Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў даць прадпрыемствам крэдыты на тэхніку МАЗ і МТЗ, купленую тры гады таму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі (PDF), абласныя бюджэты Беларусі маюць атрымаць крэдыты зь дзяржаўнага бюджэту на падтрымку прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу ў сплаце запазычанасьці за тэхніку, пастаўленую ў 2015 годзе з заводаў МАЗ і МТЗ.

Чаму прадпрыемствы ў кожнай з абласьцей Беларусі самі не расплаціліся за тэхніку, пастаўленую тры гады таму зь дзяржаўных прадпрыемстваў, не ўдакладняецца. У сьпісе тых, каму трэба дапамагаць з выплатамі, тры сотні прадпрыемстваў — найбольш у Менскай (94) і Віцебская (87) абласьцях.

Агульная сума крэдытаў складае амаль 60 млн рублёў (каля 30 млн даляраў), зь іх найбольш атрымаюць Віцебская (21,6 млн рублёў), Менская (18,8 млн) і Магілёўская (11,3 млн) вобласьці, астатнім дадуць 2–3 мільёны.

Крэдыты даюцца да канца 2020 году пад 1% гадавых, плаціць па крэдытах трэба будзе штоквартальна ад 2020 году, сплочваць адсоткі па крэдытах — штоквартальна з 2019-га.

Апошнія гады ўнутраная дзяржаўная запазычанасьць у Беларусі вагаецца ў раёне 9–10 млрд рублёў. Зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць значна большая і адчувальна расьце — на 1 траўня яна склала 16,4 млрд даляраў або па 1728 даляраў на кожнага беларуса. Беларусь у 2019–2025 гадах плянуе накіраваць на абслугоўваньне і пагашэньне зьнешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 мільярдаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG