Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Пятро Васючэнка. «Мы страцілі ўнівэрсальнага салдата нашай культуры»


Пятро Васючэнка на прэзэнтацыі кнігі «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» ў 2018 годзе
Пятро Васючэнка на прэзэнтацыі кнігі «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» ў 2018 годзе

25 жніўня ў Менску памёр Пятро Васючэнка — беларускі літаратуразнаўца, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік і аўтар фэнтэзі. Ён працаваў загадчыкам катэдры беларускай мовы і літаратуры Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Яму было 60 гадоў. Свабода запісала ўспаміны ягоных вучняў, калег і сяброў.

«Мы страцілі ўнівэрсальнага салдата нашай культуры»

Ганна Кісьліцына, крытык, літаратуразнаўца, доктар філялягічных навук.

«Мне вельмі лёгка казаць пра сяброўства зь Пятром Васючэнкам і лёгка адказаць на пытаньне, колькі гадоў я яго ведаю. Мы зь ім пазнаёміліся, як і ўсе „Тутэйшыя“, больш за 30 гадоў таму, і наша знаёмства супадае з гісторыяй літаратурнага аб’яднаньня „Тутэйшыя“.

Пятро Васільевіч, як і ўсе чальцы гэтага аб’яднаньня, быў тым чалавекам Адраджэньня, які наноў ствараў літаратуру. Як усе людзі Адраджэньня, ён быў майстрам на ўсе рукі. Таму што калі ты адраджаеш літаратуру, то табе трэба ўмець і вершы пісаць, і прозу, і літаратурную крытыку, і драматургію.

Пятро Васючэнка, фота з сайту Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту
Пятро Васючэнка, фота з сайту Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту

Гэта было ня проста пакаленьне, якое прыйшло рабіць свабоду, але гэта было пакаленьне, якое прыйшло рабіць якасную літаратуру. І тут трэба было настолькі рабіць усё наноў, што патрабавалася кожная рука, кожны голас. А голас у Пятра Васільевіча быў ціхі, спакойны, і здавалася, што якраз ён не знаходзіцца сярод першых асоб „Тутэйшых“, бо занадта ён сьціплы, ціхі, сарамлівы. Але аказалася, што гэта быў чалавек, які бег на доўгую дыстанцыю, і ён вельмі рана пачаў пісаць і ніколі не спыняўся.

І калі ён у юнацтве пісаў прозу, вершы, драматургію, то ў апошнія гады ён з задавальненьнем чытаў лекцыі, вёў перадачы на радыё, выкладаў адразу ў некалькіх ВНУ і нават расказваў пра беларускую культуру жонкам дыпляматаў. Карацей, мы страцілі ня толькі добрага сябра, якога ведалі з часоў маладосьці, але і ўнівэрсальнага салдата нашай культуры».

«Ён хацеў сьвежага паветра ў літаратурнае жыцьцё»

Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Я ведаў Пятра з асьпіранцкіх часоў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук, зь сярэдзіны 80-х. У яго быў абсалютна бездакорны літаратурны густ. Такіх людзей можна на пальцах пералічыць.

Пятро Васючэнка на зьезьдзе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, 2017 год
Пятро Васючэнка на зьезьдзе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, 2017 год

Ён быў з пакаленьня новых „Тутэйшых“, хоць фармальна ў „Тутэйшыя“ не ўваходзіў. Ён бачыў хібы сацыялістычнага рэалізму, у які была пастаўлена, як у стойла, беларуская літаратура ў 70–80-я гады. Ён сябе бачыў, магчыма, не як рэвалюцыянэра ці наватара, але як чалавека, які відавочна хацеў бы сьвежага паветра ў тагачаснае літаратурнае жыцьцё Беларусі.

Ён пасьлядоўна гаварыў па-беларуску, быў сьведамым хлопцам. Але так склалася жыцьцё, што займаўся клясычным літаратуразнаўствам і выкладаў. Гэта залічваецца яму ў наробак. Але я яго бачу найперш як жывога літаратурнага крытыка, як празаіка. Ён ня стаў разьвівацца ў гэтым кірунку, і вельмі шкада. Я памятаю яго першыя апавяданьні, якія былі вельмі клясныя, нестандартныя, дзе закраналіся тэмы, якія на той час былі паўзабароненыя, гэта і тэмы студэнцкага, асьпіранцкага жыцьця.

На жаль, ён пачаў разьвівацца як літаратуразнаўца, і потым гэтыя афіцыйныя пасады стрымлівалі яго як літаратара. Тым ня менш безь Пятра наша літаратурнае жыцьцё абяднее, таму што яго выключны густ і далікатнасьць у літаратуры, у асьвятленьні літаратурнага працэсу былі вельмі важныя. І гэтая школа сапраўднага прафэсійнага літаратуразнаўства амаль скончылася, яна адыходзіць».

«Ён застанецца для мяне галоўным настаўнікам»

Наста Грышчук, крытык.

«Пятра Васючэнку я ведала з 2009 году, ён быў у мяне выкладчыкам і застанецца для мяне галоўным настаўнікам. Гэта быў найразумнейшы чалавек, якому хапала такту гэта не паказваць.

У размовах пра літаратуру, тым больш асабістых, ён ніколі ні пра кога не казаў у нэгатыўным ключы. Хутчэй ён мог сказаць шмат добрага. У 2009 годзе, калі паступіла на журфак, я была вельмі рада, што курс старажытнай літаратуры чытаў менавіта Пятро Васючэнка, якога я чытала ў „Маладосьці“. Мне рэальна вельмі моцна пашчасьціла, што мы пазнаёміліся. Ён быў настаўнікам, які не павучаў, быў вельмі мудры.

Пятро Васючэнка на прэзэнтацыі свайго паэтычнага бэстыярыю «Піраміда Лінэя», 2008 год
Пятро Васючэнка на прэзэнтацыі свайго паэтычнага бэстыярыю «Піраміда Лінэя», 2008 год

Я пасьля лекцыі прынесла Пятру Васільевічу нейкія свае вершыкі, ён падняў вочы і сказаў, што трэба заўсёды казаць праўду. Памаўчаў і потым паўтарыўся, што паперы хлусіць нельга. Для мяне ён заўжды быў на маім маленькім пʼедэстале.

Ён ня быў сур’ёзны ці замкнёны, як магло здавацца, ён быў вельмі вялікі жартаўнік.

Яго „Дванаццаць подзьвігаў Геракла“ — проста выдатны твор, дзе ён захаваў усе гэтыя міты, але надаў ім такі беларускі калярыт. Проста чытаеш і сьмяесься да сьлёз.

Тое ж самае з „Прыгодамі паноў Кубліцкага і Заблоцкага“. Апошняя кніга з гэтай сэрыі была ў мінулым годзе. Гэта ўзор дзіцячай літаратуры, якую хацелася б бачыць цяпер. У гэтых кнігах ён піша пра сучасныя рэчы, ён не архаічны, не адарваны ад рэчаіснасьці. І ў той жа час усе гэтыя рэчы — аб клопаце пра жывое, пра стасункі зь людзьмі, пра павагу да людзей. Гэта застаецца ў памяці. Ён умее закладаць гэтую правільную мадэль паводзінаў, якую хацелася б прышчапляць дзецям.

У яго гэта атрымліваецца, ён быў майстрам гэтага — навучыць не павучаючы, пацяшаючы. Гэта дзіцячая кніга — і разам з тым архетып беларускасьці, гэта новыя Несьцеркі — паны Кубліцкі і Заблоцкі».

«Я не магу казаць пра яго ў мінулым часе»

Сяргей Будкін, заснавальнік і кіраўнік TuzinFM.

«Гэта скрушная навіна. Спадара Пятра я ведаў з пачатку 2000-х, калі ён выкладаў у нас спэцкурс на журфаку БДУ і адкрыў для мяне шмат якія імёны і творы. Ён выкладаў арыгінальным чынам і натуральным чынам завабліваў, там не было ніякай абавязалаўкі.

Ён паказаў такія творы, якія ў прынцыпе цяжка было на тыя часы знайсьці, нават з улікам таго, што быў ужо інтэрнэт. Ён адкрыў для мяне паэта Анатоля Сыса. Потым, пры натхненьні Пятра Васючэнкі, мы зладзілі канцэрт памяці Сыса, сабралі сродкі на помнік Анатолю. Я таксама вучыўся ў „Беларускім калегіюме“, дзе Пятро Васючэнка выкладаў зусім інакш. То бок ён мог быць іншым на розных лекцыях і мог чалавеку паказаць увесь гэты космас беларускай літаратуры.

Пятро Васючэнка, фота з сайту БДУ
Пятро Васючэнка, фота з сайту БДУ

Ён меў веды проста неверагодныя. І ён сам пісаў, зазначаў, што крытык ня можа быць проста крытыкам, а павінен быць яшчэ і практыкам у літаратуры. Таму ён спрабаваў сябе сам у розных жанрах, дасканала ведаў усе правілы і гэтым карыстаўся.

Я ня ведаю, адкуль ён браў натхненьне, бо чытаючы яго творы, проста дзіву даесься, і такое ўражаньне, што пісалі гэта розныя людзі. Напрыклад, яго кніга казак „Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага“ зачытаная да дзірак у нашай сям’і. Але ў яго ёсьць і абсалютна іншыя творы па настроі.

Спадар Пятро для мяне чалавек, які адкрываў беларускую літаратуру за мяжой. У яго выходзіла кніга ў маскоўскім выдавецтве пра найвялікшых пісьменьнікаў 20-га стагодзьдзя, у якую ён дадаў і беларускіх творцаў.

Сказаць ёсьць шмат чаго. Але навіна настолькі нечаканая, і гэты чалавек у маім уяўленьні настолькі жывы, што я не магу казаць пра яго ў мінулым часе».

«Утопія Беларусь». Пятро Васючэнка ў праграме «Беларуская Атлянтыда»

Пятро Васючэнка. Як беларусы ў больніцы ляжаць

«Авідый на Палесьсі». Пятро Васючэнка ў праграме «Беларуская Атлянтыда» «Беларускі фатум». Пятро Васючэнка ў праграме «Беларуская Атлянтыда»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG