Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацькі ў шоку, нічога ня ведаюць». Што вядома пра абвінавачанага ў забойстве жанчыны, канцавіны якой знайшлі ў Сьвіслачы


Абвінавачаны ў забойстве
Абвінавачаны ў забойстве

Абвінавачаны — 26-гадовы грамадзянін Туркмэністану Батыр А. Ягоную асобу пацьвердзіў Свабодзе адзін са сваякоў.

26-гадовага замежніка затрымалі ў Віцебску 6 студзеня. Ён ужо прызнаўся ў забойстве і супрацоўнічае са сьледзтвам, паведамляе прэс-служба СК. Абвінавачаньне яму ўжо прад’явілі.

Раней у інтэрнэце зьявілася інфармацыя і фатаздымкі нібыта затрыманага туркмэна Батыра А., але пацьверджаньня, што гэта менавіта ён, не было.

Асобу затрыманага пацьвердзіў Свабодзе ягоны сваяк.

«Яго брат зьвязаўся з МЗС Туркмэністану, яны гэтага пацьвердзілі», — сказаў хлопец. Ён таксама паглядзеў відэа, апублікаванае Сьледчым камітэтам, і пазнаў Батыра па голасе.

Як трапіў у Беларусь

Знаёмыя Батыра кажуць, што хлопец прыехаў у Беларусь вучыцца ў Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт на перакладчыка.

«Я і Батыр жылі ў адным інтэрнаце на адным паверсе, — кажа былая студэнтка МДЛУ Яна. — Я даўно ўжо скончыла ўнівэрсытэт і не падтрымліваю зь ім сувязі. Але вельмі спадзяюся, што гэта ня ён... У нас практычна няма агульных сяброў. Калі я вучылася ў магістратуры, ён вучыўся на падрыхтоўчым факультэце і вельмі дрэнна гаварыў па-расейску».

З Сэрдарам затрыманы разам вучыўся ў МДЛУ. Па словах знаёмага, ён сябраваў з Батырам падчас вучобы.

«Што б там ні было, гэты чалавек на такое ня здольны», — кажа Сэрдар.

Эльдар, які таксама вучыўся ў МДЛУ у адзін час з А., кажа, што «вельмі засмучаны» затрыманьнем старога знаёмага: «Хлопец добры быў. Ніколі не даведаесься, што магло падштурхнуць на такое неймавернае злачынства».

Эльдар кажа, што паказаў агульнаму з Батырам знаёмаму скрыншот зь сюжэту дзяржаўнага тэлебачаньня пра затрыманьне хлопца. Той сказаў, што бачыў у А. кофту з надпісам Paris: «То бок на фота ён».

Пераезд у Віцебск

«Напэўна, пасьля трэцяга ці пасьля другога курсу ён перавёўся ў іншы ўнівэрсытэт», — кажа яшчэ адзін аднакурсьнік Батыра.

У 2018 годзе Батыр зь Менску пераехаў у Віцебск. Ён стаў студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «расейская філялёгія».

Як у Менску, так і ў Віцебску Батыр гуляў у валейбол. Адміністратар суполкі пра валейбол у Віцебску Зьміцер кажа, што ўпершыню Батыр напісаў яму «Ўкантакце» ў лютым 2018 году.

«Добры вечар. Хацеў бы ўдакладніць наконт валейболу. Я тут у Віцебск нядаўна прыехаў. І сам гуляў раней і ў Менску. І які ў вас там узровень?» — прыводзіць першую перапіску з Батырам Зьміцер.

Хлопцы гулялі разам паўтара года. Апошні раз — паўгода таму. З таго часу Зьміцер Батыра ня бачыў.

«Ахарактарызаваць магу як вельмі спакойнага, адэкватнага чалавека. Сур’ёзны і спакойны, напэўна, усё. Адэкватны на 100%, больш адэкватны за палову людзей, зь якімі гуляў. Запытаўся ў людзей, зь якімі гулялі разам, усе ў шоку, мякка кажучы. Ніхто б не сказаў, што Батыр на нешта такое здольны».

У лістападзе 2019 году Батыра А. адлічылі зь віцебскага ўнівэрсытэту. На факультэце навучаньня замежных грамадзян Свабодзе сказалі, што такі чалавек у іх ня вучыцца. У інтэрнэце ёсьць дакумэнт пра адлічэньне А., датаваны 13 лістапада 2019 году. Прычына адлічэньня — акадэмічная запазычанасьць і запазычанасьць па плаце за навучаньне. На дакумэнце ёсьць прыпіска ад рукі, што запазычанасьць складае 559 даляраў ЗША.

Пасьля гэтага Батыр апошні раз размаўляў з бацькамі і казаў, што зьбіраецца ляцець у Турэччыну, расказвае сваяк хлопца.

«31 сьнежня я размаўляў зь яго бацькамі. Яны казалі, што ён у Турэччыне», — кажа хлопец. Пасьля размовы са Свабодай ён зноў патэлефанаваў бацькам А.

«Бацька нічога ня ведае пра гэта. Яны ня могуць зьвязацца зь ім, у іх няма яго нумару. Ён мог патэлефанаваць дадому, але не тэлефанаваў. Бацькі ў шоку».

Калі вернецца з Турэччыны, Батыр бацькам не паведаміў.

«Ён закрыты чалавек», — характарызуе А. сваяк.

У амбасадзе Туркмэністану на пытаньне Свабоды пра затрыманьне іхнага грамадзяніна не адказалі і паклалі слухаўку. МУС, Сьледчы камітэт не называюць затрыманага дакладна.

Што адбылося

2 студзеня ў менскую міліцыю зьвярнуліся супрацоўнікі камунальнай службы, якія праводзілі ачышчальныя работы ў Сьвіслачы. Яны сказалі, што дасталі з ракі спартовую сумку з чалавечымі канцавінамі.

Сьледчы камітэт па факце выяўленьня парэштак чалавечага цела распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства).

5 студзеня асоба загінулай была выяўленая. Гэта 37-гадовая Юлія. У яе кватэры па вуліцы Раманаўская Слабада ў Менску зрабілі вобшук.

6 студзеня СК паведаміў пра затрыманьне ў Віцебску падазраванага ў забойстве 26-гадовага замежніка.

Са слоў затрыманага, 28 сьнежня 2019 году паміж ім і загінулай, у якой ён часова пражываў у Менску, адбыўся канфлікт, у выніку якога мужчына задушыў 37-гадовую гаспадыню кватэры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG