Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За хабар зноў судзяць экс-чыноўніка Менгарвыканкаму


Сяргей Барысевіч, архіўнае фота з суду

Другі працэс у дачыненьні да экс-кіраўніка галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргея Барысевіча аднавіўся 8 жніўня ў Менскім абласным судзе, паведамляе Tut.by.

Барысевіча зноў абвінавачваюць у атрыманьні хабару (ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі), як і ў першым працэсе, які скончыўся абвінаваўчым прысудам на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Справу прыпынілі ў студзені, да вынясеньня прысуду Барысевічу ў першай справе.

У цяперашнім працэсе на лаве падсудных, акрамя Барысевіча:

  • Браніслаў Росьлік, экс-загадчык камбіната школьнага харчаваньня Ленінскага раёну (яго абвінаваюць у крадзяжы, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, атрыманьні і даваньні хабару).
  • ягоная жонка Ларыса Росьлік (абвінавачваецца ў махлярстве),
  • Аляксандра Мамацюк, былая галоўная бухгальтарка камбіната школьнага харчаваньня Ленінскага раёну (абвінавачваецца ў махлярстве, пасрэдніцтве ў хабарніцтве, крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі).

Прысуд Барысевічу ў першай справе (13 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці) блізкі да рэкорднага за карупцыйныя злачынствы.

У справе Барысевіча мноства эпізодаў: маштабныя паборы з крамаў і камбінатаў школьнага харчаваньня працягваліся ў 2013–2017 гадах. Сумы хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня складалі ад 17 да 90 тысяч, усяго набралася больш за 150 тысяч рублёў. Грошы для хабару Барысевічу кіраўнікі зьбіралі з загадчыкаў вытворчасьці сталовак у школах і каледжах. У абмен на рэгулярныя выплаты Барысевіч абяцаў зьмяншэньне колькасьці праверак, якія праводзіла галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку Менгарвыканкаму, і «непрыняцьце захадаў рэагаваньня на выяўленыя парушэньні».

Працэс над Барысевічам пачаўся ў жніўні 2018 году. Усяго ў справе праходзілі 13 чыноўнікаў сыстэмы спажывецкага рынку і дзіцячага харчаваньня, у тым ліку 11 жанчын. Гэта былыя загадчыцы камбінатаў школьнага харчаваньня Фрунзэнскага, Партызанскага і Заводзкага раёнаў Менску, загадчыца вытворчасьці такога ж камбіната Ленінскага раёну, загадчыцы крамаў ды іншыя супрацоўніцы сыстэмы дзіцячага харчаваньня ў сталіцы.

Барысевіч прызнаў сябе вінаватым часткова, заявіўшы, што падарункі перадорваў вышэйшаму кіраўніцтву, як і частку перададзеных грошай. Грошы, паводле Барысевіча, ішлі Андрэю Дамарацкаму, які тады займаў пасаду намесьніка старшыні Менгарвыканкаму і быў куратарам гандалю. Дамарацкага затрымалі ў траўні 2018 году, ён быў асуджаны на 12 гадоў зьняволеньня за хабар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG