Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна біткойнамі плаціць за тавары і паслугі ў Беларусі


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які набыў сілу 28 сакавіка, легалізаваў у Беларусі здабываньне і абарачэньне крыптавалютаў. Аднак многія практычныя моманты застаюцца нявысьветленыя. Напрыклад, ці могуць беларусы легальна купіць за біткойны тавары і паслугі ў Беларусі? Напрыклад, піцу, кватэру ці машыну? Ці могуць беларускія прадпрыемствы рэалізаваць сваю прадукцыю за крыптавалюту?​

Адказ на гэтае пытаньне карэспандэнт Свабоды шукаў у Нацбанку, Міністэрстве фінансаў і Парку высокіх тэхналёгій.

«Купіць нешта за токены ў Беларусі немагчыма»

Прэс-сакратар Міністэрства фінансаў Ірына Комар сказала, што пытаньне адносна таго, што можна купіць за крыптавалюту, не ўваходзіць у кампэтэнцыю Міністэрства фінансаў.

У ПВТ Свабодзе патлумачылі, што дэкрэт не дае магчымасьці фізычным асобам на тэрыторыі Беларусі, напрыклад, набыць кватэру ці аўтамабіль, разьлічыцца за паслугі крыптавалютай.

«У фізычных асобаў ёсьць выразны функцыянал, што яны могуць рабіць. Ён абазначаны ў 2-м пункце дэкрэту, вычарпальна сфармуляваны. То бок яны могуць мяняць токены на іншыя токены, на грошы, на валюту. Але не на тавары, работы, паслугі, там такога не напісана», — сказаў намесьнік дырэктара ПВТ па прававых пытаньнях Іван Жызьнеўскі.

Паводле прэсавага сакратара Нацыянальнага банку Аляксандра Цімашэнкі, крыптавалюта не зьяўляецца сродкам разьліку.

«У нас у краіне адзін афіцыйны сродак разьліку — беларускі рубель. У дэкрэце ўсё прапісана, што можна рабіць з токенамі і праз каго», — сказаў ён.

Біткойн. Блокчэйн. Крыптавалюты. Тлумачым на пальцах.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00

Чаму «БелАЗы» не прадалі за крыптавалюту?

У пэрыяд з 11 па 30 студзеня ААТ «БелАЗ» разглядала прапановы аб рэалізацыі сваёй прадукцыі за крыптавалюту.

Як сказалі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе прадпрыемства, за гэты час паступілі тры звароты, якія былі ўважліва разгледжаныя кіраўніцтвам прадпрыемства, а таксама прааналізаваныя яго аналітычнай, фінансавай і эканамічнай службамі.

«У тых, хто зьвярнуўся, на жаль, аказалася недастаткова актываў для працягу дыялёгу. Цяпер працягваецца вывучэньне рынку крыптавалютаў, і ў далейшым прадпрыемства будзе кіравацца рашэньнямі, прынятымі адпаведнымі органамі дзяржаўнага кіраваньня», — сказалі Свабодзе на «БелАЗе».

Прадпрыемствы ня могуць рэалізаваць прадукцыю за крыптавалюту

Аднак, паводле прадстаўніка ПВТ Івана Жызьнеўскага, беларускія прадпрыемствы ня могуць абмяняць ці прадаць сваю прадукцыю за крыптавалюты.

«Цяпер у дэкрэце няма такіх нормаў, якія б дазвалялі гэта рабіць», — сказаў Іван Жызьнеўскі. Ён выказаў зьдзіўленьне намерам «БелАЗу» прадаць сваю прадукцыю за біткойны.

— Трэба зь імі паразмаўляць, што яны маюць на ўвазе. Бо пакуль я ня бачу такія зьдзелкі ў прававым полі.

— Але некаторыя адмыслоўцы выказваюць меркаваньне, што рэалізаваць сваю прадукцыю прадпрыемства зможа праз ІСО.

— Калі мы вызначымся канчаткова, тады будзе больш зразумела, бо пакуль мы выпрацоўваем крытэры для ІСО. Гэта спэцыфічная працэдура, якая прадугледжвае выпуск токенаў, прыцягненьне наўзамен таксама токенаў альбо іншых актываў. Над мэханікай такога працэсу мы цяпер працуем.

— То бок атрымліваецца такое абмежаванае выкарыстаньне крыптавалютаў у Беларусі?

— Пакуль так. Мы рухаемся крок за крокам. Там паглядзім у любым выпадку, як гэта будзе працаваць.

Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

«Пытаньне ня ў тым, што чалавек ня можа купіць»

Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб у інтэрвію Свабодзе сказаў: зыходзячы з наяўнай сёньня інфармацыі пра ІТ-дэкрэт, за крыптавалюту нельга набываць тавары і паслугі.

«Той, хто прадае ў Беларусі тавары і паслугі, можа гэта рабіць толькі за беларускія рублі. Калі чалавек намайніў (здабыў. — РС) сабе крыптавалюту і нешта купляе за мяжой, гэта ніяк не рэгулюецца нашым заканадаўствам. Унутры ж краіны пытаньне ня ў тым, што чалавек ня можа купіць. Любы, хто прадае ў Беларусі тавары і паслугі, можа гэта рабіць толькі за беларускія рублі. А за крыптавалюту ня мае права. Так цьвердзіць закон», — сказаў аналітык.

Што дазваляе дэкрэт?

Юрыдычныя асобы маюць права:

  • валодаць токенамі;
  • праз рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій ствараць і разьмяшчаць уласныя токены ў Беларусі і за мяжой;
  • захоўваць токены ў віртуальных кашальках;
  • праз апэратараў крыптаплятформаў, апэратараў абмену крыптавалютаў, іншых рэзыдэнтаў ПВТ, якія ажыцьцяўляюць адпаведны від дзейнасьці, набываць, адчужаць токены, рабіць з імі іншыя зьдзелкі (апэрацыі).

Фізычныя асобы маюць права валодаць токенамі і рабіць наступныя апэрацыі:

  • майнінг;
  • захоўваньне токенаў у віртуальных кашальках;
  • абмен токенаў на іншыя токены;
  • іх набываньне;
  • адчужэньне за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы;
  • могуць дарыць і завяшчаць токены.


«Поле, падобнае да міннага». 6 галоўных пытаньняў да легалізацыі крыптавалютаў у ІТ-дэкрэце

ІТ-дэкрэт набыў сілу: «Ёсьць вялікі попыт з боку расейскіх інвэстараў, але і пытаньняў багата»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG