Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас нават марфіну няма! Пра што вы гаворыце?» Як абмеркавалі будучыню мэдыцынскай марыхуаны ў Беларусі


Дзявятага сьнежня фэстываль Watch Docs прапанаваў увазе менскіх гледачоў польскую дакумэнтальную стужку «Падпольле надзеі». Менавіта ў падпольлі, на думку рэжысэра Яна Блуза, адчуваюць сябе тыя, хто спрабуе лячыцца марыхуанай у Польшчы. Як і тыя, хто змагаецца за яе легалізацыю ў мэдыцынскіх мэтах. Дакладней, змагаўся, бо адпаведны закон быў прыняты Польшчай яшчэ ў 2017-м. Калі гэта магчыма і ці магчыма ў Беларусі ўвогуле — пра гэта пасьля кінапаказу дыскутавалі гледачы і экспэрты.


Рэжысэр Ян Блуз кажа, што асноўнай мэтай было зрабіць абʼектыўную стужку. Падчас здымак прадстаўнікі ўлады былі моцна супраць легалізацыі і казалі, што грамадзтва да гэтага яшчэ не гатовае. Інтэрнэт жа быў моцна за і прызнаваў марыхуану ледзь не панацэяй. Фільм стаўся пошукамі праўды пасярэдзіне: Блуз спалучае сьведчаньні цяжка хворых людзей, дактароў, актывістаў і чыноўнікаў. Істотную частку займаюць гісторыі бацькоў хворых дзяцей. Блуз кажа, што менавіта дзіцячая тэма з боку ініцыятыўнай групы грамадзян дапамагла прасунуць зьмены ў заканадаўства. Бо «толькі дʼябал адмовіць дзіцяці ў дапамозе».

Рэжысэр Ян Блуз — у цэнтры
Рэжысэр Ян Блуз — у цэнтры

«Пытаньне выключэньня са сьпісу № 1 не мэдыцынскае, а палітычнае»

Адзін з галоўных герояў фільма і рухавік заканадаўчых зьменаў — нэўроляг Марэк Бачанскі. Яшчэ да легалізацыі ён прапісваў сваім пацыентам лячэньне канабісам. Пазьней яго звольнілі з дасьледчага ўнівэрсытэту, і цяпер ёй мае прыватную практыку.

«У адрозьненьне ад польскага заканадаўства, тэтрагідраканабінол (ТГК, адное з асноўных дзейных рэчываў у складзе канабісу. — РС) у Беларусі знаходзіцца ў сьпісе № 1 кантраляваных рэчываў, — тлумачыць Уладзімір Пікірэня, псыхоляг-нарколяг. — А гэта значыць, што ён у нашай краіне забаронены для любога абарачэньня, у тым ліку мэдыцынскага, экспэрымэнтальнага. Таму, калі доктар будзе даваць такое рэчыва свайму пацыенту, ён аўтаматычна падпадае пад крымінальны артыкул. Але першапачаткова і ТГК, і марыхуана не дактарамі былі занесеныя ў сьпіс забароненых рэчаў, яны былі занесеныя палітыкамі. І пытаньне выключэньня з гэтага сьпісу — не мэдыцынскае пытаньне, а палітычнае».

Патрэба лячэньня марыхуанай закранула і самога рэжысэра: алей з канабісу дапамагае ягонай бабулі спраўляцца з остэапарозам. Нягледзячы на легалізацыю, набываюць алей усё роўна на «чорным рынку» — практычная рэалізацыя закону яшчэ не прапрацаваная. Аднак у аптэках ужо можна з рэцэптам купіць мэдыцынскія каноплі, праўда, за вялікія грошы. І прывозяць іх ажно з Канады.

«Мы павінны бачыць у пацыенце чалавека»

Рак, інфэкцыйныя захворваньні, эпілепсія, расьсеяны склероз, хвароба Паркінсона — вось ня поўны сьпіс хваробаў, на якія пакутуюць героі дакумэнтальнай стужкі. Ёсьць сярод іх і выпадкі чароўнага вылячэньня, але для большасьці справа хутчэй у паляпшэньні якасьці жыцьця і пазбаўленьня ад болю.

«Мы павінны бачыць у пацыенце чалавека, — кажа Ганна Гарчакова, дырэктарка Беларускага дзіцячага хосьпісу. — Залаты стандарт болесуцішэньня — гэта марфін. Дык у нас нават марфіну няма! Пра якую марыхуану вы кажаце?»

Ганна Гарчакова
Ганна Гарчакова

Гарчакова тлумачыць, што справа ня толькі ў заканадаўстве. Яе пацыенты часта адмаўляюцца ад марфіну, бо баяцца «падсесьці» на наркотык: адна жанчына перад сьмерцю адкусіла сабе кончык языка ад болю, але на моцны болесуцішальны (дактары дабіліся для яе адмысловага дазволу на марфін. — РС) так і не пагадзілася. Ян Блуз таксама зазначае, што справа ў мэнтальнасьці і стаўленьні грамадзтва. Напрыклад, у Галяндыі, пра якую так часта згадваюць падчас дыскусіі, марыхуана таксама не легалізаваная, але ўспрыманьне іншае.

«Я іх (супрацоўнікаў праваахоўных органаў. — РС), напэўна, разумею, — кажа Ганна Гарчакова. — Я ж ня ведаю, з кім яны працуюць. Яны, напэўна, працуюць з такой катэгорыяй людзей, з наркаманамі. Я працую з катэгорыяй людзей, для якой марфін — гэта лекі. Нам проста трэба ісьці на дыялёг. Мы павінны ня зьверху ісьці, мы павінны ісьці зьнізу. Мы павінны зь людзьмі гаварыць, з дактарамі і са Сьледчым камітэтам».

«Забарона наркотыкаў вельмі зручная для ўладаў, бо трэба мець ворага»

Чыноўнікі і бок дзяржавы ў фільме ў асноўным прадстаўленыя кадрамі з афіцыйных выступаў падчас пасяджэньняў польскага ўраду. У тым ліку і падчас адкрытых сустрэч з грамадзкімі актывістамі. Дамагчыся такога ў Беларусі плянуюць прадстаўнікі руху Legalize Belarus Міхась Варанцоў і Мікіта Лагавы. У іх ужо ёсьць гатовы законапраект аб дэкрыміналізацыі марыхуаны, які яны прадставяць мясцовым дэпутатам. Мікіта адзначае, што, мяркуючы па фільме, менавіта дэкрыміналізацыя спрыяла пазьнейшай легалізацыі мэдыцынскай марыхуаны.

Міхась Варанцоў і Мікіта Лагавы
Міхась Варанцоў і Мікіта Лагавы

Стужка «Падпольле надзеі» разглядае практыку лячэньня мэдыцынскай марыхуанай у Польшчы, Славеніі, Гішпаніі, Ізраілі. Праблема агульная: палітыка забароны з боку дзяржавы і заканадаўчыя абмежаваньні не дазваляюць правесьці належнага дасьледаваньня рэальнай эфэктыўнасьці ўзьдзеяньня рэчыва.

Арганізатары кажуць, што правесьці такую дыскусію ў Менску было ня так проста.

«Улады нармальна, паводле пратаколу, запрасіць мы проста не пасьпявалі, — тлумачыць адна з арганізатарак фэстывалю Кацярына Раманчык. — А мэдыкаў знайсьці, папраўдзе, атрымалася ня зь першага разу. Адмаўляліся: хтосьці баяўся за сябе, хтосьці не хацеў здаваць канкрэтныя кейсы, калі людзі вымушаныя шукаць лекі на чорным рынку, бо гэта крымінал».

«Забарона наркотыкаў вельмі зручная для ўладаў, — кажа Ян Блуз. — Заўжды трэба мець кагосьці, на каго можна зваліць усю віну. Зрабіць сабе штучнага ворага, каб час ад часу паказваць, як адважна ўлады ахоўваюць нас ад усяго злога».

«Я, вядома, веру (што ў нас дазволяць выкарыстаньне мэдыцынскай марыхуаны. — РС), — кажа Ганна Гарчакова. — Але ня хутка. Мы павольная-павольная краіна, але мы рухаемся ў патрэбны бок. З другога боку, як у хворага ёсьць крыз — кепска, кепска, кепска, здаецца, усё — ажно потым ён выскоквае, і стала лепей! Вось, напэўна, і мы гэтаксама».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG