Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты ЭГУ пачалі пікетаваць офісы донараў унівэрсытэту

абноўлена

Студэнткі ЭГУ пікетуюць Міністэрства замежных спраў Літвы
Студэнткі ЭГУ пікетуюць Міністэрства замежных спраў Літвы

Студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні 25 лістапада пачалі сэрыю пікетаў каля прадстаўніцтваў асноўных донараў сваёй вучэльні. Студэнты патрабуюць, каб донары паўплывалі на сытуацыю ва ўнівэрсытэце.

Што адбылося?

У жніўні студэнты ЭГУ абурыліся новымі правіламі аплаты навучаньня — каб вучыцца бясплатна, трэба мець сярэдні бал 9,61 з 10 і вышэй. Пазьней стала вядома, што ўнівэрсытэт не працягнуў 5-гадовыя кантракты частцы выкладчыкаў, нанятых у 2014 годзе. Навучальны год частка студэнтаў пачала са страйку, іх патрабаваньні на момант публікацыі ня выкананыя.

Чаго цяпер патрабуюць студэнты-пікетоўцы?

Пікетаваць офісы донараў заклікала студэнцкае прадстаўніцтва ЭГУ. Паводле прэзыдэнткі прадстаўніцтва Сабіны Аліевай, пікетоўцы дамагаюцца:

  • Адмены новых фінансавых правілаў для студэнтаў;
  • Вяртаньня вырашальнага голасу студэнцкай і акадэмічнай супольнасьці ва ўсіх органах кіраваньня;
  • Празрыстай кадравай палітыкі ЭГУ;
  • Адкрытых выбараў у Сенат ЭГУ і вяртаньня яму паўнамоцтваў.

Студэнцкае прадстаўніцтва даслала лісты донарам унівэрсытэту, «бо яны сапраўды могуць паўплываць на цяперашнюю сытуацыю ва ўнівэрсытэце», сказала Аліева. Студэнты, якім блізкая пазыцыя студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, плянуюць цягам тыдня правесьці сэрыю пікетаў каля офісаў донараў:

  • каля будынкаў прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Літве;
  • амбасады Швэцыі;
  • Міністэрства замежных спраў Літвы.

У пікетах 25 лістапада ўзялі ўдзел 4 студэнты: 2 каля МЗС і 2 каля амбасады Швэцыі.

Што кажуць донары ЭГУ?

Паводле Аліевай, людзі, якія выходзілі з МЗС Літвы, не падыходзілі да студэнтаў. З амбасады Швэцыі выйшла прадстаўніца дыпляматычнай місіі, выслухала пазыцыю пікетоўцаў. Прадстаўніца сказала, што памятае пра лісты студэнцкага прадстаўніцтва, яго накіравалі ў Стакгольм.

Будынак Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні
Будынак Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні

Ня ўсе студэнты хочуць пратэставаць

У ЭГУ ёсьць група студэнтаў, якая не падзяляе патрабаваньні студэнцкага прадстаўніцтва, а таксама не разумее сутнасьць пратэсту. Як сказаў Свабодзе чацьвёртакурсьнік Данііл Багдановіч, студпрадстаўніцтва патрабуе ад адміністрацыі вырашэньня пытаньняў, якімі займаецца рада дырэктараў. Апошнія, паводле Багдановіча, гатовыя да дыялёгу.

«З апошняга, студэнцкае прадстаўніцтва патрабуе ўключыць студэнтаў ЭГУ ў раду дырэктараў, каб яны прымалі рашэньні. Ім патлумачылі, што яны ня могуць вырашаць, як будуць даваць грошы вашаму ўнівэру — гэта будзе канфлікт інтарэсаў. Іншае патрабаваньне — вярнуць звольненых выкладчыкаў. Узьнікае пытаньне, чаму звольненых, калі зь імі не працягнулі кантракт. А таксама невядома, як іх вярнуць з пункту гледжаньня права. Наогул, як студэнт-юрыст, я лічу, што рашэньне павінна быць прававым», — сказаў Багдановіч.

Што кажа адміністрацыя ЭГУ?

На мінулым тыдні прэзыдэнтка студэнцкага прадстаўніцтва адмовіла ў сустрэчы і дыялёгу адміністрацыі ўнівэрсытэту, сказаў Свабодзе кіраўнік аддзелу камунікацыі і разьвіцьця ЭГУ Максімас Мілта. Ён дадаў, што ў лістападзе Кіруючая рада ЭГУ поўным складам ужо сустракалася са студэнцкім прадстаўніцтвам.

Раней Мілта казаў, што публікацыі пра зьмены фінансавых правілаў «не адпавядаюць рэчаіснасьці» (пазыцыю ўнівэрсытэту апублікавалі тут).

Заявы пра звальненьне выкладчыкаў таксама «не адпавядаюць рэчаіснасьці», бо ў іх цяпер скончыліся 5-гадовыя кантракты:

«Нарэшце, Стратэгія ЭГУ на 2019–2024 замацоўвае інтэрнацыяналізацыю як адну з асноўных мэтаў, таму і выкладчыцкі склад фармуецца на падставе гэтых крытэраў», — дадаюць у ЭГУ.

Што да кіраваньня ўнівэрсытэтам, адміністрацыя адзначае, што ў Сэнаце цяпер 16% чальцоў — студэнты, і яны карыстаюцца ўсёй паўнатой правоў. Таксама студэнты ўваходзяць як паўнапраўныя чальцы ў камісіі разгляду спрэчак, акадэмічнай этыкі і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG