Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткае пакараньне не ратуе ад наркотыкаў. Тлумачыць галоўны навуковец эўрапейскага цэнтру наркаманіторынгу


Суд у Гомелі над непаўнагадовымі паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе наркотыкаў, лістапад 2019

Ці варта караць падлеткаў турэмным зьняволеньнем за наркагандаль? Што ён параіў рабіць з новымі сынтэтычнымі наркотыкамі, калі наведваў Беларусь? Што адбываецца, калі дэкрыміналізоўваюць марыхуану? На гэтыя пытаньні адказаў галоўны навуковец Эўрапейскага цэнтру маніторынгу наркотыкаў і нарказалежнасьці Брэндан Г’юз, які займаецца антынаркатычным заканадаўствам.

Сьцісла:

  • Надоўга зьнявольваюць падлетка за пашырэньне наркотыкаў у краінах Эўразьвязу толькі ў выпадку вельмі сур’ёзнага парушэньня — калі фігуруюць кіляграмы рэчыва.
  • Летась Эўразьвяз пачаў праграму маніторынгу наркотыкаў у супрацоўніцтве з краінамі-суседзямі, сярод якіх і Беларусь.
  • Мы падазраем, што большасьць спажыўцоў наркотыкаў насамрэч ня ведаюць, што напісана ў законе. Яны думаюць толькі пра імавернасьць свайго арышту. І калі арышт малаімаверны, дык закон іх не палохае.
  • Набірае моц ідэя, што жорсткія пакараньні — ня самы карысны падыход. Выглядае, што лепшыя вынікі даюць захады ў галіне аховы здароўя. Але палітыкі пакуль часта баяцца рэакцыі публікі — маўляў, іх палічаць занадта мяккімі да наркотыкаў, і таму аддаюць перавагу «крымінальнаму» падыходу, а не «мэдычнаму».
  • Марыхуана сапраўды першае нелегальнае рэчыва, якое каштуе большасьць людзей. Але большасьць з тых, хто каштуе марыхуану, ужо некалькі разоў напіваліся алькаголем.
Брэндан Г'юз
Брэндан Г'юз

«Будзем шукаць магчымасьць пакараць без пазбаўленьня волі»

— Наколькі важна ў заканадаўстве адрозьніваць спажыўцоў наркотыкаў ад гандляроў?

— Кантроль над наркотыкамі пачаўся прыблізна 100 гадоў назад менавіта таму, што іх прадавалі ўва ўсім сьвеце. У пэўных выпадках гэта разбурала цэлыя дзяржавы. Міжнародную сыстэму стварылі акурат, каб спыніць іх усясьветны продаж. Ці дзяржава хоча кантраляваць сваіх спажыўцоў наркотыкаў — гэта ўжо не міжнароднае пытаньне.

Калі выглядала, што кантроль не дае пажаданага эфэкту, апошні міжнародны закон у 1988 годзе рэкамэндаваў крыміналізаваць захоўваньне наркотыкаў для асабістага карыстаньня. Няма патрабаваньня гэта рабіць абавязкова, выкананьне рэкамэндацыі залежыць ад канстытуцыйных прынцыпаў канкрэтнай дзяржавы. А некаторыя зь іх ня лічаць прыватнае захоўваньне крымінальным злачынствам.

Але ёсьць больш сучасны аспэкт праблемы — прапарцыйнасьць, сувымернасьць. Ці вы лічыце некага, хто мае 2 грамы, нагэтулькі ж крымінальна адказным, як чалавек з 2 кіляграмамі наркотыку? Амаль ва ўсіх краінах Эўропы гэта зусім ня так. Пакараньні звычайна зьвязаныя з колькасьцямі, а таксама з думкай, што калі вы спрабуеце прадаць наркотык, вы робіце больш шкоды, чым калі спажываеце самі.

— У Беларусі адказнасьць за нарказлачынствы наступае з 14 гадоў. Цяпер некалькі соцень падлеткаў ад 14 да 18 гадоў адбываюць 9-13-гадовыя тэрміны пакараньня за пашырэньне наркотыкаў. Наколькі эфэктыўным можа быць зьніжэньне ўзросту адказнасьці паводле такіх артыкулаў?

— Ня ведаю прыкладаў, каб у краінах Эўразьвязу мянялі ўзрост адказнасьці. Але ў розных краінах ён адрозьніваецца. У Ірляндыі і на большасьці тэрыторыі Брытаніі крымінальны перасьлед можа пачынацца ў 10 гадоў. Найвышэйшы ўзрост для краін Эўразьвязу — 16. Агулам краіны, якія маюць прэцэдэнтнае права, звычайна маюць і ніжэйшы ўзрост адказнасьці.

Але калі я пытаўся ў экспэртаў у розных краінах, што здарыцца ў вашай краіне з парушальнікамі закону, якім няма 18 гадоў, дык часта адказ быў такі: будзем шукаць магчымасьць пакараць без пазбаўленьня волі. Безумоўна, могуць быць сур’ёзныя злачынцы, якім 16 ці 17 гадоў. Аднак у такім маладым узросьце безумоўны прыярытэт — перавыхаваньне, а не зьняволеньне ў якасьці пакараньня.

Наколькі я ведаю, доўгае зьняволеньне для падлетка па такіх абвінавачаньнях здараецца толькі ў выпадку вельмі сур’ёзнага парушэньня. Тут мае быць паўторнае парушэньне, зьвязанае з кіляграмамі наркотыкаў, ці гвалтоўныя злачынствы.

— Ці беларускія ўлады кантактуюць з вашым агенцтвам для абмену досьведам і ідэямі?

— Летась Эўразьвяз пачаў праграму маніторынгу наркотыкаў у супрацоўніцтве з краінамі-суседзямі, сярод якіх і Беларусь. Праграма толькі пачынаецца — ідзецца пра збор статыстыкі, аб’ектыўнае апрацаваньне інфармацыі, каб прымаць рашэньні на аснове фактаў.

Сам я наведаў Беларусь толькі аднойчы — чатыры ці пяць гадоў таму. Гэты візыт арганізоўвала Рада Эўропы. Тады ў вас была праблема з новымі сынтэтычнымі наркотыкамі, і я быў запрошаны як экспэрт для ўдзелу ў дыскусіі.

На той час гэтыя наркотыкі яшчэ не былі добра прааналізаваныя ААН ці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Было вельмі танна прывозіць гэтыя рэчывы з Кітаю ці Індыі, а паколькі яны не былі ў сьпісе забароненых, людзі лічылі, што іх можна вольна прадаваць.

Калі кожнае з гэтых рэчываў пазначаць у сьпісе асобна, дык вытворцы могуць крыху памяняць формулу і атрымаць новае рэчыва. У выніку шмат якія краіны, у тым ліку і Беларусь, наколькі я разумею, прыблізна ў гэты час сталі пазначаць у сьпісах групы хімічных рэчываў замест асобных. У кожнай групе маглі быць тысячы рэчываў. Гэта зрабіла працу праваахоўнікаў значна прасьцейшай.

Я тады тлумачыў, як супрацьдзейнічаюць новым сынтэтычным наркотыкам ў краінах Эўразьвязу, але сапраўды ня памятаю, ці беларускае рашэньне было прынятае да нашага візыту, ці пазьней.

«Немагчыма прадказаць, як зьменіцца спажываньне, калі вы мяняеце пакараньне»

— Ці мае сэнс праводзіць адрозьненьні ў заканадаўстве паміж рознымі тыпамі забароненых рэчываў — больш і менш небясьпечнымі для грамадзтва?

— Некаторыя краіны Эўропы робяць гэта, а некаторыя не. Але мы ведаем, што нават там, дзе няма адрозьненьняў у палажэньнях закону, часта існуюць інструкцыі для пракурораў і судзьдзяў, дзе рэкамэндуюцца розныя прысуды. І калі мы пыталіся пра тэарэтычны памер пакараньня за гандаль рознымі тыпамі наркотыкаў, амаль усе судзьдзі і пракуроры казалі, напрыклад, што яны чакаюць нашмат меншых прысудаў за марыхуану, чым за гераін. Нават у тых краінах, дзе зусім няма ніякага адрозьненьня ў законе.

— Ці ёсьць нейкая статыстыка, якая сьведчыць пра залежнасьць спажываньня наркотыкаў ад жорсткасьці пакараньня за іх захоўваньне і гандаль імі?

— Мы такой залежнасьці не знайшлі. Гэта складана высьветліць, але мы глядзелі на пэрыяды, калі краіны мянялі пакараньні за захоўваньне марыхуаны для асабістага карыстаньня. Мы параўноўвалі статыстыку спажываньня марыхуаны ў гэтых краінах да зьменаў і пасьля. І пабачылі, што немагчыма прадказаць, як зьменіцца спажываньне, калі вы мяняеце пакараньне.

Шмат хто думае, што калі ўзмацніць пакараньне, дык спажываньне ўпадзе. Ці наадварот — калі зьнізіць пакараньне, дык спажываньне вырасьце. Але ў краінах, за якімі мы сачылі, мы не пабачылі такой заканамернасьці. Бывае зусім розна. Мы падазраем, што большасьць спажыўцоў наркотыкаў насамрэч ня ведаюць, што напісана ў законе. Яны думаюць толькі пра імавернасьць свайго арышту. І калі арышт малаімаверны, дык закон іх не палохае.

З гандлем больш складана нешта сказаць, бо ня маем надзейнай статыстыкі пра яго рэальны аб’ём. Мы маем толькі статыстыку затрыманьняў і канфіскацыяў, але можа існаваць немалы гандаль, якога ня бачыць паліцыя і які не адлюстраваны ў статыстыцы.

Я б выказаў здагадку, што гэта можа быць падобна да стаўленьня спажыўцоў. Стаўленьне нашмат больш залежыць ад імавернасьці, што вас зловяць, чым ад жорсткасьці пакараньня ў законе.

Алькаголь і гераін — што страшнейшае?

— Ці ёсьць надзейныя дасьледаваньні з параўнаньнем небясьпекаў ад розных тыпаў нелегальных і легальных наркотыкаў — такіх, як алькаголь?

— Магчыма, найбольш знакамітае такое дасьледаваньне зрабіў у 2010 годзе брытанскі прафэсар Дэйвід Нат. Гэта выклікала вялікі скандал.

[Паводле дасьледаваньня пад кіраўніцтвам Дэйвіда Ната, найбольш небясьпечнымі для спажыўца ёсьць гераін, крэк-какаін і мэтамфэтаміны. У той жа час найбольш небясьпечнае для навакольных — спажываньне алькаголю, а ўжо потым ідуць гераін і крэк-какаін. Агулам Нат вызначыў алькаголь як найбольш небясьпечны наркотык. — РС]

Пэўныя навукоўцы крытыкавалі падыход Ната. Паводле іх, ён не ўлічыў, што калі вы прымаеце наркотыкі ўнутрывенна, дык шкода нашмат большая, чым калі іх глытаеце ці курыце. Бо ўзьнікаюць дадатковыя рызыкі ад брудных шпрыцаў і гэтак далей.

Мы таксама ведаем, што калі вы прынялі легальнае рэчыва, дык вы з большай імавернасьцю паедзеце зь нейкімі праблемамі ў шпіталь. Але калі рэчыва нелегальнае, людзі могуць не зьвяртацца па мэдычную дапамогу, бо баяцца трапіць у турму.

Праўда, магчымае перадазаваньне пэўных наркотыкаў вас заб’е, а зь іншымі такое малаімаверна. Але вельмі цяжка казаць пра ўзровень небясьпекі наркотыку самога па сабе, бо тут яшчэ можа адыгрываць важную ролю, як вы яго выкарыстоўваеце і чаму. Да прыкладу, шмат хто ўжывае гераін, бо мае сур’ёзныя псыхалягічныя праблемы і спрабуе такім чынам даваць ім рады. У такім разе трэба лекаваць псыхалягічныя праблемы, а ня толькі залежнасьць ад гераіну.

— Ці можаце вы назваць пазытыўныя прыклады заканадаўчых рэформаў у краінах Эўразьвязу, якія палепшылі сытуацыю з нарказалежнасьцю?

— Часта называюць Партугалію. У 2001 годзе там была вельмі спрэчная рэформа — яны дэкрыміналізавалі захоўваньне ўсіх наркотыкаў для асабістага ўжываньня.

Часта акцэнт робіцца на слове «дэкрыміналізацыя». Але пры гэтым забываюцца, што там быў цэлы пакет рэформаў. Яны ўклалі шмат грошай у цэнтры рэабілітацыі, у кансультаваньне — там быў пакетны падыход, і таму гэта мела добры вынік.

Мы ведаем іншыя прыклады: дзяржавы мянялі закон, каб пасылаць людзей лекавацца, але пры гэтым не мянялі сыстэму. Ці рабілі абмежаваньні: «Можам паслаць некага лекавацца, але толькі аднойчы. А калі зноў парушыць закон, дык пойдзе ў турму».

Аднак шмат хранічных спажыўцоў наркотыкаў непазьбежна будуць рабіць гэта зноў. Ідэя была ў тым, каб перадухіліць рэцыдывы, але выглядае, што яна не дала выніку. Людзі траплялі ў турму, а не на рэабілітацыю. Такая асьцярожнасьць у рэфармаваньні прывяла да таго, што зьмены выявіліся неэфэктыўнымі.

У кагосьці была ідэя пасылаць лекавацца гераінавых наркаманаў толькі тады, калі іх раней не судзілі. Але ж практычна ўсе гераінавыя наркаманы засуджаныя — яны ж так здабываюць грошы. Здавалася, гэта прыгожая ідэя, але ў выніку амаль ніхто не атрымаў лекаваньня. Не было асаблівага сэнсу так мяняць закон.

«Існуе тэндэнцыя зьніжаць пакараньні за спажываньне наркотыкаў»

— У апошнія гады некаторыя краіны Эўразьвязу лібэралізоўвалі свае законы што да марыхуаны. Ці ўзьніклі пасьля лібэралізацыі новыя праблемы?

— Па-першае, адбывалася ня толькі лібэралізацыя — у пэўных краінах законы стасоўна марыхуаны пасуровелі. Зноўку ж, вельмі цяжка адсачыць залежнасьць паміж зьменамі ў законе і спажываньнем. Але агульны рух цяпер — да мякчэйшых пакараньняў для спажыўцоў наркотыкаў. Такіх людзей усё часьцей успрымаюць як даволі невялікую праблему для грамадзкага парадку ці як мэдычную праблему, праблему са здароўем.

Усё больш набірае моц ідэя, што жорсткія пакараньні — гэта ня самы карысны падыход. Выглядае, што лепшыя вынікі даюць захады ў галіне аховы здароўя. Але таксама выглядае, што палітыкі часта баяцца рэакцыі публікі — баяцца, што іх палічаць занадта мяккімі да наркотыкаў, і таму аддаюць перавагу «крымінальнаму» падыходу, а не «мэдычнаму».

Праблема яшчэ ў тым, што краіна часам можа памяняць закон, каб пераарыентавацца на мэдычны падыход, але калі яна не памяняе сыстэму аховы здароўя, калі ня будзе больш месцаў для лекаваньня, больш спэцыялістаў, дык створацца вялікія чэргі на лекаваньне. Таму трэба думаць ня толькі пра зьмены ў законе, але і пра інфраструктуру і прафэсіяналаў, якія могуць займацца рэабілітацыяй.

— Вы кажаце пра «мэдычную» і «крымінальную» канцэпцыі змаганьня з наркотыкамі — каторая зь іх цяпер дамінуе ў Эўразьвязе?

— У апошнія 20 гадоў існуе тэндэнцыя зьніжаць пакараньні за спажываньне наркотыкаў. Гэта можа азначаць менш часу ў турме, пакараньне без абмежаваньня волі ці зьмену з крымінальнага на некрымінальны статус.

Былі краіны Эўразьвязу, якія аднойчы ці двойчы за гэты час, наадварот, узмацнялі пакараньне, але нязначна.

— Некалькі краінаў Эўразьвязу легалізавалі мэдычнае ўжываньне марыхуаны. Ці існуе эфэктыўная сыстэма кантролю, каб яна ня трапіла на чорны рынак?

— Вы можаце часам пабачыць у СМІ, што ў амэрыканскай сыстэме чалавек можа сказаць «Мне баліць сьпіна», і яму адразу прададуць цыгарэты з марыхуанай. У Эўропе нічога падобнага няма. Лекі вельмі жорстка рэгулююцца. Існуюць сур’ёзныя абмежаваньні на доступ да канкрэтных рэчываў. Вам трэба мець рэцэпт, напрыклад, ад анколяга ці нэўроляга.

Пару гадоў таму я падлічыў колькасьць людзей, якія ўдзельнічалі ў мэдычных праграмах з выкарыстаньнем марыхуаны ў Нідэрляндах і ў амэрыканскіх штатах Каларада і Каліфорнія. У гэтых штатах такіх было каля 20 тысяч на мільён насельніцтва. У Нідэрляндах гэта былі менш за 100 чалавек на мільён.

— Пытаньне таксама і пра кантроль над вырошчваньнем марыхуаны. Да прыкладу, Польшча дазволіла продаж марыхуаны па мэдычных рэцэптах, але імпартуе яе, бо няма згоды, як яе вырошчваць.

— У Нідэрляндах сыстэма працуе ад пачатку 2000-х. Італія таксама пачала вырошчваць сваю марыхуану ў 2014 годзе. Здаецца, Нямеччына таксама ўжо мае кантракт на вырошчваньне сваёй.

Але варта мець на ўвазе, што ў Канадзе за апошнія гады сыстэма вырошчваньня і распаўсюду марыхуаны ўжо была адладжаная, і там гэтым займаюцца вялікія кампаніі. Некалькі краінаў Эўразьвязу, якія дазволілі мэдычныя прадукты з марыхуаны па рэцэптах, пачалі яе імпартаваць зь Нідэрляндаў, але іншыя выбралі канадцаў, бо тыя, напрыклад, прапануюць лепшы прадукт ці ніжэйшую цану.

Я цяпер у Партугаліі, і адна з канадзкіх кампаніяў год таму стварыла цэнтар вырошчваньня марыхуаны ў гэтай краіне. Чакаецца, што прадукцыю адсюль будуць экспартаваць у іншыя эўрапейскія краіны.

Марыхуана як лек і вялікі бізнэс

— Ці ёсьць пацьверджаньні тэорыі, што марыхуана можа быць «стартавым» наркотыкам — той, хто пакаштуе марыхуану, з большай імавернасьцю пяройдзе на больш небясьпечныя рэчывы?

— Праўда ў тым, што марыхуана сапраўды першае нелегальнае рэчыва, якое каштуе большасьць людзей. Але варта памятаць, што для большасьці зь іх гэта ня першы інтаксыкант. Большасьць з тых, хто каштуе марыхуану, ужо некалькі разоў напіваліся алькаголем. Гадоў 20 таму ў Эўропе сярод моладзі былі папулярныя інгалянты — падлеткі нюхалі клей, распушчальнікі фарбаў.

Нехта можа сказаць, што цяпер алькаголь — «стартавы» наркотык да марыхуаны. Паводле нашых стандартаў аховы здароўя ў такім раньнім ўзросьце ўвогуле нельга дапускаць інтаксыкацыю любымі рэчывамі. Калі падлеткавы мозг прызвычаіцца да інтаксыкацыі, гэта прывядзе да праблемаў у дарослым жыцьці.

— А што вы скажаце пра погляд, што пераход з марыхуаны на больш небясьпечныя наркотыкі можа адбывацца менавіта таму, што шмат у якіх краінах закон ня робіць паміж імі адрозьненьня і рызыка пакараньня аднолькавая?

— Гэта складанае пытаньне, бо ня маем тут поўнай інфармацыі. Але, па-мойму, тут зноў акцэнт на памеры пакараньня, а мы ня ведаем дакладна, ці падлеткі ўвогуле думаюць пра яго. Я ня ўпэўнены, што яны гэтак разважаюць. Некаторыя зь іх проста шукаюць найхутчэйшага спосабу пабавіцца, прынамсі ў іхным разуменьні «забавы».

Падлеткі таксама схільныя ісьці на рызыку — гэта амаль этап у іхным разьвіцьці. Яны экспэрымэнтуюць з сабой, каб пабачыць, як далёка можна зайсьці. І мы ведаем, што некаторыя заходзяць далей за астатніх. Многія падлеткі практыкуюць рызыкоўныя паводзіны — бачым гэта з статыстыкі матацыклетных і аўтамабільных аварыяў, боек, ап’яненьня. Наркотыкі — адзін з аспэктаў такіх паводзінаў.

Ці будуць яны прымаць наркотыкі, калі іх легалізаваць? Ня думаю, што гэта ўвогуле рэлевантнае пытаньне. Бо хоць у Канадзе ці некаторых штатах ЗША легалізавалі марыхуану, гэта зусім ня значыць, што да яе маюць легальны доступ 15-16-гадовыя. Для іх яна па-ранейшаму нелегальная.

— Ці вы бачыце небясьпеку ў камэрцыялізацыі марыхуаны там, дзе яна легалізаваная? Маю на ўвазе, што вялікія кампаніі-вытворцы захочуць для большага прыбытку пашыраць кола спажыўцоў, паспрабуюць рэклямаваць сваю прадукцыю, як адбывалася з алькаголем і тытунём.

— Так, мы пабачылі даволі прыкладаў з індустрыяй алькаголю і тытуню. Ведаем, што гэта часам ужо адбываецца ў ЗША і Канадзе, дзе пануюць іншыя культурныя падыходы да дзяржаўнага кантролю над бізнэсам. Некаторыя людзі вераць у цалкам вольны рынак і ў тое, што дзяржава павінна нешта рэгуляваць толькі ў надзвычайных выпадках.

У іншых культурах ёсьць думка, што дзяржава мае сур’ёзны абавязак клапаціцца пра сваіх грамадзян. Эўропа акурат прыклад гэтага падыходу. У нас нашмат больш жорсткі кантроль за лекамі. Пабачым, як будзе з марыхуанай. Але практычна ўсе, нават у ЗША, катэгарычна выступаюць супраць рэклямы прадуктаў з марыхуаны.

Праблема зь вялікім бізнэсам у тым, што ён часам робіцца дужа вялікі — некалькі асноўных канадзкіх кампаніяў маюць агульны кошт каля 20 мільярдаў даляраў — і з гэтых грошай можна заплаціць лабістам у розных урадах. Калі яны стануць настолькі ж вялікія, як індустрыя алькаголю і тытуню, дык ўрадам будзе надзвычай цяжка мяняць законы, бо за імі будуць стаяць магутныя інтарэсы. І мне здаецца, урады цяпер гэта добра ўсьведамляюць.

Эўрапейскі цэнтар маніторынгу наркотыкаў і нарказалежнасьці — агенцтва Эўразьвязу, асноўная задача якога забясьпечыць «угрунтаваную на фактах, аб’ектыўную, надзейную і супастаўную інфармацыю» пра ўжываньне наркотыкаў, нарказалежнасьць і зьвязаныя зь ёй парушэньні здароўя. Цэнтар заснаваны ў 1993 годзе і месьціцца ў сталіцы Партугаліі Лісабоне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG