Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяссоньне можа вас забіць


Хранічнае бяссоньне зьвязана з павышанай рызыкай гіпэртаніі, інфарктаў, дыябэту 2-га тыпу, дэпрэсіяй і заўчаснай сьмерцю. Пра гэта ў газэце The New York Times піша Джэйн Броды.

Нацыянальны Інстытут праблем старэньня ЗША правёў дасьледаваньне з удзел 9 тысяч амэрыканцаў, старэйшых за 65 гадоў. Больш за палову зь іх заявілі, што маюць праблемы са сном. Нехта дрэнна засынае, нехта дрэнна сьпіць, а нехта, паспаўшы, не адчувае сябе адпачыўшым.

На хранічнае бяссоньне пакутуюць ад 5 да 10 працэнтаў пажылых людзей. Бяссоньне, як ужо было сказана, зьвязваюць з павышанай рызыкай гіпэртаніі, інфарктаў, дыябэту 2-га тыпу, дэпрэсіяй, трывогай і заўчаснай сьмерцю. Таксама бяссоньне можа быць фактарам рызыкі разьвіцьця хваробы Альцгаймэра.

І вось якія тут прасочваюцца заканамернасьці. Навукоўцы з Мэдычнага каледжу Ўнівэрсытэту Пэнсыльваніі шмат гадоў назіралі за групай у складзе 1700 мужчын і жанчын. Аказалася, што рызыка разьвіцьця гіпэртаніі у пяць разоў вышэйшая сярод тых, хто сьпіць менш за пяць гадзін, і ў тры разы вышэй сярод тых, хто сьпіць ад 5 да 6 гадзін.

А вось сярод тых, хто сьпіць па 6 і болей гадзін у дзень, ніякай падвышанай рызыкі разьвіцьця гіпэртаніі зафіксавана не было.

Гэтаксама і з рызыкай дыябэту 2-га тыпу. Яна была ў тры разы вышэйшаю ў тых, хто спаў менш за пяць гадзін, і ў два разы вышэйшаю для тых, хто спаў ад пяці да шасьці гадзін.

Апрача таго, людзі зь бяссоньнем часта скардзяцца на тое, што ня могуць засяродзіцца, і маюць праблемы з памяцьцю. Лічыцца таксама, што бяссоньне пагаршае пазнавальную функцыю.

Фактараў, якія выклікаюць парушэньні сну, існуе мноства. Ніколі ня трэба самім рабіць высновы і займацца самалячэньнем. Заўсёды варта параіцца зь лекарам. Часам яго парада можа вас зьдзівіць сваёй прастатой і лёгкасьцю ў выкананьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG