Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль Нідэрлянды: у Грузіі дазволілі курыць марыхуану


Канстытуцыйны суд Грузіі пасьля шматмесячнага разьбіраньня задаволіў пазоў лідэраў лібэртарыянскай партыі «Гірчы» Зураба Джапарыдзэ і Вахтанга Мэгрэлішвілі аб поўнай дэкрыміналізацыі спажываньня марыхуаны.

У пастанове суду гаворыцца, што любое пакараньне (у тым ліку адміністрацыйнае) за спажываньне марыхуаны несправядлівае і не адпавядае інтарэсам грамадзтва, паколькі курэньне марыхуаны «шкодзіць толькі спажыўцу і не наносіць шкоду грамадзтву».

курэньне марыхуаны шкодзіць толькі спажыўцу і не наносіць шкоду грамадзтву

Тым самым, найвышэйшая судовая інстанцыя скасавала дзеючыя нормы адміністрацыйнага кодэксу, згодна зь якім за курэньне марыхуаны чалавек мог быць аштрафаваны на 500 лары (прыкладна $ 200)

30 лістапада летась, разгледзеўшы пазоў «Гірчы», Канстытуцыйны суд адмяніў крымінальнае пакараньне за спажываньне марыхуаны, у тым ліку буйны штраф і нават турэмнае зьняволеньне паводле артыкулу за «злоснае курэньне».

Тады Канстытуцыйны суд пастанавіў, што турэмнае зьняволеньне за курэньне марыхуаны «супярэчыць праву асобы на рэляксацыю і свабоднае разьвіцьцё».

Такім чынам, пасьля вэрдыкту найвышэйшай судовай інстанцыі, абвешчанага ў панядзелак увечары, курэньне марыхуаны ў Грузіі цалкам легалізавана.

Зураб Джапарыдзэ павіншаваў суайчыньнікаў зь перамогай і заявіў, што з гэтага часу Грузія «больш свабодная краіна». Зь ім цалкам згодны нефармальны лідэр грузінскіх лібэралаў, дысыдэнт савецкіх часоў Леван Бэрдзенішвілі.

— Так, я думаю, гэта крок наперад. Рашэньне Канстытуцыйнага суду пацьвярджае, што ў нас ёсьць некаторыя зрухі ў бок большай свабоды, — сказаў Бэрдзенішвілі ў інтэрвію Радыё Свабода.

На яго думку, рашэньне КС пацьвярджае: Эўропа пазытыўна ўплывае на Грузію, а гэта вельмі важна для будучыні краіны. Суразмоўца РС спаслаўся на прыклад Партугаліі, які, на яго думку, пацьвярджае: лепш дзейнічаць так, чым прымаць жорсткія меры, як падчас кіраваньня Міхэіла Саакашвілі.

марыхуану нельга курыць у грамадзкіх месцах, транспарце, навучальных установах або ў прысутнасьці непаўналетніх

Зрэшты, некаторыя абмежаваньні на курэньне марыхуаны застаюцца ў сіле. Напрыклад, марыхуану нельга курыць у грамадзкіх месцах, транспарце, навучальных установах або ў прысутнасьці непаўналетніх. Але ў гэтых месцах дзеючы закон забараняе курыць ня толькі наркатычныя рэчывы, але нават звычайны тытунь.

Рашэньні канстытуцыйнага суду ад 30 лістапада і 30 ліпеня, ствараюць парадаксальную сытуацыю: курыць марыхуану можна, але купляць, захоўваць або транспартаваць нельга.

Як заўважыў лідэр руху за легалізацыю наркотыкаў «Белы шум» Бэка Цікарышвілі, «за курэньне марыхуаны чалавека асудзіць ня змогуць, але калі ў яго знойдуць марыхуану ў кішэні, яго ўсё ж пакараюць».

Расейскую Instagram-мадэль асудзілі ў Берасьці за правоз марыхуаны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG