Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорд: экспарт IT-паслугаў зь Беларусі вырас за год на траціну, перавысіў 2 млрд даляраў


У 2019 годзе экспарт кампутарных паслугаў зь Беларусі вырас на 33,8% і дасягнуў рэкордных 2,1 млрд даляраў.

Як адзначае БелаПАН, доля кампутарных паслугаў за мінулы год павялічылася да 24% у агульным экспарце зь Беларусі (у 2018 годзе складала 19,7%). Каля 90% экспарту ІТ-паслугаў прыпадае на кампаніі Парку высокіх тэхналёгіяў.

Экспэрты адзначаюць, што гэткія тэмпы росту могуць захавацца і ў будучыні, але ўжо адчуваецца дэфіцыт кадраў.

Дырэктар інвэстыцыйнай кампаніі «Юнітэр» Раман Осіпаў кажа, што ў заходніх краінах актыўна ідзе лічбавізацыя, на якую гатовыя выдаткоўваць дзясяткі мільярдаў даляраў, таму і расьце попыт на ІТ-паслугі — у тым ліку экспартаваныя зь Беларусі. Але чалец Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва Дзяніс Алейнікаў адзначае, што беларускія ВНУ гатовыя выпускаць каля 7,7 тысячы «айцішнікаў» на год, а попыт аднаго толькі ПВТ ужо ўдвая вышэй.

Цяпер экспарт ІТ-паслугаў параўнальны ў грашовым выражэньні з экспартам разам узятых малочнай прадукцыі, яек, мёду і іншых харчовых прадуктаў жывёльнага паходжаньня, за выключэньнем мяса і рыбы. Экспарт пералічаных прадуктаў склаў 2,1 млрд даляраў за першыя 11 месяцаў 2019 году (зьвестак за ўвесь год пакуль не апублікавалі) — гэта столькі, колькі кампутарных паслугаў экспартавалі за 12 месяцаў.

Тым часам увесь экспарт зь Беларусі за мінулы год упаў на 2,9% (імпарт агулам вырас на 2,3%).

Экспарт нафтапрадуктаў у грашовым выражэньні за мінулы год упаў на 19,7%, дасягнуў 5,2 млрд даляраў — у 2,5 раза больш за IT. Калі такія тэмпы захаваюцца яшчэ два гады, ІТ абгоніць экспарт нафтапрадуктаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG