Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авідый на Палесьсі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: пісьменьнік, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка

(Ракіцкі: ) "Мінуўшчына кожнага народу праслухоўваецца, як спрэчка гісторыі ды міталёгіі. Гісторыя – матка суворая, патрабавальная і негаваркая. Яна давярае тэкстам і рэчам, бо іх можна прачытаць, або нават памацаць. Як быццам рукапісы ніколі ня лгуць. Міталёгія ж даводзіць сваю праўду на падставе чутак, пагалосак, паданьняў, перададзеных з вуснаў у вусны. Праўда або мана, данесеныя празь міт або паданьне ўражваюць сваёй сьмеласьцю, вобразнасьцю і нават сэнсацыйнасьцю. Гісторыя кажа: "гэтага ня можа быць, бо гэтага ня можа быць ніколі". А міталёгія са сьмехам пярэчыць: "можа быць усё". Нават такое: Публій Авідый Назон, рымскі паэт часоў імпэратара Аўгуста, што жыў на сумежжы старое і новае эры, на схіле гадоў трапіў у апалу і адбываў высылку ў Беларусі – у глушы Палесься між пінскіх балотаў. Дык хто ж упершыню абвесьціў пра палескую высылку Авідыя – гісторыя, або міталёгія?"

(Васючэнка: ) "Перадусім, міталёгія. Запісаныя паданьні пра тое, што Авідый сапраўды дажываў апошнія гады свайго жыцьця ў мястэчку Кажан-гарадок, што сёньня ў Лунінецкім раёне. ...Нібыта ён жыў у пячоры на ўзвышшы, якое называлася Майдан, і было абкружанае з усіх бакоў кустамі й трысьнягом, дзе быў і пахаваны (паводле іншых зьветкаў, паэт жыў каля Давыд-гарадку)".

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем – пісьменьнік і літаратуразнаўца Пятро Васючэнка. Спадар Васючэнка, вы згадалі народныя паданьні пра Авідыя на Палесьсі. А што кажуць на гэты конт біёграфы Авідыя?"

(Васючэнка: ) "Біёграфы і гісторыкі літаратуры кажуць, што Авідый – знакаміты рымскі паэт, улюбёнец імпэратара Аўгуста, чалавек, які жыў сапраўды на мяжы дзьвюх эраў (нарадзіўся ў 43 годзе д. н. Х., памёр у 17 годзе н. Х.) у маладосьці, мяркуючы па ягоных вершах, палюбоўных элегіях, быў добрым валацугам. Сьпелы ягоны твор – славутыя "Мэтамарфозы" складаюцца з 12 тысячаў вершаў, у якіх апрацавана 246 мітаў, кшталту пераўтварэньня людзей у жывёлаў, у расьліны, у прадметы. І неўзабаве пасьля напісаньня гэтага твору (у 8 годзе н. Х.) Авідый нечакана трапляе ў апалу. Імпэратар Аўгуст высылае яго ў Томы (сёньня гэта румынская Канстанца), дзе Авідый і дажываў апошнія гады ў страшэннай скрусе, тужыў па пакінутым Рыме, пакінутых каханках, па жонцы, па дзецях і ўнуках (ён да таго часу быў чалавекам сталага веку). Ёсьць розныя вэрсіі адносна прычынаў высылкі: паводле адной зь іх, ён быў замяшаны ў прыдворнай інтрызе, паводле другой, пісаў непрыстойныя вершаў, трэцьцяя вэрсія – каханьне да ўнучкі імпэратара Аўгуста Юліі, якая, дарэчы, таксама была неўзабаве высланая за распусту.

Ёсьць яшчэ цікавыя зьвесткі, якія сьведчаць, што Авідый за апошнія гады свайго жыцьця вывучыў гецкую мову, бо вакол былі адныя барбары, і нават напісаў вершы на гецкай мове".

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, Канстанца досыць далёка ад Кажан-гарадку. Якім жа чынам адбылося міталягізаванае перамяшчэньне месца высылкі паэта?"

(Васючэнка: ) "Ужо пазьней пісьменьнікі, храністы, летапісцы, міталягізуючы вобраз Авідыя, пераносілі яго спачатку ў сармацкія стэпы, бліжэй да Беларусі (гэта ў свой час зрабіў храніст XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі, які цьвердзіў, што Авідый вывучаў сармацкую мову і пісаў вершы на ёй жа), а ў ХІХ ст. пачалі цьвердзіць пра тое, што Авідый вывучаў ужо беларускую мову і жыў на Палесьсі. Адным зь першых гэта зрабіў ужо вядомы нам фальклярыст і містыфікатар Павал Шпілеўскі (Драўлянскі), які ў сваім творы-дасьледаваньні пра ваўкалакаў цьвердзіў, што паводле мясцовых паданьняў Авідый сапраўды жыў у пінскіх балотах недзе ля Кажан-гарадку альбо Давыд-гарадку".

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, як жа ўзьнікла такая вэрсія, што ягоныя "Мэтамарфозы" ("Пераўтварэньні") напісаныя паводле беларускай міталёгіі?"

(Васючэнка: ) "Драўлянскі пайшоў далёка: ён сцьвярджаў, што Авідый вывучыў паляшуцкую гаворку, паколькі быў у блізкіх зносінах зь мясцовым людам, слухаў і запісваў паданьні й натхнёны імі склаў свае "Мэтамарфозы".

(Ракіцкі: ) "А мо й сапраўды можна прасачыць такія сюжэты ў "Мэтамарфозах"?"

(Васючэнка: ) "Пра гэта трэба запытацца ў Драўлянскага, які згадваў пра тое, што яшчэ Герадот, апісваючы нэўраў (палешукоў), цьвердзіў, што нэўры могуць ператварацца ў ваўкоў – ваўкалакаў. Нагадаем, што адзін з полацкіх князёў Усяслаў Чарадзей, паводле паданьняў, таксама валодаў гэтай здольнасьцю. Драўлянскі лічыць, што Авідый так натхніўся гэтымі паданьнямі, што зрабіў Лекаона, – аднаго зь зямных сьмяротных цароў – які вырашыў праверыць празорлівасьць самога Юпітэра, накарміўшы яго чалавечым мясам. За гэта Бог ператварыў Лекаона ў ваўка. Апісаньне вельмі натуралістычнае: цела паступова пакрывае поўсьць, вырастаюць іклы і г. д. Я, перачытаўшы "Мэтамарфозы", знайшоў яшчэ шмат эпізодаў, сугучных зь беларускай міталёгіяй. Гэта апісаньне скітаў, апісаньне дуды, апісаньне народу, які нарадзіўся з грыбнога дажджу, ператварэньне чалавека ў жабаў, тварэньне сьвету пасьля Ўсясьветнай паводкі зь вільгаці, нарэшце, – ператварэньне людзей у расьліны. Як тут не згадаць беларускае паданьне пра расьліну браткі, у якую ператварыліся калісьці закаханыя брат і сястра.”

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, я думаю, што ня толькі Вы адшукалі ў "Мэтамарфозах" Авідыя аналёгіі зь беларускім фальклёрам. Зрэшты, у падарожжа Авідыя на Палесьсе паверыў і Ўладзіслаў Сыракомля. Ён нават напісаў на гэтую тэму верш, і зараз я прапаную паслухаць зь яго невялікія ўрыўкі:

Маркотны і хворы,
Каля Пінска зьбірае паэт мухаморы,
Ловіць ракаў прыдворны і юшку гатуе,
Ды з сармацкага лука па качках пудлуе.
А штопошты – сябрам дакучае і ные:
“Як мне сумна без Рыма, там людзі якія!
Хай даруе мне Цэзар, дадому вяртае,
Бо палеская тут камарня заядае”.
А сябры як сябры: аднальковыя ўсюды –
Прысягнуць не забыць і адразу ж забудуць.
Юлька – сэрца падбітае ветрам у дзеўцы –
Строіць вочкі, за ёю ўпадаюць гвардзейцы.
А паэт ва ўладаньнях князёў Радзівілаў
У Давыд-Гарадку адышоў у магілу,
І завецца гара яго імем дагэтуль

Вельмі ж горкая доля ў чульлівых паэтаў!


Дык вось, Авідый зьбірае мухаморы і палюе на качак... . Дзеля чаго Сыракомля так зьнізіў вобраз рымскага паэта?"

(Васючэнка: ) "Па гэтых фрагмэнтах можна меркаваць аб тым, што Сыракомля прытрымліваўся вэрсіі высылкі Авідыя на Палесьсе менавіта за каханьне да імпэратарскай унучкі. Але была й жыцьцёвая паралель, якая прымусіла Сыракомлю напісаць гэты твор: ён параўноўвае лёс рымскага выгнаньніка з уласным (у 1861 годзе Сыракомля за падрыхтоўку бунту быў высланы ў вёску Барэйкаўшчына, дзе таксама блукаў, як і паэт-выгнаньнік, аналягічна зьбіраючы мухаморы і палюючы на качак, дзе і напісаў гэты верш). Апроч таго, мяркую, што ў Сыракомлі меліся прычыны стратэгічныя, каб перамясьціць Авідыя на Палесьсе. Яны тычыліся міталягізацыі беларускай гісторыі. І тут мы знаходзім шмат аналёгіяў зь гісторыяй іншых народаў. Чамусьці многім містыфікатарам вельмі хацелася, каб іх народы паходзілі ад народаў чужых, больш старажытных. Расейцы вельмі любілі выводзіць радаводы сваіх цароў ад варагаў (дынастыя Рурыкавічаў). Рымляне выводзілі свае радаводы ад траянцаў, а ліцьвіны – ад рымлянаў (узгадаем "Падарожжа Палямона". У часы Радзівілаў была вельмі моднай гэтак званая сармацкая тэорыя пахожаньня польскай шляхты – сарматызам.”

(Ракіцкі: ) "Чаму вось так, на Ваш погляд, спадар Васючэнка, ня толькі беларусы, а і іншыя нацыі спрабуюць падвысіць уласную гісторыю коштам чужых дзеячоў? Няўжо не ставала сваіх?"

(Васючэнка: ) "Натуральна выглядае жаданьне падключыць да ўласнай гісторыі чужую, больш старажытную і багатую на падзеі. Гэта сындром маладых нацыяў. Апроч таго, падключалася гісторыя нацыяў-пераможцаў: сарматы ў свой час перамаглі скіфаў, таму Радзівілам было вельмі выгодна далучыцца да нацыі пераможцаў. Мяркую, што ў сёньняшні час, калі беларусы навучацца перамагаць (прыкладам, у культурных войнах альбо спорце), настане такі момант, калі іншыя народы стануць падключаць нашу гісторыю да сваёй, будуць ганарыцца тым, што нарадзіліся ў Беларусі, альбо імкнуцца быць выгнаньнікамі ў нашых краях. Ужо сёньня некаторыя інтэлектуалы зь іншых краінаў (прыкладам, з Расеі) ганарацца тым, што іх радаводы паходзяць зь Беларусі".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, мне здаецца, нават ў практычных мэтах людзі, цэлыя супольнасьці людзей, цэлыя нацыі спрабуюць выкарыстаць нейкую легенду дзеля падвышэньня ўласнай каштоўнасьці. Магчыма, нават дзеля таго, каб ідэнтыфікаваць сябе як нацыю ў нейкіх міталягічных парамэтрах. Дык вось, з гэтага гледзішча: ці быў Авідый на Палесьсі? У што мы павінны верыць: у гістарычны факт альбо міталёгію?"

(Васючэнка: ) "Міталёгія – гэта таксама факт. І ў адвечным змаганьні гісторыі й міталёгіі часам перамагае міталёгія. Так было з адкрыцьцём Троі, месца знаходжаньня якой вызначалася менавіта паводле міталёгіі. Мяркую, што адзін зь недахопаў нашых гісторыкаў – недаацэнка імі міталёгіі. Калі знойдзецца гісторык, які як сьлед паверыць у тое, што Авідый быў на Палесьсі, доказы яго быцьця тут знойдуцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG