Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Севярынец пра забойства настаўніцы і санкцыю на зло


Ільля Косьцеў і Станіслаў Косьцеў (справа).

Я думаю пра Ілью і Станіслава Косьцевых, якім вынесены сьмяротны вырак за жорсткае забойства настаўніцы. У адрозьненьне ад апошніх сьмяротных і несьмяротных нападаў на настаўніц, нічога незразумелага ў фактаграфіі гэтай справы няма. Усё як на далоні. Зразумелым было і тое, што вырак будзе сьмяротны, бо па справе яшчэ да абвяшчэньня прысуду адназначна выказаўся кіраўнік дзяржавы.

Сьцісла

  • Нават самая, здавалася б, прыстойная, звонку прыгожая сям’я можа выхаваць забойцу.
  • Гэтыя дзеці жылі ў такіх умовах, што абсалютна ня дзіва, што яны сталі забойцамі.
  • І заб’юць не таму, што мусяць — маглі б даць пажыцьцёвае. Забʼюць таму, што судзьдзя меў не юрыдычную, не пісьмовую, але ж — санкцыю на зло.
  • Менавіта з санкцыі на зло, атрыманай з самага верху, пачынаюцца генацыды і рэпрэсіі, на санкцыянаваным зьле стаіць нацызм і сталіншчына.

Мне адразу ўспомнілася справа 2009 году, калі ў Жыткавіцкім раёне чатыры чалавекі жорстка забілі і спалілі Мікалая Макарэвіча. Пракурор тады запатрабаваў адпаведныя тэрміны забойцам, але паколькі па гэтай нашумелай справе адназначна выказаўся кіраўнік дзяржавы, вырак быў максымальна мяккі, а потым і наогул — выйшла памілаваньне. Ніводзін з забойцаў не панёс пакараньня. Ніякага і зусім.

Яшчэ мне ўспомнілася адна кніжка. Яе напісала амэрыканская журналістка Лаянэл Шрайвэр, якая доўгі час займалася дасьледаваньнямі школьных расстрэлаў: калі дзеці страляюць аднаклясьнікаў і настаўнікаў. Сабраўшы дзясяткі такіх гісторый, вывучыўшы фактаграфію, пагутарыўшы і з бацькамі забойцаў, і з самімі забойцамі, Шрайвэр абагульніла свае ўражаньні ў мастацкай кнізе «Мы павінны пагутарыць пра Кевіна» (у нас яна прадавалася ў расейскім перакладзе і называлася «Цена нелюбви»).

Шрайвэр бачыць глыбінныя прычыны такіх учынкаў менавіта ў сям’і — прычым нават самая, здавалася б, прыстойная, звонку прыгожая сям’я можа выхаваць забойцу. Але гэта відавочна, і для любога настаўніка (і ня толькі для настаўніка) не сакрэт: забойцаў выхоўваюць маці і бацька, а не благая кампанія, школа альбо прэзыдэнт. У кнізе цікава іншае: вялікі кавалак сюжэту — гэта адносіны мамы і сына пасьля судовага выраку.

У кнізе падлетак-забойца асуджаны на вялікі турэмны тэрмін, і маці езьдзіць да яго на спатканьні. Сама адукаваная і глыбокая, мама бясконца перажывае тое, што адбылося, бясконца рэфлексуе, бачыць, нарэшце, і сваю віну — яна ніколі не любіла Кевіна. Маці шмат гутарыць з сынам — і раптам адчувае, што пачынае яго любіць. Празь некаторы час пасьля гэтага ў адной з гутарак высьвятляецца, што Кевін нарэшце ўсьвядоміў тое, што зрабіў, і пачынае сапраўды раскайвацца.

Дзевятнаццацігадовы Станіслаў Косьцеў і ягоны брат Ільля, на два гады старэйшы, мелі няшмат магчымасьцяў ня стаць злачынцамі. Мы ня ведаем і па сёньня, ці нараджаюцца дзеці адразу больш ці менш сацыяльна агрэсіўнымі, ці агрэсія і зьверства абумоўленыя толькі (не)выхаваньнем, але ў любым выпадку сям’я можа навучыць кантраляваць сваю агрэсію, а можа — выхаваць яе.

Гэтыя дзеці жылі ў такіх умовах, што абсалютна ня дзіва, што яны сталі забойцамі. Больш за тое. У іх не было і ўжо ня будзе магчымасьці супраціўляцца матрыцам, закладзеным у дзяцінстве, працаваць са сваімі траўмамі, ратаваць чалавечае ў сабе (а яно ў іх, няхай і ў звыродлівым выглядзе, але было — любоў да сястры, прыкладам). Магчыма, яны б нешта маглі з сабой зрабіць, асабліва калі побач зь імі (найперш з малодшым) апынуўся б добры, сапраўдны сьвятар, альбо разумны, неабыякавы настаўнік, альбо харошы сябар, альбо моцная маці. Магчыма, яны б маглі раскаяцца і справіцца з сабой самастойна — бывае і такое. Слабы, зь дзяцінства зьнявечаны ўласнай маткаю чалавек ня можа стаць іншым у дзевятнаццаць, але ў сорак — можа.

  • Але яны гэтага ня зробяць, бо іх забʼюць.
  • І забʼюць не таму, што мусяць — маглі б даць пажыцьцёвае.
  • Забʼюць таму, што судзьдзя меў не юрыдычную, не пісьмовую, але ж — санкцыю на зло.

Калі чалавек становіцца забойцам таму, што ў яго пітушчая маці, благое асяродзьдзе і паскуднае жыцьцё — гэта адно. Калі чалавек становіцца забойцам таму, што ў яго ў жыцьці ўсё добра, але ён слухаецца чужога, ды яшчэ і вуснага, загаду, — гэта зусім іншае. Калі ў чалавека адымаюць магчымасьць раскаяцца — гэта адно. Калі чалавек нават каяцца ня будзе, бо не адчувае сваёй віны ў нечай сьмерці — гэта іншае.

Акрамя таго, што наша судовая сыстэма даўно скампрамэтавала сябе як сыстэма — у ёй адбываецца самае страшнае, што можа адбывацца зь людзьмі. Атрымаўшы санкцыю на зло, яны перастаюць лічыць сябе вінаватымі. У братоў Косьцевых шанец пакаяцца быў — бо яны ўчынілі зло самі. У людзей, што забіваюць на загад, шанцаў пакаяцца амаль няма, хоць яны і будуць жыць доўга і шчасьліва, — бо ня лічаць, што вінаватыя.

Менавіта з санкцыі на зло, атрыманай з самага верху, пачынаюцца генацыды і рэпрэсіі, на санкцыянаваным зьле стаіць нацызм і сталіншчына. Не Ільля і Станіслаў Косьцевы — самыя страшныя тут. З такіх азьвярэлых падлеткаў не вырастаюць крывавыя рэжымы і масавыя сьмерці. Самыя страшныя забойствы робяцца тымі, хто пагаджаецца забіваць на загад.

Ня трэба баяцца, што хутка настане трыццаць сёмы год. Ён даўно тут. Санкцыі выдаюцца, і самае страшнае, што іх бяруць. Пакуль існуе інстытут сьмяротнага пакараньня, у нас ніколі ня будзе іншага году, акрамя трыццаць сёмага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG