Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хай сьвіньні жаруць!». У Гомлі школьніцы і яе сябру пагражае да 15 гадоў калёніі за наркотыкі


Кацярына і Станіслаў у судзе

Суд Савецкага раёну Гомля разглядае крымінальную справу за распаўсюджваньне псыхатропных рэчываў. Абвінавачаныя — школьніца, якой на момант злачынства было 16, і яе сябры 17 і 18 гадоў. Дваім пагражае да 15 гадоў калёніі, трэцяму – да 5 гадоў.

16-гадовая Кацярына ў лістападзе 2018 году вучылася ў 11 клясе. Яе 17-гадовы сябар Станіслаў — на трэцім курсе каледжу. Пад крымінальны перасьлед трапіў і іхны прыяцель 18-гадовы Андрэй, які маляваў па горадзе рэкляму інтэрнэт-крамы па продажу псыхатропаў. Кацярыну і Станіслава затрымалі 21 лістапада. Пры вобшуках дома ў непаўналетніх знайшлі небясьпечнае псыхатропнае рэчыва «альфа-PVP».

Усіх траіх выхоўвалі маці, татаў не было. «Біялягічнага таты не было. Айчым быў, але толькі да 2014 году», — зазначыў на судзе Андрэй.
Функцыю «таты» узяў на сябе «куратар» інтэрнэт-крамы, які абяцаў непаўналетнім добрыя грошы за «закладкі» у Гомлі і Магілёве. «Куратар» меў нік «Батя». За адну закладку ён абяцаў 400 расейскіх рублёў. За «добрую працу» цягам тыдню «мінёрам» абяцалі 60 тысяч расейскіх рублёў. Грошы пераводзіліся на электронны кашалёк, адтуль — на банкаўскія карткі «закладчыкаў».

Самога куратара не затрымалі і падчас паседжаньня 11 верасьня пра яго амаль ня згадвалі.

«Спагадлівы, ветлівы, шчыры»

Кацярына сябравала са Станіславам з восьмай клясы школы. У выпускной клясе яна не надта імкнулася вучыцца — мела сярэдні бал 4,2. На ўліку ў міліцыі ці мэдыкаў не была, на камісіях непаўналетніх яе не разглядалі, адміністрацыйных правапарушэньняў ня мела. У школе за нізкія адзнакі яна знаходзілася ў групе рызыкі.

«Спагадлівы, ветлівы, шчыры, неабыякавы да несправядлівасьці», — такую характарыстыку даў каледж 17-гадоваму Станіславу.

На судзе ён сядзіць з сяброўкай у адной клетцы. Час ад часу маладыя людзі ўпотайкі трымаюцца за рукі. Падчас выступу маці Кацярына плакала.

Трэці абвінавачаны не арыштаваны, ён прыходзіць на суд з дому. Андрэю інкрымінуецца «лёгкая» першая частка артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу.

«Я думала — гэта падлеткавы ўзрост»

«Яна вінаватая, што ўблыталася ў гэта. Я разумею, каб далі тры гады. Але калі кажуць пра дзесяць гадоў? Вы што? Усё жыцьцё зламанае. З падлеткамі не праводзілі прафіляктычнай працы. Казалі ў школе, што наркотыкі — гэта зло. Але не тлумачылі — якія могуць быць вялікія тэрміны, як гэта ўсё працуе. Я сама так далёка была ад гэтага ўсяго — слова "закладка" пачула толькі тады, калі да нас прыйшлі з вобшукам. У мяне быў шок», — распавядала маці Кацярыны. Яна лічыць, што ў злачынны бізнэс дачку ўцягнуў сябар Станіслаў. На судзе былі зачытаныя перапіскі маладых людзей, з якіх вынікае, што Кацярына сама прасіла сябра знайсьці ёй «працу».

«Я нават не здагадвалася пра наркотыкі. Часам правярала яе заплечнік. Перапіскі ў сацыяльных сетках не чытала. Гэта пытаньне даверу. Былі нэгатыўныя моманты ў яе — незадаволенасьць сабой, зьнікла зацікаўленасьць да вучобы. Я зьвязвала гэта з падлеткавым узростам. Грошы на дробныя расходы я давала ёй», — распавядала на судзе маці Кацярыны.

Яна наракала, што школа не праводзіла прафіляктычнай працы сярод падлеткаў. Школа, у сваю чаргу, прадставіла для суду групавы здымак падлеткаў нібыта з антынаркатычнага мерапрыемства, на якім была Кацярына. «Гэты здымак не з мерапрыемства, а з выпускнога», — аспрэчыла на судзе школьніца.

На судзе агучваліся шматлікія перапіскі непаўналетніх з куратарам «Батя». Ён папярэджваў Кацярыну і Станіслава, што яны ўладкоўваюцца на працу ў "сур'ёзную кампанію«. Адпаведна — павінны добра працаваць: у час здаваць справаздачы, быць на сувязі, праяўляць фантазію пры «закладках» — каб іх не знайшлі выпадковыя мінакі ці міліцыя, і каб «тавар» дайшоў да кліента. Пры «працаўладкаваньні» куратар патрабаваў ад Кацярыны даслаць копію пашпарту, фота і відэаздымкі, што яна сапраўды жыве па адрасе рэгістрацыі.

З перапісак падлеткаў і «куратара»

«Калі я хутка апынуўся ў калёніі — будзе крыўдна. Але ладна..» (Кацярына — Станіславу)

«Гэта лёгкія грошы, за якія можна сесьці надоўга. Куды я лезу... Мне страшна зрабілася, калі я ўбачыла, як іх (закладчыкаў, — РC) затрымліваюць» (Кацярына — Станіславу)

«Як вам мая праца? Ну ў цэлым — неблагі я супрацоўнік? Ну і на гэтым дзякуй» (Станіслаў — куратару «Батя»)

«Не бойся, міліцыянты ня могуць цябе абшукаць, бо гэта павінны рабіць жанчыны-міліцыянты, а ў нас іх няма, толькі патрульныя» (Станіслаў — Кацярыне)

«Гэта мая сяброўка. Мы ну тыпу сустракаемся. Сям’я кур’ераў, дынастыя» (Станіслаў — куратару)

«Проста зразумей, што гэта твой начальнік, і ты павінна яму даваць справаздачу!» (Станіслаў — Кацярыне)

«Пераходзім да больш небясьпечных і дзёрзкіх вакансій у наркатычным асяродку» (Станіслаў — Кацярыне)

«Ня дай Бог мне яшчэ раз адчуць такую паніку! Думала — здохну!» (Кацярына — куратару, пасьля таго, як пакаштавала псыхатроп)

«Не каштуй іх! (псыхатропы, — РЭД). Гэта не для людзей!» (Куратар — Кацярыне)

«Не зашмат гэта для дозы. Хай сьвіньні жаруць!» (Куратар — Кацярыне)

«"Батя" да наркаманаў так ставіцца — яны для яго сьвіньні» (Станіслаў — Кацярыне)

«На кожны "ненаход" — штраф. Так у цябе будзе стымул добра рабіць працу» (Куратар — Кацярыне)

«Нарэшце хоць шмотак сабе куплю трошкі» (Кацярына — Станіславу)

Як гэта можа працаваць?

Жадаючыя набыць псыхатропныя рэчывы знаходзяць у інтэрнэце адмысловыя крамы, пераводзяць грошы на электронны кашалёк. Узамен атрымліваюць каардынаты «закладкі» з апісаньнем мясцовасьці. «Мінёры» знаходзяць у патаемных месцах аптовыя партыі псыхатропных рэчываў, расфасоўваюць іх. Затым пакідаць у таемных месцах «дозы», перасылаюць здымкі хованак «куратарам», тыя — спажыўцам. За «ненаход» (калі кліент не знайшоў «закладку») кур’ераў караюць штрафамі. «Трафарэтчыкі» малююць у людных месцах адрасы інтэрнэт-крамаў.

Арганізатары злачыннага бізнэсу — «куратары» часта знаходзяцца за межамі Беларусі.

Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG