Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гадоў таму ўзьнікла Ліга Нацый. 7 рэчаў, якія варта ведаць пра яе


Першае пасяджэньне Асамблеі Лігі Нацый прайшло 15 лістапада 1920 году ў Жэнэве

10 студзеня 1920 году была пакліканая да жыцьця Ліга Нацый, першая міжнародная арганізацыя, асноўнай місіяй якой было падтрыманьне міру ў сьвеце.

Ліга Нацый праіснавала ўсяго 26 гадоў — у 1946 годзе яе замяніла Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Прадстаўляем у 7 пунктах асноўныя факты з гісторыі разьвіцьця і заняпаду Лігі Нацый.

1. Стваральнік Лігі атрымаў «нобэля»

Ідэю стварэньня Лігі Нацый прапанаваў у 1919 годзе тагачасны прэзыдэнт ЗША Вудра Ўілсан. Гэты пункт быў уключаны ў Вэрсальскую мірную дамову 1919 году, якая афіцыйна завяршала Першую сусьветную вайну 1914—1918 гг. Паводле Хартыі Лігі Нацый, якая ўвайшла ў жыцьцё 10 студзеня 1920 году, асноўныя мэты арганізацыі ўключалі ў сябе: раззбраеньне, прадухіленьне ваенных дзеяньняў, забесьпячэньне калектыўнай бясьпекі, урэгуляваньне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпляматычных перамоваў.

Кіраўнікі альянцкіх дзяржаваў («вялікай чацьвёркі») у нефармальнай гутарцы падчас Парыскай мірнай канфэрэнцыі, якая закончыла Першую сусьветную вайну. Зьлева направа: прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Лойд Джордж, прэм'ер-міністар Італіі Віторыё Арлянда, прэм'ер-міністар Францыі Жорж Клемансо і прэзыдэнт ЗША Вудра Ўілсан.
Кіраўнікі альянцкіх дзяржаваў («вялікай чацьвёркі») у нефармальнай гутарцы падчас Парыскай мірнай канфэрэнцыі, якая закончыла Першую сусьветную вайну. Зьлева направа: прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Лойд Джордж, прэм'ер-міністар Італіі Віторыё Арлянда, прэм'ер-міністар Францыі Жорж Клемансо і прэзыдэнт ЗША Вудра Ўілсан.

У 1919 годзе Вудра Ўілсан атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за «вырашальную ролю ў стварэньні Лігі Нацый». Парадаксальна, ЗША ніколі не далучыліся да гэтай арганізацыі, паколькі Сэнат ЗША не ратыфікаваў Вэрсальскай мірнай дамовы.

2. 58 дзяржаваў

У 1920 годзе у Лігу Нацый увайшлі 42 дзяржавы-заснавальніцы. У 1946 годзе, калі арганізацыю распусьцілі, у ёй заставаліся 23 дзяржавы зь ліку заснавальніц. У 1934–35 гг. лік дзяржаваў-удзельніц Лігі Нацый дасягнуў свайго максымуму: 58.

Асноўную палітычную ролю ў арганізацыі адыгрывалі пастаянныя чальцы яе Выканаўчай рады: Францыя, Вялікая Брытанія, Італія і Японія. Штаб-кватэра Лігі Нацый знаходзілася ў Жэнэве.

3. Савецкі Саюз прынялі, потым выключылі

Фінскія кулямётчыкі падчас савецка-фінскай вайны
Фінскія кулямётчыкі падчас савецка-фінскай вайны

Савецкі Саюз увайшоў у склад Лігі Нацый у 1934 годзе, але быў выключаны зь яе ў сьнежні 1939 за ўварваньне ў Фінляндыю. Выключэньне Савецкага Саюзу было адным з апошніх дзеяньняў Лігі Нацый, пасьля якога яна практычна спыніла сваю дзейнасьць з прычыны Другой сусьветнай вайны.

4. Мандатныя тэрыторыі

Мандатнымі тэрыторыямі называліся тэрыторыі (калёніі), адабраныя пасьля Першай сусьветнай вайны ад Нямеччыны і Турэччыны (Асманскай імпэрыі), ды некаторыя іншыя. У 1920 гг. Ліга Нацый выдала мандаты на адміністрацыю гэтых тэрыторый пераможным дзяржавам Антанты: Вялікабрытаніі, Францыі, Бэльгіі, а таксама Японіі, Аўстраліі і Паўднёва-Афрыканскаму Саюзу.

Мандаты Лігі Нацый на такое адміністраваньне датычылі, сярод іншага, Іраку, Палестыны, Сырыі, Лібану, Камэруну, Руанды, Паўднёва-Заходняй Афрыкі (Намібіі), Новай Гінэі.

Брытанскія афіцэры ў Ерусаліме. Фота з часоў брытанскага мандату на адміністрацыю ў Палестыне
Брытанскія афіцэры ў Ерусаліме. Фота з часоў брытанскага мандату на адміністрацыю ў Палестыне

У 1920 гг. Ліга Нацый таксама брала актыўны ўдзел (хоць не заўсёды пасьпяховы) у вырашэньні тэрытарыяльных спрэчак паміж дзяржавамі, сярод іншага, за Аландзкія астравы паміж Швэцыяй і Фінляндыяй, за Шлёнск (Сілезію) паміж Польшчай і Нямеччынай, за Мэмэль (Клайпэду) паміж Нямеччынай і Літвой, за правінцыю Мосул паміж Іракам і Турэччынай.

5. Крызыс у 1930-х

Абмежаваньне міжнароднага ўплыву Лігі Нацый, якая ня мела ў сваім распараджэньні ўзброеных сілаў і не была ў змозе ўводзіць эфэктыўныя палітычныя і эканамічныя санкцыі, асабліва выразна абрысавалася ў сярэдзіне 1930-х гадоў, калі пачаў узьнікаць і мацавацца блёк дзяржаваў гэтак званай «восі» — вайсковы і эканамічны саюз Нямеччыны, Італіі і Японіі.

Апошні імпэратар Этыёпіі Хайле Сэласіе з зэнітным кулямётам. Другая італа-этыёпская вайна. 31 сакавіка 1936 году
Апошні імпэратар Этыёпіі Хайле Сэласіе з зэнітным кулямётам. Другая італа-этыёпская вайна. 31 сакавіка 1936 году

Ліга Нацый не змагла прадухіліць ні захопу Этыёпіі Італіяй ў 1934-1936 гг., ні мілітарызацыі гітлераўскай Нямеччыны, якая, падпарадкаваўшы сабе Чэхаславаччыну і заключыўшы пакт аб ненападзе з СССР, разьвязала Другую сусьветную вайну.

6. Правал Жэнэўскай канфэрэнцыі па раззбраеньні

Самым амбітным праектам Лігі Нацый была спроба заключыць міжнародную дамову аб скарачэньні ўзбраеньняў. Дзеля гэтага ў 1932—1934 гг. ў Жэнэве праводзілася міжнародная канфэрэнцыя з удзелам 63 краінаў (у ёй таксама ўзялі ўдзел ЗША і СССР, якія ў Лігу не ўваходзілі). Канфэрэнцыя не прынесла ніякага плёну, сярод іншага з прычыны таго, што Нямеччыны дамагалася «вайсковай роўнасьці» ў будучай архітэктуры міжнароднай бясьпекі, а на гэта не хацелі пагадзіцца Францыя і Вялікая Брытанія.

Адольф Гітлер паціскае рукі эсэсаўцам, Бэрлін 1937
Адольф Гітлер паціскае рукі эсэсаўцам, Бэрлін 1937

Перамовы праваліліся, і Нямеччына пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера выйшла ў кастрычніку 1933 году як з Жэнеўскай канфэрэнцыі, так і зь Лігі Нацый. Фіяска канфэрэнцыі прадэманстравала самым наглядным чынам няздольнасьць Лігі Нацый вырашаць істотныя міжнародныя праблемы.

7. Самаліквідацыя

У 1943 годзе на канфэрэнцыі ў Тэгеране антыгітлераўская кааліцыя (ЗША, Вялікая Брытанія, Савецкі Саюз) пастанавіла стварыць пасьля пераможнага заканчэньня вайны Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, якая мелася замяніць Лігу Нацый.

Сустрэча Сталіна, Рузвэльта і Чэрчыла ў Тэгеране, 29 лістапада 1943
Сустрэча Сталіна, Рузвэльта і Чэрчыла ў Тэгеране, 29 лістапада 1943

Апошняе пасяджэньне Лігі Нацый мела месца ў Жэнэве 18 красавіка 1946 году. Дэлегаты з 34 краінаў прынялі пастанову аб роспуску арганізацыі і перадачы яе актываў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG