Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вішнёвы сок можа дапамагчы наладзіць здаровы сон


Шклянка цёплага малака зьяўляецца не адзіным напоем, які дапамагае заснуць тым, хто мае праблемы са сном і засынаньнем. Новае дасьледаваньне паказала, што шклянка вішнёвага соку таксама вельмі добра спрыяе засынаньню. Пра гэта піша сайт sharecare.com

У ЗША быў праведзены экспэрымэнт з удзелам пажылых людзей, якія мелі праблемы са сном. Вынікі зьдзівілі навукоўцаў.

Аказалася, што тыя, хто перад сном памалу выпіваў шклянку вішнёвага соку, хутчэй засыналі, даўжэй спалі і мелі ў сярэднім большую колькасьць гадзін сну за месяц.

Мэлятанін у шклянцы

Падчас экспэрымэнту выкарыстоўвалі прамыслова выраблены канцэнтраваны вішнёвы сок. Удзельнікі пілі сок па шклянцы раніцай і вечарам на працягу двух тыдняў.

Ранейшыя дасьледаваньні ўжо паказалі, што ў вішні ўтрымліваецца вялікая колькасьць мэлятаніну. Гэта гармон, якія выпрацоўваецца ў арганізьме чалавека шышковай залозай. Мэлятанін мае ключавое значэньне для рэгуляваньня сну. Ён выпрацоўваецца ў першыя некалькі гадзін ночы ў поўнай цемнаце.

Таксама ён утрымліваецца і ў некаторых відах садавіны, найперш у вішні.

Апрача таго, як высьветлілі лекары, у вішні ўтрымліваюцца і важныя супрацьзапаленчыя рэчывы цытакіны — яны таксама рэгулююць у арганізьме чалавека цыклі засынаньня і ўставаньня.

Аўтары экспэрымэнту зьбіраюцца правесьці новыя дасьледаваньні, каб зразумець розьніцу ўплыву на арганізм чалавека натуральнага вішнёвага соку і соку з канцэнтрату.

Парады

Аўтары заклікаюць не забывацца, што ў прамыслова вырабленым соку ўтрымліваецца даволі вялікая колькасьць цукру, што можна ня надта добра адбіцца на здароўі. Таму той, хто вырашыць піць вішнёвы сок для паляпшэньня сну, не павінен ім злоўжываць.

Таксама аўтары экспэрымэнту заклікаюць не забывацца, што дамагчыся здаровага сну дапамагаюць і іншыя простыя рэчы.

  • Напрыклад, трэба прытрымлівацца жорсткага рэжыму, старацца класьціся вечарам і ўставаць раніцай у адзін і той жа час.
  • Таксама трэба пазьбягаць любых стрэсавых заняткаў перад сном.
  • І яшчэ адзін напамін. Здаровы сон дапамагае нармалізаваць крывяны ціск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG