выкладчыка пэдагогікі з прычыны «пабораў» і збораў на касмэтыку і каціны корм.

Ён сказаў, што ня мае законных падстаў проста так звольніць выкладчыка. Таму ён неадкладна

  • зьвярнуўся ў міліцыю, каб там далі прававую ацэнку заяве навучэнцаў,
  • паведаміў пра сытуацыю ў галоўнае ўпраўленьне адукацыі і адміністрацыю Цэнтральнага раёну.

«18 лістапада я сабраў навучэнцаў і кожнаму, хто падпісаў заяву, даў індывідуальны адказ. Там было пазначана, што праверку правядзе міліцыя і дасьць сваю ацэнку, а потым будзем прымаць ці не прымаць меры», — зазначыў дырэктар.

Паводле дырэктара, выкладчыца пэдагогікі назвала абвінавачаньні паклёпам і заявіла, што будзе зьвяртацца ў пракуратуру.

Мліцыя ўжо пачала праверку і апытвае навучэнцаў.

Цяпер на занятках пэдагогікі разам з навучэнцамі прысутнічае намесьніца дырэктара. «Яна папярэдзіла выкладчыцу і дзяцей, каб не было ніякіх платных паслуг», — сказаў Мікалай Валодзін.

Дырэктар лічыць, што «нехта з дарослых рэжысуе дзяцей». Ён кажа, што навучэнцы часам лянуюцца, не выконваюць заданьні, а выкладчыца — прынцыповы пэдагог, і таму супраць яе паўсталі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG