Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран прызнаў: украінскі самалёт зьбілі дзьве расейскія ракеты «Тор-М1»


На месцы падзеньня самалёта, 8 студзеня
На месцы падзеньня самалёта, 8 студзеня

Украінскі пасажырскі самалёт Boeing быў зьбіты 8 студзеня дзьвюма ракетамі «зямля —​ паветра», выпушчанымі з комплексу «Тор-М1», перадае Bloomberg зьвесткі з другога папярэдняга дакладу расьсьледаваньня Іранскай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Усе 176 чалавек на борце загінулі.

Паводле расьсьледаваньня, самалёт падняўся ў паветра з Тэгерана ў 6.12 паводле мясцовага часу, дасягнуў вышыні каля 2500 мэтраў, зьнік з радараў у 6.18. Самалёт праляцеў над жылой зонай і ўпаў на футбольным полі блізу фэрмэрскіх гаспадарак.

Раней Іран прызнаў, што самалёт зьбілі іранскія вайскоўцы — сьцьвярджалася, што апэратар супрацьпаветранай абароны самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы зьвязацца з камандаваньнем.

Запісы палёту, атрыманыя з «Боінгу», у Іране ня могуць дэкадаваць, а ЗША і Францыя адмовіліся даць Тэгерану абсталяваньне для дэшыфроўкі «чорных скрыняў». Але Іран пакуль не плянуе перадаваць «чорныя скрыні» Кіеву.

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG