Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцізоркавы гатэль, казіно, заводы… Хто ў Беларусі затрымліваў заробкі


Найбольш арганізацыяў, якія затрымлівалі заробкі ў жніўні, выявілі ў Менску (65) і Віцебскай вобласьці (56), найменш — у Берасьцейскай (11) і Горадзенскай (18) абласьцях, сьведчыць афіцыйная статыстыка дэпартамэнту дзяржінспэкцыі працы Мінпрацы.

У жніўні знайшлі парушэньні тэрмінаў выплаты заробкаў на 222 прадпрыемствах: на 65 прадпрыемствах — у Менску, 56 — у Віцебскай вобласьці, 27 — у Менскай, 23 — у Гомельскай, 22 — у Магілёўскай, 18 — у Горадзенскай, 11 — у Берасьцейскай.

Сярод арганізацыяў, якія са спазьненьнем выплочвалі заробкі, апынуліся сярод іншых «Брэстсельмаш», берасьцейскі завод камунальнай тэхнікі, хакейны клюб «Гомель», «ЭкаПрадБум», Слонімскі цэнтар банкруцтва і антыкрызіснага кіраваньня, будаўнічае ўпраўленьне № 187 у Слоніме, Наваградзкая фабрыка спэцадзеньня, Горадзенскі алейнатлушчавы камбінат, футбольны клюб «Дынама-Менск», ЖКП «Менскпрамбуд», менскае ТАА «Рыбгандаль», завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» Барысаўскі крыштальны завод імя Ф.Э. Дзяржынскага, пяцізоркавы гатэль Crowne Plaza Minsk (гатэльнае прадпрыемства «Менск Прынцэс гатэль»), а таксама казіно «Дайманд Прынцэс», разьмешчанае ў гэтым гатэлі, ды іншыя.

Парушэньні ў выплаце грошай пры звальненьні ў жніўні знайшлі ў такіх прадпрыемстваў як «Александрыя-агра», «Баранавічыгазбуд», «Віцебскхлебпрам», Жлобінская птушкафабрыка, Петрыкаўская цэнтральная раённая лякарня, перасоўная мэханізаваная калёна № 5 Гомельскага аб’яднанага будаўнічага трэсту, Барысаўскі кансэрвавы завод, Лагойскі лясгас і іншых.

Пры гэтым у 13 арганізацый знайшлі ў жніўні парушэньні ў выплаце заробкаў, ніжэйшых за мінімальны: у Менскай (5), у Віцебскай (3), у Магілёўскай і Гомельскай — па 2, у Горадзенскай — адна.

Агулам за студзень–жнівень 2019 году выяўлена 1 886 фактаў парушэньня наймальнікамі тэрмінаў выплаты заробкаў, а таксама грошай, належных пры звальненьні і за час працоўнага адпачынку. Да адказнасьці прыцягнулі 1 510 наймальнікаў і 1 424 службовыя асобы, іх аштрафавалі агулам на 538,6 тысячы рублёў.

Як адзначае Tut.by, колькасьць арганізацыяў, дзе ўзьнікаюць праблемы з выплатай заробкаў, апошнія паўгода штомесяц расьце: у ліпені праблемы са своечасовымі выплатамі заробкаў мелі 214 арганізацый, у чэрвені — 196, у траўні — 154, у красавіку — 163, а ў сакавіку — 285.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG