Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-чыноўніка Менгарвыканкаму другі раз асудзілі за паборы з камбінатаў школьнага харчаваньня


Суд над начальнікам галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам і яго падначаленымі
Суд над начальнікам галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам і яго падначаленымі

4 верасьня экс-кіраўніку галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргею Барысевічу Менскі абласны суд вынес прысуд у другой крымінальнай справе, паведамляе Tut.by.

Сяргей Барысевіч з улікам папярэдняга прысуду атрымаў 13,5 года пазбаўленьня волі. Тэрмін павялічаны на паўгода. Як і ў першым працэсе, чыноўніка абвінавачвалі ў атрыманьні хабараў (ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Акрамя Барысевіча, у справе асуджаныя:

  • Браніслаў Росьлік, экс-загадчык камбіната школьнага харчаваньня (КШХ) Ленінскага раёну, на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму —за крадзеж, атрыманьне і даваньне хабару. За частку аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі яго апраўдалі.
  • Ягоная жонка Ларыса Росьлік, кладаўшчыца — на 4 гады калёніі агульнага рэжыму за махлярства. У пары ёсьць непаўналетняе дзіця, да прысуду яна заставалася на волі.
  • Аляксандра Мамацюк, былая галоўная бухгальтарка камбіната школьнага харчаваньня Ленінскага раёну — на 7 гадоў калёніі агульнага рэжыму за махлярства, пасярэдніцтва ў хабарніцтве, крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Суд пастанавіў спагнаць з Браніслава Росьліка і Аляксандры Мамацюк 31,7 тысячы рублёў і 59 тысяч рублёў — з Ларысы Росьлік і Аляксандры Мамацюк.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.

Пракуроры прасілі для Браніслава Росліка 12 гадоў пазбаўленьня волі і штраф 10,2 тысячы рублёў, для Сяргея Барысевіча — 13,5 года пазбаўленьня волі з улікам мінулага прысуду, для Аляксандры Мамацюк — 8 гадоў, для Ларысы Росьлік — 4 гады пазбаўленьня волі.

Паводле пракурора, у справе пацьвердзіліся, што Браніслаў Росьлік засяляў у інтэрнат за хабар (эпізод зь перадачай 500 даляраў за блёк у інтэрнаце КШХ; эпізод зь перадачай віна, цукерак за блёк у інтэрнаце і яшчэ некалькі эпізодаў). Росьлік у судзе заявіў, што яго абгаворваюць. Таксама Росьліку ставілі ў віну тое, што ён неаднаразова прымаў ад работнікаў сталовыя грошы, агулам на суму больш за 70 тысяч рублёў. Віны ён не прызнаў.

Сяргей Барысевіч як кіраўнік атрымаў ад дырэктара КШХ Ленінскага раёну Росьліка ў 2015-2017 гадах ня менш за 2 тысячы даляраў хабару, у тым ліку за падаўжэньне кантракту з Росьлікам, які дасягнуў пэнсійнага ўзросту.

Аляксандра Мамацюк, паводле абвінавачаньня, змушала работнікаў пісаць заявы на матэрыяльную дапамогу і вяртаць сродкі ў касу. Грошы выдаткоўваліся ў асноўным на патрэбы камбіната (прыбіраньне сьнегу, харчаваньне для дэлегацый). Мамацюк прызнала віну часткова, але адмаўляецца, што атрымлівала грошы для сябе.

Мамацюк і Ларысу Росьлік абвінавачвалі ў тым, што за некалькі гадоў яны завалодалі таварамі на 59 тысяч рублёў празь фіктыўныя спісаньні. Шматлікія сьведкі на сьледзтве расказалі, што бачылi, як прадукты у пакетах грузілі ў машыну Рослік. Пасьля частка сьведак у судзе ад сваіх паказаньняў адмовілася. Абедзьве абвінавачаныя вінаватымі сябе не прызналі.

Барысевіча судзяць ужо другі раз

Гэта ўжо ня першая крымінальная справа супраць Сяргея Барысевіча. У справе мноства эпізодаў: маштабныя паборы з крамаў і камбінатаў школьнага харчаваньня працягваліся ў 2013–2017 гадах. Сумы хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня складалі ад 17 да 90 тысяч, усяго набралася больш за 150 тысяч рублёў. Грошы для хабару Барысевічу кіраўнікі зьбіралі з загадчыкаў вытворчасьці сталовых у школах і каледжах.

У абмен на рэгулярныя выплаты Барысевіч абяцаў зьмяншэньне колькасьці праверак, якія праводзіла галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку Менгарвыканкаму, і «непрыняцьце захадаў рэагаваньня на выяўленыя парушэньні».

Працэс над Барысевічам пачаўся ў жніўні 2018 году. Усяго ў справе праходзілі 13 чыноўнікаў сыстэмы спажывецкага рынку і дзіцячага харчаваньня, у тым ліку 11 жанчын. Гэта былыя загадчыцы камбінатаў школьнага харчаваньня Фрунзэнскага, Партызанскага і Заводзкага раёнаў Менску, загадчыца вытворчасьці такога ж камбіната Ленінскага раёну, загадчыцы крамаў ды іншыя супрацоўніцы сыстэмы дзіцячага харчаваньня ў сталіцы.

Барысевіч прызнаў сябе вінаватым часткова, заявіўшы, што падарункі перадорваў вышэйшаму кіраўніцтву, як і частку перададзеных грошай. Грошы, паводле Барысевіча, ішлі Андрэю Дамарацкаму, які тады займаў пасаду намесьніка старшыні Менгарвыканкаму і быў куратарам гандалю. Дамарацкага затрымалі ў траўні 2018 году, ён быў асуджаны на 12 гадоў зьняволеньня за хабар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG