Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Банальнасьць зла». У Менску прэзэнтавалі кнігу Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы»


Ганна Севярынец

Прэзэнтацыя прайшла ў форме адкрытага ўроку, які правяла настаўніца Ганна Севярынец. На ўрок прыйшлі навучэнцы Коласаўскага ліцэю, старшаклясьнікі зь іншых школ, неабыякавыя дарослыя — у залі каля сотні чалавек.

Амаль год таму ў школе № 2 гораду Стоўпцы вучань 10-й клясы Вадзім М. зрабіў падвойнае забойства — зарэзаў сваю настаўніцу Марыну Пархімовіч і вучня Сашу Раманава. На другі дзень пасьля забойства журналіст Свабоды прыехаў у Стоўпцы, правёў там амаль тыдзень і напісаў кнігу.

Забітыя: настаўніца Марына Пархімовіч і школьнік Саша Раманаў
Забітыя: настаўніца Марына Пархімовіч і школьнік Саша Раманаў

«Банальнасьць і паўсядзённасьць зла — гэта вялікая праблема. І, на жаль, у нас няма глыбокіх і сур’ёзных дасьледаваньняў, менавіта беларускіх, прысьвечаных гэтай праблематыцы. Таму кніга Дзьмітрыя Гурневіча — гэта адна зь нешматлікіх, але вельмі важных рэчаў у вывучэньні гэтай надзённай і вельмі важнай праблемы», — перакананая Ганна Севярынец.

Настаўніца прызналася, што калі яе запрасілі правесьці прэзэнтацыю і прапанавалі зрабіць гэта ў форме ўрока, у яе спачатку было вялікае пытаньне і разгубленасьць.

«Але я падумала, і прыйшла да высновы, што трагедыя ў Стоўпцах, як і шмат якія іншыя падзеі, мусяць разглядацца як урок. І гэтую кнігу мы разглядаем як магчымасьць атрымаць урок», — кажа яна.

«У любым чалавеку зло прачынаецца імгненна: чалавек нават не асэнсоўвае, што гэта зло»

Адкрыты ўрок пачаўся са школьнага званка і хвіліны маўчаньня. На школьнай дошцы партрэты загінулых — настаўніцы Марыны Пархімовіч і вучня Сашы Раманава.

Ганна Севярынец папрасіла прысутных, сярод якіх шмат старшаклясьнікаў, падзяліцца, якія яны ведаюць кнігі пра асэнсаваньне зла, пра рэфлексіі над праблемай банальнасьці зла. Сама яна ўзгадала кнігу «Чытальнік» нямецкага пісьменьніка Бэрнгарда Шлінка, і распавяла, што для яе асабіста вельмі важныя ўсе тэксты, што тычацца «стэнфардзкага турэмнага экспэрымэнту», «экспэрымэнту Мілгрэма», якія паказваюць, што ў любым чалавеку зло прачынаецца імгненна: чалавек нават не асэнсоўвае, што гэта зло.

«Самы клясычны прыклад са школьнай праграмы — "Злачынства і пакараньне" Дастаеўскага», — кажа дзяўчынка.

«Самы клясычны прыклад са школьнай праграмы – «Злачынства і пакараньне» Дастаеўскага», – кажа дзяўчынка.
«Самы клясычны прыклад са школьнай праграмы – «Злачынства і пакараньне» Дастаеўскага», – кажа дзяўчынка.

Ганна Севярынец распавяла, што яе вучні таксама адразу пасьля трагедыі ўзгадалі менавіта гэты раман, які ў той час вывучалі.

«"Такое адчуваньне, што ён не дачытаў Дастаеўскага", — адказаў адзін мой вучань.

Я разумела, што адказаў будзе няшмат. Мы не назвалі невялікую колькасьць кніг, і гэта наша паўсядзённая трагедыя, як народа. Мы жывём у такіх уяўленьнях, што зло робяць злыя людзі, а добрыя людзі рабіць зла ня могуць. Мы, беларусы, ня толькі не вывучаем, але мы не чытаем такія кнігі. У нас не стаіць гэта пытаньне на паўсядзённым парадку дня.

А кніга Дзьмітрыя Гурневіча — гэта вельмі рэдкі выпадак, калі чалавек бярэцца дасьледаваць банальнасьць зла ў кожным з нас, банальнасьць зла ў звычайным школьным клясе, банальнасьць зла побач з кожным з нас», — разважае настаўніца.

Аўтар кнігі Дзьмітры Гурневіч удзельнічае ў дыскусіі
Аўтар кнігі Дзьмітры Гурневіч удзельнічае ў дыскусіі

Аўтар «Забойства ў цэнтры Эўропы» Дзьмітры Гурневіч тлумачыць, што гэта кніжка не настолькі прысьвечана менавіта гэтаму канкрэтнаму забойству.

«Гэта фон. Была задача, каб людзі распавядалі, як яны разумеюць, як яны пачуваюць, што адбылося. Гэта партрэт канкрэтнага мястэчка. Але збольшага людзі ня хочуць размаўляць. Тое, што я пачуў — неверагоднае. Людзі з таямнічым тварам пачынаюць казаць: "спытайце іншага", шукаюць тэорыю змовы, канспіралёгію... Адкуль зло бярэцца — людзі ня хочуць разважаць, ня хочуць думаць», — перакананы аўтар Дзьмітры Гурневіч.

Хто вінаваты: сямʼя ці школа?

Што такое магло быць у чалавеку, каб ён адважыўся на такое? — пытаецца настаўніца.

Навучэнец беларускага гуманітарнага Коласаўскага ліцэя Дамінік распавёў пра свайго брата, які вучыўся ў барысаўскай беларускамоўнай гімназіі разам зь іншым хлопчыкам, які не вызначаўся прыкладнымі паводзінамі, меў ня надта добрыя адзнакі.

«І вось аднойчы завуч пачатковых клясаў узяла маркер і напісала таму хлопчыку на лобе "Лох". І наш настаўнік у ліцэі палохае, што калі ў нас будуць дрэнныя адзнакі, мы таксама пойдзем у звычайную "савецкую" школу», — кажа Дамінік. І разважае, наколькі ў звычайных школах замучаныя дзеці і настаўнікі.

«Вы лічыце, што гэта праблема школы — у чалавека была траўмаваная псыхіка менавіта школай? Што яшчэ?» — пытаецца настаўніца.

Дзяўчына кажа, што ў хлопца-забойцы былі праблемы ў сямʼі, а таксама што ў школе дрэнна працуюць псыхолягі, а трэба, каб дзіця магло падыйсьці да псыхоляга і падзяліцца сваімі праблемамі. І што яму ніхто з дарослых не падказаў, як выйсьці з гэтай сытуацыі.

Настаўніца Ганна Севярынец выказвае меркаваньне: нельга казаць, што вінавата толькі школа.

«Так, у гэтай школе вучыўся Вадзім. Але ў гэтай жа школе вучыліся і Саша Раманаў, і двое хлопцаў, якія кінуліся абараняць настаўніцу, рызыкуючы сабой. Таму тут нельга казаць, што Вадзім быў ахвярай школы, а Саша Раманаў ды іншыя былі годнымі і прыстойнымі насуперак школе. Дый я ня ведаю, ці пайшоў бы Вадзім да псыхоляга. Тут усё пераплецена, — разважае настаўніца. — Чым гэта трагедыя адгукаецца яшчэ? Саша Раманаў быў асаблівым хлопцам, узорным, разумным. І ахвярамі становяцца добрыя людзі, якія знаходзяцца на баку сьвятла. Я ня думаю, што вінаватая толькі школа», — пярэчыць Ганна Севярынец.

Дзяўчынка кажа, што ў нечым вінаватая і сямʼя — нельга выключаць і бацькоў, і асяродзьдзе. На яе думку, шмат што закладаецца ў сямʼі. Магчыма, дарослыя не заўсёды ведаюць, як выхаваць дзіця.

Ганна Севярынец кажа, што ў кнізе дасьледаваны і школа, і бацькі.

«Забойства за беларускую мову»?

Таксама аўтар уключыў у кнігу шмат устаўных навэл, гістарычных зьвестак пра Стоўпцы, шмат разважае пра гістарычную наканаванасьць, пэсымізм, безвыходнасьць. Настаўніца ўзгадвае зьмешчаны ў кнізе водгук Сяргея Дубаўца «Забойства за беларускую мову», які той выказаў адразу пасьля трагедыі. І пытаецца ў Сяргея Дубаўца ўжо як рэдактара кнігі, ці не зьмяніўся ягоны погляд.

Рэдактар кнігі Сяргей Дубавец
Рэдактар кнігі Сяргей Дубавец

«Існуе такое меркаваньне, што настаўніца спадарыня Марына паставіла вучню Вадзіму, дрэннаму хлопчыку, у прыклад вучня Сашу Раманава. Саша быў адзіны сьвядомы беларускамоўны хлопчык, ён начытаны, ён эрудыт, у яго сямʼя больш забясьпечаная. Усе гэта зьбіраецца разам, і ў Вадзіма фармуецца выхад банальнага зла.

Ганна Арэнт казала, што трэба крытычна думаць. У дачыненьні да сябе, у дачыненьні да іншых. Уключыце БТ. Вы ўбачыце там элемэнт крытычнасьці? А што такое ўся адміністрацыя ў Беларусі? Гэта людзі, якія глядзяць БТ і стараюцца жыць так, як іх паказваюць на БТ. То бок, крытычнасьць мысьленьня выключаецца цалкам з жыцьця. Няма крытычнага падыходу!

І самая страшная выснова — будуць новыя Вадзімы ў такой атмасфэры, будуць новыя Казакевічы з бэнзапіламі ўзьнікаць. Пажыўная глеба для гэтага — у некрытычнасьці таго грамадзкага, інфармацыйнага поля, у якім мы ўсе існуем», — перакананы рэдактар кнігі Сяргей Дубавец.

Што спыняе чалавека ад зла?

Настаўніца пытаецца ў прысутных на ўроку: «У кожным грамадзтве ёсьць моманты, якія правакуюць зло. Зло ёсьць унутры кожнага ёсьць. І ў думках кожнага. Але што нас спыняе? Вось Вадзім не спыніўся. Што спыняе чалавека ад зла? Паход да псыхоляга? Да мамы?»

Сяргей Дубавец адказвае коратка: «Непазьбежнасьць пакараньня».

Дзьмітры Гурневіч выказвае меркаваньне, што іншы чалавек можа супакоіць.

«Можа зьявіцца выпадковы чалавек, які пакладзе руку на плячо і спыніць. Чалавек усьміхнецца, і ты падумаеш, што ня ўсё так паскудна. А Вадзім сядзеў дома, нікуды не хадзіў, у яго не было сяброў. У мяне была размова з псыхіятрам пры канцы — чалавек павінен мець сяброў, кантактаваць, а калі ён сядзе зачынены — ён можа шмат чаго прыдумаць», — мяркуе аўтар кнігі.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

«Справа не ў сябрах. Не заўсёды сябры могуць спыніць. Справа ў тым, што ў чалавека ў галаве. У кожнага чалавека ёсьць свой суд у галаве, ёсьць мяжа, якую ён ня можа пераступіць. Кожны чалавек баіцца маральнага пакараньня», — выказвае сваю думку навучэнка ліцэя.

Настаўніца пытаецца, што здарылася з Вадзімам, што ён усё перакрочыў гэтую мяжу, што здарылася, калі ён зламаўся?

«Ніхто не размаўляў зь ім. Бацькі ня бачылі праблем, сын зь імі нічым не дзяліўся. Ніхто не заўважыў, што праблемы нагнятаюцца. Ніхто не заўважыў той момант, калі ўнутры ў яго душы зьявіліся парасткі зла. Мабыць, гэта была праблема ня ў соцыюме, а ў Вадзіме самім? Я ведаю, што ёсьць такія людзі, якія маюць шмат праблем, але лічаць, што будуць мець яшчэ больш праблем, калі яны падзеляцца імі — з бацькамі, зь сябрамі, з псыхіятрамі. Таму што здарылася — невядома», — выказвае меркаваньне ліцэіст.

Журналістка Галіна Жарко
Журналістка Галіна Жарко

«Чаму я асабіста не забіваю таго, каго я хацела б забіць? Я дазволіла свайму ворагу існаваць з пашанай да яго. Фільм "Жыцьцё Пі". Мой вораг мяне робіць мацнейшым. Трэба навучыцца жыць са сваім ворагам разам. Забіць лягчэй», — разважае журналістка Галіна Жарко.

«Усё, што не дагаворана, павінна быць дагаворана. Але ня зараз і ня тут...»

На пытаньні настаўніцы Ганны Севярынец «Як выглядаюць расткі зла? Як упільнаваць парасткі зла? Як спыніць іх рост? Як зразумець, што трэба іх спыніць?» — празьвінеў званок.

Урок скончыўся.

«Апошні момант, які моцна ўзрушыў мяне ў кнізе — яна не дае адказаў насамрэч. Там настолькі асьцярожны аўтарскі погляд, настолькі асьцярожная аўтарская пазыцыя! Аўтар усе магчымыя пытаньне ўздымае, а адказаў не дае. Калі мы закрываем вокладку кнігі, мы застаемся адзін на адзін з тымі пытаньнямі, якія раней, напэўна, і не ўздымалі.

І для мяне застаецца вельмі важны момант: як упільнаваць унутры сябе самога, а потым у іншых парасткі зла і што з гэтым рабіць?

Усё, што не дагаворана, павінна быць дагаворана. Але ня зараз і ня тут», — завяршае прэзэнтацыю настаўніца Ганна Севярынец.

Аўтар Дзьмітры Гурневіч падпісвае кнігі наведнікам імпрэзы
Аўтар Дзьмітры Гурневіч падпісвае кнігі наведнікам імпрэзы

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG