Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна ўпрыгожвала Менск». Сябры — пра сьмерць мастачкі Ілоны Барадулінай


Ілона Барадуліна

8 сьнежня ў Ізраілі памерла Ілона Барадуліна, адзіная дачка народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Яна была мастачкай-імправізатаркай, яе творы выстаўляліся ў Беларусі, Аўстрыі, Расеі. Ілоне Барадулінай было 57 гадоў.

Уладзімер Някляеў: «Яшчэ ў дзяцінстве было заўважна, што гэта дзяўчо з талентам»

Паэт Уладзімер Някляеў усё жыцьцё сябраваў зь сямʼёй Рыгора Барадуліна. Ён кажа, што лёс Ілоны склаўся вельмі няпроста.

«Рыгор Барадулін, у якога безьліч ўсялякіх прысьвячэньняў, большасьць вершаў усё ж такі прысьвяціў дачцэ.

Яшчэ ў дзяцінстве было заўважна, што гэта дзяўчо з талентам. Калі ёй было гадоў 5, яна па-дзіцячы намалявала бацьку ўжо ва ўзросьце і сказала: „Я хачу, каб ты быў такім добрым, калі падрасьцеш“. Вось ён і стараўся быць для яе добрым. Яна таксама старалася, але, на жаль, ня ўсё ў яе жыцьці ўдавалася.

Калі яна з Санкт-Пецярбургу сабралася ехаць у Ізраіль, Рыгор пытаўся ў мяне, ці не пагаварыць зь ёю, каб яна гэта не рабіла. Але раптам назаўтра ператэлефанаваў: „Ня трэба гэтага рабіць, бо ў яе ёсьць сапраўдны талент, і, можа быць, небасхілы Ізраілю, тая аўра, якая там, дзе пачыналася хрысьціянства, дапаможа ёй і разьвіваць талент, і наагул дапаможа ў жыцьці“. Дзядзька Рыгор ва ўсім клапаціўся пра яе, любіў яе. Вельмі шкада, што так сталася ў іх жыцьці і ў сямʼі. Безумоўна, слава Барадуліна і яго геніяльнасьць як бы перакрываюць усе гэтыя драмы і беды. Помніць будуць тое, што ён зрабіў. Мне, як чалавеку, які іх ведаў і любіў, перажыць гэта вельмі няпроста», — кажа Ўладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў таксама напісаў у фэйсбуку, што Ілона прасіла пахаваць яе ў Вушачах, побач з бацькам.

Тацяна Гаранская: «Яна была геніяльная»

Мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская да апошніх дзён сябравала з Ілонай Барадулінай, амаль штодня яны кантактавалі ў фэйсбуку. Тацяна ўзгадвае Ілону як надзвычай неардынарную асобу. Яна мела асабістую праграму навучаньня, ня маючы клясычнай адукацыі з дыплёмам, прайшла ўсе курсы тэтральна-мастацкага інстытуту паводле індывідуальнай праграмы.

«Ілона — мастак-імправізатар, яна доўга намацвала свой шлях праз жывапіс, праз графіку. Мела шмат выставаў, ёю цікавіліся мастакі-авагандысты Санкт-Пецярбургу.

Яна мысьліла формуламі. Сваё сьветаадчуваньне — прыроды, Беларусі, бацькоў — яна выказвала ў выяўленчых формулах.

Мы зь Віктарам Маркаўцом (беларускі мастак. — РС) у 2011 годзе ў галерэі „Добрыя мысьлі“ зладзілі яе выставу. Гэта была адметная выстава-фаервэрк, дзе сабраліся яе бацькі, сябры, пісьменьнікі. Мы разгарнулі на сьценах аркушы ватману, і яна пад музыку імправізавала, стварала.

Гэтая выстава паказала ўвесь маштаб яе творчасьці. Ілона на хаду, размаўляючы зь людзьмі, слухаючы музыку, пад зададзеную ёю самою тэму імправізавала і стварала выяўленчыя формулы. Гэта імгненьна ўвасаблялася ў мастацкі твор. Яна была геніяльная», — перакананая Тацяна Гаранская.

Адам Глобус: «Яна ўпрыгожвала Менск»

Мастак, літаратар Адам Глобус узгадвае, што ў іх з Ілонай Барадулінай было агульнае юнацтва.

«Ёсьць людзі, якія ўпрыгожваюць горад. Вось ты ідзеш па Менску, бачыш вакол новыя, маладыя, прыгожыя твары, і Ілона была сярод іх. Я яе ведаў менавіта тады, калі яна ўпрыгожвала горад! Гэта была тусоўка гіпі, у яе быў сябрук — хлопец зь вельмі прыемнай мянушкай „Падарунак“. І вось Ілона і Падарунак — вельмі прыгожая пара. Вельмі шкада, што яе ня стала», — кажа Адам Глобус.

Сяргей Шапран: «Ілона дужа хацела вярнуцца дамоў, нават прагнула таго вяртаньня»

Літаратар, біёграф Рыгора Барадуліна Сяргей Шапран узгадвае, што калі нарадзілася Ілона, Рыгор Барадулін ня мог паверыць, што нарадзілася дачка, бо чакалі сына, нават імя падабралі — Яраслаў...

«Значна пазьней Барадулін напіша, прысьвяціўшы радкі Ілоне:

Ганіце сум з ілбоў,
Дарэмна не тужыце,
Пакуль жыве любоў,
Як перапёлка ў жыце...

...Дужа гэта ўсё складана — чужыя жыцьці, чужыя пуцявіны лёсаў... Прыгадваю, як аднойчы стаў міжвольным сьведкам тэлефоннай размовы Барадуліна з дачкой (вярнуўшыся на нядоўгі час зь Пецярбургу ў Менск, Ілона зьехала потым з мужам у Ізраіль, адкуль ніколі ўжо не вярталася) — дзядзька Рыгор казаў тады на разьвітаньне: «Дзякуй, залатая, дзякуй, залатая, залатая, залатая... Я люблю цябе».

Сяргей Шапран кажа, што «Ілона дужа хацела вярнуцца дамоў, нават прагнула таго вяртаньня, так і пісала мне ў лістах. Прагнула, але — не вярнулася, ня здолела вярнуцца...»

Ілона Барадуліна скончыла ў Менску мастацкую гімназію, вучылася на філялягічным факультэце БДУ. Мастачка доўга жыла ў Санкт-Пецярбургу, яе апошнія гады прайшлі ў Ізраілі.

Выставы твораў Ілоны Барадулінай праходзілі ў Беларусі, Расеі, Аўстрыі.

У Ілоны Барадулінай засталіся маці Валянціна Міхайлаўна Барадуліна, дачка Дамініка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG