Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выклікае канабіс шызафрэнію? 10 фактаў ад псыхіятра-нарколяга пра наркатычную залежнасьць


Ілюстрацыйнае фота. Дыстрыбутар марыхуаны побач з кавярняй «Каннабіс» ў Ванкувэры (Канада), дзе спажываньне марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах легалізаванае

Чаму ўзьнікае залежнасьць ад псыхаактыўных рэчываў, а «кайф» не вырашае праблемы? Чаму ў Беларусі алькаголь выйшаў на першае месца, а ў Эўразьвязе — канабіс, які прыводзіць да шызафрэніі? Чаму пажылыя людзі ўжываюць сэдатыўныя сродкі і карвалол, а моладзь — стымулятары?

Дацэнт катэдры псыхіятрыі і наркалёгіі Беларускай мэдыцынскай акадэмііі пасьлядыплёмнай адукацыі Алег Айзбэрг разважае аб прычынах наркатычнай залежнасьці.

Падчас адкрытай лекцыі Алега Айзбэрга
Падчас адкрытай лекцыі Алега Айзбэрга

23 ліпеня 2011 году ня стала культавай сьпявачкі Эмі Ўайнхаўс, якая ў 27 гадоў памерла ад наркатычнай і алькагольнай залежнасьці. Яе сваякі стварылі Amy Winehouse Foundation, фундацыю Ўайнхаус, якая дапамагае маладым людзям, што пакутуюць ад наркатычнай і алькагольнай залежнасьці. У Менску ў гадавіну сьмерці поп-зоркі ў межах выставы «Эмі Ўайнхаўс: Сямейны партрэт» прайшла адкрытая лекцыя вядомага псыхіятра-нарколяга, дацэнта катэдры псыхіятрыі і наркалёгіі Беларускай мэдыцынскай акадэмііі пасьлядыплёмнай адукацыі Алега Айзбэрга.

1. «Самыя адчувальныя натуры пападаюць пад узьдзеяньне наркотыкаў і гінуць ад іх»

«Гістарычна лічылася, што людзі, якія злоўжываюць алькаголем альбо наркотыкамі — гэта людзі грахоўныя. Ёсьць паняцьце „чысты“ — чалавек, які не ўжывае наркотыкаў. А той, хто ўжывае — „брудны“?» — задае рытарычнае пытаньне Алег Айзбэрг.

Доктар перакананы, што гэта маральная канцэпцыя састарэла. І прыводзіць цытату з эсэ Льва Талстога «Дзеля чаго людзі адурманьваюцца?»:

«Спажываньне адурманьваючых рэчываў у вышэйшым і ніжэйшым колах выклікаецца адной і той жа прычынай: патрэбай заглушыць голас сумленьня для таго, каб ён ня бачыў разладу жыцьця і патрабаваньня сьвядомасьці. Самыя адчувальныя натуры, якія па жыцьці балюча адчуваюць разлад жыцьця і сумленьня, падпадаюць пад узьдзеяньне наркотыкаў і гінуць ад іх».

Гэта значыць, людзі, якія адчуваюць кагнітыўны і эмацыйны дысананс, часьцей пападаюць у залежнасьць ад псыхаактыўных рэчываў.

А сёньня вельмі моцны ўплыў на ўжываньне псыхаактыўных рэчываў робіць мода, кажа псыхіятар-нарколяг Алег Айзбэрг.

Алег Айзбэрг
Алег Айзбэрг

2. Псыхаактыўнымі лічацца ўсе рэчывы, якія маюць «прыемны эфэкт» і ад якіх можа ўзьнікаць залежнасьць

У мэдыцыне адмовіліся ад падзелу псыхаактыўных рэчываў па прынцыпе законнасьці і незаконнасьці.

«З мэдыцынскага пункту гледжаньня гэтая клясыфікацыя ніякага значэньня ня мае, таму што шкода ад ўжываньня псыхаактыўных рэчываў залежыць не ад таго, ці знаходзяцца яны ў нейкіх сьпісах, зацьверджаных МУС ці Мінздароўя.

Мы залічваем да псыхаактыўных усе рэчывы, якія валодаюць суб’ектыўна прыемным эфэктам і ад якіх можа ўзьнікаць залежнасьць. Тут ключавое слова „можа“, таму што большасьць людзей, якія каштуюць псыхаактыўныя рэчывы (гэта тычыцца і алькаголю, і нелегальных наркотыкаў), ад іх залежнымі не становяцца», — кажа Алег Айзбэрг.

3. «Кайф» адчуваюць вельмі кароткі тэрмін, а праблемы застаюцца

Ёсьць шмат азначэньняў, што такое залежнасьць, альбо адыкцыя.

«Першы крытэр — гэта звужэньне рэпэртуару паводзінаў, то бок чалавек рэагуе на ўсе праблемы ўжываньнем псыхаактыўных рэчываў. Замест таго, каб праблемы вырашаць, альбо прыстасавацца, калі іх немагчыма вырашыць, чалавек пачынае спажываць псыхаактыўныя рэчывы — каб справіцца зь нейкімі непрыемнымі перажываньнямі. Ёсьць нават такое меркаваньне, распаўсюджанае сярод абываталяў: людзі, якія ўжываюць нелегальныя рэчывы, адчуваюць нейкі асаблівы «кайф», — адзначае псыхіятар-нарколяг Алег Айзбэрг.

Але навуковыя дасьледаваньні паказваюць, што «кайф» доўжыцца вельмі кароткі тэрмін. А ў асноўным яны ўжываюць псыхатропныя рэчывы не для таго, каб адчуць кайф, а каб пераадолець непрыемныя ўнутраныя эмацыйныя перажываньні.

Адыкцыя, альбо залежнасьць, зьяўляецца парушэньнем працэсу прыняцьця рашэньняў, калі непасрэдныя наступствы ўлічваюцца, а аддаленыя — не.

«Гэта значыць, мы зараз здымаем стан трывогі, але ня ўлічваем, што будзе далей. Аднак у чалавека застаецца памяць, што гэтае рэчыва выклікае пэўныя зьмены, у галаўным мозгу фармуюцца пэўныя біяхімічныя працэсы і мозг пачынае функцыянаваць па-іншаму, чым у здаровага чалавека, незалежнага ад псыхаактыўных рэчываў», — тлумачыць адмысловец.

4. Алькаголь і карвалол легальныя, канабіс — нелегальны

Сучасная клясыфікацыя падзяляе псыхаактыўныя рэчывы на некалькі клясаў.

  • Легальныя псыхаактыўныя рэчывы, ужываньне якіх не прадугледжвае крымінальных санкцый: алькаголь, нікатын, кафэін.
  • Часткова легальныя: апіёіды, якія выкарыстоўваюцца ў мэдыцыне для абязбольваньня.
  • Канабіс (у некаторых краінах легалізаваны, у Беларусі — не).
  • Галюцынагены (выклікаюць стан, блізкі да псыхозу).
  • Какаін і псыхастымулятары.
  • Лятучыя рэчывы.
  • Сэдатыўныя сродкі (некаторыя можна купіць без рэцэпту, напрыклад карвалол, іншыя прадаюцца толькі па рэцэпце).

5. Фактары рызыкі фармаваньня залежнасьці

Навукоўцы вызначылі 5 асноўных фактараў фармаваньня залежнасьці:

  • генэтычная схільнасьць;
  • выхаваньне;
  • перанесеныя псыхічныя траўмы;
  • біяграфічныя крызісы (перамены ў жыцьці: страта працы, нараджэньне дзіцяці, развод);
  • сацыяльнае атачэньне.

Самыя небясьпечныя залежнасьці — ад какаіну і мэтамфітаміну, сьцьвярджае Алег Айзбэрг. Ён распавёў, што былі праведзеныя дасьледаваньні на мышах з увядзеньнем мэтамфэтаміну і на малпах, якім давалі какаін.

«Выявілася, што малпы, якія займаюць больш высокае становішча ў сваёй герархіі, спажывалі менш какаіну, а падначаленыя — больш. Падобныя працэсы мы бачым і ў чалавечым грамадзтве.

Ёсьць стэрэатып, што наркотыкі ўжываюць заможныя людзі, арыстакраты. Але гэта ня так. Чым меншы сацыяльны статус, чым меншыя даходы, тым больш людзі ўжываюць псыхаактыўныя рэчывы. Іншае пытаньне, што какаін — дарагі наркотык і яго ня будзе ўжываць сантэхнік з ЖЭСу. Ён будзе піць гарэлку. Альбо карвалол», — кажа псыхіятар-нарколяг.

Доктар адзначыў і іншыя асаблівасьці: пажылыя людзі аддаюць перавагу сэдатыўным сродкам, маладыя людзі — стымулятарам. У Расеі і Беларусі п’юць гарэлку, а ў Мэксыцы ўжываюць галюцынагены.

6. Глябальная праблема — алькаголь

Залежнасьць фармуецца не адразу, чалавек праходзіць некалькі стадый.

  • 1-я. Пачатак спажываньня, першыя спробы.
  • 2-я. Экспэрымэнтаваньне.
  • 3-я. Сацыяльнае спажываньне (з розных нагодаў: сьвяты, дні народзінаў, вясельлі, хаўтуры).
  • 4-я. Злоўжываньне.
  • 5-я. Залежнасьць.

Мяжы бясьпечнага ўжываньня алькаголю няма, лічаць нарколягі.

«Ёсьць розныя варыянты алькагольнай залежнасьці: спажываньне кожны дзень (як у некаторых паўднёвых краінах — Італіі, Францыі). І запойная форма, калі людзі п’юць вельмі шмат.

У заходняй літаратуры гэта называецца „рускі тып“, у нашай — „скандынаўскі тып“. Так п’юць у Расеі, Беларусі, Украіне і ў Скандынавіі.

Алькаголь выйшаў на першае месца, таму што менавіта п’яныя людзі робяць злачынствы, буйна сябе паводзяць. Людзі, якія ўжываюць апіяты, збольшага ціхія, мірныя. Таму глябальная праблема — алькаголь», — перакананы Алег Айзбэрг.

Пасьля лекцыі Алегу Айзбэргу працягвалі задаваць пытаньні
Пасьля лекцыі Алегу Айзбэргу працягвалі задаваць пытаньні

7. Дзясятак самых небясьпечных наркатычных рэчываў

  • Алькаголь
  • Гераін
  • Крэк
  • Мэтыламфэтамін
  • Какаін
  • Тытунь
  • Амфэтамін
  • Канабіс (каноплі)
  • Бэнзадыязэпіны
  • Кетамін

8. У Эўразьвязе абсалютны чэмпіён — канабіс

Паводле дасьледаваньняў, праведзеных у 2017 годзе ў краінах Эўразьвязу, на першым месцы ва ўжываньні стаіць канабіс. Яго ўжываюць 83,2 мільёна чалавек (23,8%).

На другім месцы какаін, яго ўжываюць 17 мільёнаў (5,1%). Але ўсё залежыць ад краіны: какаін у Беларусі непапулярны, бо дарагі, заўважае Алег Айзбэрг.

На трэцім месцы МДМА —13 мільёнаў (3,9%)

Амфэтамін ужываюць 12 мільёнаў (3,3%)

Апіёіды ўжываюць толькі 1,3%, аднак яны знойдзеныя ў 82% сьмяротных перадазаваньнях.

9. Шызафрэнікі ўжываюць канабіс значна часьцей, чым здаровыя людзі

Ёсьць шмат дасьледаваньняў, якія тычацца захворваньня на шызафрэнію і ўжываньня канабісу, гэта вельмі гарачая тэма ў псыхіятрыі. Шмат у якіх краінах канабіс легалізаваны, і ідуць навуковыя спрэчкі, наколькі гэта небясьпечна.

«Як паказалі дасьледаваньні, шызафрэнікі ўжываюць канабіс значна часьцей, чым здаровыя людзі. Частата спажываньня канабісу пры шызафрэніі ў 5 разоў большая, чым у астатняга насельніцтва. Пачатак шызафрэніі пры ўжываньні канабісу адбываецца раней.

Існуе адна інтэрпрэтацыя, што ўжываньне канабісу прыводзіць да шызафрэніі. Другая — людзі, якія захворваюць на шызафрэнію, маюць складанасьці ў камунікацыях і ўжываюць канабіс, каб пераадолець свае праблемы. Гэта так званая „тэорыя самалячэньня“. Аднак пакуль цяжка сказаць, што першаснае, што другаснае», — кажа Алег Айзбэрг.

10. Наступствы ўжываньня спайсаў: ад псыхозу і галюцынацый да сьмерці

Сынтэтычныя канабіноіды — спайсы — зьявіліся ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

Сынтэз першага прэпарату JWH-018 датуецца 1994 годам. Спачатку гэта было даволі бяскрыўднае рэчыва. Аднак у 2009-м зьявіліся дастаткова небясьпечныя прэпараты. У Беларусі некалькі гадоў таму было нямала жудасных выпадкаў, калі маладыя людзі і нават падлеткі выкідваліся з вокнаў, нявечылі адно аднаго, паміралі ад перадазаваньня.

Псыхіятар-нарколяг Алег Айзбэрг пералічыў страшныя наступствы ўжываньня сынтэтычных канабіноідаў: ад сутаргавых прыпадкаў, агрэсіўных паводзінаў, псыхозу з трызьненьнем і галюцынацыямі да сьмерці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG