Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ выпусьціў токены, праводзіць ICO, чакае 3 млн даляраў. Што гэта значыць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Менскі аўтамабільны завод 25 лістапада пачаў правядзеньне ICO (першаснае разьмяшчэньне токенаў — лічбавага аналягу акцыяў) на інвэстыцыйнай інтэрнэт-плятформе Finstore.by — даччынай кампаніі банку БелВЭБ.

Колькі грошай хочуць?

Токены ААТ «МАЗ» (кіроўная кампанія холдынгу «БелаўтаМАЗ») намінаваныя ў далярах ЗША, іх можа набыць усякая фізычная асоба (рэзыдэнт Рэспублікі Беларусі). Цана аднаго токена — 100 даляраў, у яго фіксаваная гадавая стаўка даходнасьці (5,5% гадавых) і тэрмін дзеяньня (3 гады). Усяго на плятформе Finstore.by разьмясьцілі токенаў на 3 мільёны даляраў ЗША. Іх можна набыць да 30 лістапада 2020 году.

Гэта як запуск крыптавалюты?

Даход будзе выплачвацца раз у тры месяцы. Гэта адрозьнівае схему МАЗу ад запуску простай крыптавалюты (а ў крыптавалютах таксама выкарыстоўваюцца токены): калі курс крыптавалютаў безупынна скача, а іх уладальнік можа амаль непрадказальна здабыць ці страціць грошы, то тут даход гарантаваны кампаніяй.

Самі токены не прызначаныя наўпрост для перапродажу або выкарыстаньня замест грошай, хаця і прадаваць іх іншым людзям не забаронена. Адрозна ад акцыяў (100% якіх у МАЗ мае дзяржава) токены не даюць права голасу на сходах акцыянэраў або іншага права ўплываць на прадпрыемства.

Навошта гэта МАЗу?

МАЗ разглядае ICO яе «новую форму прыцягненьня інвэстыцыяў» і магчымасьць залучаць сродкі для «мадэрнізацыі існых вытворчых магутнасьцяў, а таксама інавацыйных праектаў». Таксама гэта называюць «краўдфандынгавым праектам».

Прадпрыемства нясе чыстыя страты ад 2014 году. За 2018 год страты склалі 80,4 млн рублёў, што ўдвая больш за страты годам раней. Прыбытак ад пабежнай дзейнасьці за 2018 год — 6,2 млн рублёў супраць 33,3 млн за 2017-ты. Запазычанасьць скарацілася толькі на 5% (было 329,8 млн рублёў кароткатэрміновай і 45,8 млн доўгатэрміновай).

Ці МАЗ у Беларусі першы з ICO?

У Беларусі апэрацыі з токенамі вызваленыя ад падаткаабкладаньня да 2023 году. Прапанова разьлічаная на крыптаінвэстараў. Кампанія кожнай формы ўласнасьці можа выпусьціць уласныя токены і гандляваць імі на біржы.

На адной плятформе з МАЗ ужо прадаюцца токены абутковай кампаніі Belwest і сантэхнічнай кампаніі «Чысты бераг». Першае ў Беларусі ICO праводзіла ў 2017 годзе кампанія — вытворца кавы Sorso, але праект фактычна праваліўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG